Валянцін Стэфановіч: Улады гандлююць палітвязнямі, калі ў іх ёсць матывацыя на паляпшэнне стасункаў з Захадам

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавёў сайту palitviazni.info пра тое, ці будуць улады Беларусі весці гандаль палітвязнямі, і чаму сёняшняя сітуацыя адрозніваецца ад папярэдніх прэзідэнцкіх кампаній.

“Крэмль можа зараз навязваць беларускім уладам тое, што яны спрабавалі навязваць і ў мінулым годзе – паглыбленую інтэграцыю і інтэграцыйныя мапы, – кажа праваабаронца. – Можа быць, Лукашэнка захоча мець поле для манеўра, а таму ў гэтых мэтах і вырашыць праз гандаль палітвязнямі палепшыць стасункі з Захадам. Але зараз сітуацыя – у ступары…”

– Улады гандлююць з Захадам палітвязнямі, калі ў іх ёсць матывацыя на паляпшэнне стасункаў, – кажа Валянцін Стэфановіч. – Тады і робяцца пэўныя крокі дзеля гэтага паляпшэння. Гэта мы ўжо бачылі пасля так званых першай і другой лібералізацыі, пасля падзей 2010 году, калі актыўна вялася камунікацыя на гэтую тэму. Пасля вызвалення беларускіх палітвязняў пачалося паляпшэнне стасункаў з Еўрасаюзам і ЗША, гэта прывяло да пачатку мяккіх практык ці другой лібералізацыі.

Але ў сёняшняй сітуацыі вельмі цяжка нешта прадказваць, бо мы бачым, што ўлады вярнуліся да жорсткай антызаходняй рыторыкі. Заяўляецца пра тое, што палітыка шматвектарнасці была няправільная, і зараз у нас толькі адзін вектар і толькі адзін сябра – Расія. А Расія ніколі не ставіла ўмоваў, звязаных з правамі чалавека і дэмакратызацыяй, і ніколі ставіць іх не будзе, бо яны самі такія, як сёняшні беларускі рэжым.

Тэарэтычна можна думаць, што Крэмль можа зараз навязваць беларускім уладам тое, што яны спрабавалі навязваць і ў мінулым годзе – паглыбленую інтэграцыю і інтэграцыйныя мапы. Можа быць, Лукашэнка захоча мець поле для манеўра, а таму ў гэтых мэтах і вырашыць праз гандаль палітвязнямі палепшыць стасункі з Захадам.

Хаця, паўтаруся, пра гэта можна меркаваць толькі тэарэтычна, бо зараз мы бачым, што сітуацыя ўваходзіць у пэўны ступар. Заходнія краіны адна за другой заяўляць аб непрызнанні Лукашэнкі легітымным прэзідэнтам, а гэта значыць, што гэтыя стасункі пагаршаюцца ўсё больш і больш.

– Колькасць палітвязняў у бліжэйшы час будзе расці?

– Натуральна, таму што сёння мы нават не ведалі памеры крымінальнага пераследу падчас выбарчай кампаніі і ў паслявыбарчы час. Зараз гэтую інфармацыю сабралі і атрымліваецца каля 250 чалавек, якія адпавядаюць крытэрам палітычна матываваных спраў.

Увогуле, калі падыходзіць да пытання эскалацыі сітуацыі і выхаду з крызіса, то першым крокам павінна быць шырокая амністыя ўсіх тых, хто быў затрыманы падчас выбарчай і паслявыбарчай кампаніі, пацярпеў за сваю актыўнасць. Толькі тады можна казаць пра магчымасць нейкага ўнутрынацыянальнага дыялога.

Калі людзі сядзяць у турмах, калі мы кожны дзень бачым, што кагосьці затрымліваць, а органы правааховы пачынаюць фантазіраваць сваёй буйнай фантазіяй пра нейкія атручэнні міліцыянераў, “знешніх” каардынатараў пратэстаў і гэдак далей, то проста не можа ісці гаворкі пра паўнавартасны дыялог з грамадствам. А дыялог Лукашэнкі з самім сабой альбо з такімі ж, як ён сам, да згоды ў краіне не прывядзе.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Абозаў
  • Павал Севярынец
  • Юрый Лявонаў
  • Артур Фінькевіч
  • Алесь Чарнышоў