Ніна Багінская: Нават пакалечанымі рукамі шыю бел-чырвона-белыя сцягі…

73-гадовая актывістка Ніна Багінская, якая стала ледзь не сімвалам пратэстаў, распавяла сайту palitviazni.info пра тое, чаму не лічыць сябе “гераіняй”, чаму амаль на месяц патрапіла ў бальніцу і пра сёняшнія пратэстныя акцыі.

“Я – не гераіня, проста маю чалавечую годнасць”, – кажа суразмоўца.

– Сваю папулярнасць, якая абрынулася на мяне апошнім часам, я ўспрымаю досыць спакойна, – кажа Ніна Багінская. – Час такі. Я паўжыцця ўдзельнічаю ў адраджэнні нашай нацыі, а таму не магла заставацца ў баку і пасля так званых выбараў, калі людзям проста плюнулі ў твар.

Але не разумею, чаму з мяне робяць нейкую гераіню? Моладзь – вось яны сёння галоўныя дзеючыя асобы і менавіта за імі будучыня! Я ніколі не бачыла, каб столькі маладых людзей было далучана да супраціву!

Я ўбачыла свабодных людзей, якіх ужо ніякім чынам і ніякія прапагандысты не зменяць. І гэта радуе. Моладзь не хоча жыць пад крымінальнай уладай, яна хоча быць свабоднай. Я таксама ім дапамагаю і падтрымліваю, наколькі гэта ў маіх сілах.

– Сілавікі вас, напэўна, таксама ўжо пазнаюць…

– Магчыма, і так, але, шчыра скажу, у дачыненні да мяне сілу не ўжывалі. 26 жніўня, калі АМАПавец вырываў у мяне бел-чырвона-белы сцяг, я пачала біць па яго берцах нагой, але ён мяне ў адказ не адштурхнуў, хаця сцяг усё-такі вырваў. Відаць, ужо баяцца, каб я прытомнасць не згубіла.

А можа проста загадалі зараз сталых людзей і жанчын не чапаць, бо нашы сілавікі сябе ўжо так “зарэкамндавалі”, што далей няма куды. Ад бруду трэба гадамі адмывацца і, упэўнена, не адмыюцца.

І ў такой сітуацыі я не магу адпачываць, трэба таксама з гэтым рэжымам змагацца.  Магу біцца толькі нашым сцягам і сваёй прысутнасцю на мітынгах.

Таму, паўтаруся, я не лічу сябе нейкай “зоркай” пратэстаў, хаця, магчыма, людзям падабаецца мая ўпартасць. І дзякуй Богу! Людзі да канца жыцця павінны рабіць усё, каб не быць рабамі. Асабліва – жанчыны. Бо жанчына, якая нарадзіла дзіця ў пакутах, не павінна бачыць яго смерць, як убачылі пасля “выбараў” смерці сваіх дзяцей многія маці. І што, яны павінны зараз паважаць гэты рэжым і ціха маўчаць?

Да мяне, дарэчы, шмат і сталых падыходзяць і дзякуюць, бо шмат з іх хто атрымаў ад улады прымус і здзек над сабой. Не толькі палітычны, але і эканамічны. А зараз дайшло да таго, што людзей    адкрыта расстрэльваюць і забіваюць на вуліцах.

– Спадарыня Ніна, вы працягваеце самі шыць бел-чырвона-белыя сцягі ці недзе іх набываеце?

– Дома сама шыю, хаця рукі і пакалечаны праз няшчасны выпадак, які адбыўся гэтым летам. На кухні мне стала млосна, страціла прытомнасць, а ў гэты час газ гарэў. Апаліла рукі, увесь ліпень ляжала ў бальніцы. У выніку ўказальны палец уратавалі, сярэдні палец напалову адрэзалі…

Але ўсё роўна шыю бел-чырвона-белыя сцягі. Можа быць, не так спрытна, як раней, але ўсё атрымліваецца.

Мне людзі прапаноўваюць падарыць сцягі, але ў мяне, шчыра кажучы, ёсць пэўныя прымхі. Адзін з такіх: каб у мяне ўсё было добра, я павінна сваімі рукамі пашыць гэты сцяг. Праўда, калі раней за дзень магла пашыць 2-3 сцягі, то зараз тры дні шыла адзін. Пакалечаныя пальцы павольна рухаюцца, але рухаюцца. І на апошнюю акцыю прыйшла са сваім сцягам, і з ім нават прайшла праз жалезную заслону сілавікоў. На мяне нават руку не паднялі! Яшчэ і крычала: “Людзі, не бойцеся! Праўда за народам!”

Я – не гераіня, проста маю чалавечую годнасць. Таму пакуль ногі ходзяць і вочы бачаць, буду і на мітынгі хадзіць, і шыць бел-чырвона-белыя сцягі. Праўда за народам, за намі!

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Настасься Азарка
  • Зьміцер Даронін
  • Міхаіл Марыніч
  • Іван Гапонаў
  • Васіль Лявонаў