Ві́ктар БАБАРЫКА

Нарадзіўся 9 лістапада 1963 году ў Мінску.

Беларускі банкір, філантроп, калекцыянер, культурны і грамадскі дзеяч, палітык.

У 2000—2020 гадах старшыня Праўлення ААТ”Белгазпрамбанк”.

У 1981 годзе закончыў школу № 92 горада Мінска. У 1988 годзе скончыў механіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Тэарэтычная механіка”.

Працоўную дзейнасць пачынаў у НВА парашковай металургіі, дзе працаваў начальнікам аддзела знешнеэканамічных сувязяў.

Скончыў у 1995 годзе Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі па спецыяльнасці «Эканоміка, арганізацыя знешнеэканамічнай дзейнасці». У ліпені таго ж года пачаў працаваць у банкаўскай сістэме Беларусі (банк «Алімп»).

У 2000 годзе скончыў магістратуру Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. У ліпені таго ж года прызначаны старшынёй Праўлення ААТ “Белгазпрамбанк”.

12 мая 2020 года Віктар Бабарыка абвясціў, што вылучае сваю кандыдатуру на прэзідэнцкіх выбарах. У той жа дзень прэс-служба «Белгазпрамбанка» паведаміла аб выхадзе Бабарыкі са складу праўлення і звальненні яго з пасады старшыні праўлення паводле ўласнага жадання.

Хроніка пераследу

Пасля таго, як Віктар Бабарыка пачаў хуткімі тэмпамі набіраць рэйтынг, на яго абрынуўся з крытыкай і пагрозамі кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка.

18 чэрвеня Віктар Бабарыка і яго сын Эдуард, кіраўнік яго ініцыятыўнай групы, былі затрыманыя. Мужчыны знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Адвакаты у дзень затрымання не маглі патрапіць да Бабарыка. Пасля затрымання ў доме экс-банкіра і кватэры ягонага сына прайшлі ператрусы.

У КДК заявілі, што Бабарыка затрыманы ў сувязі з тым, што з’яўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасці, паспрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў і здымаў буйную суму грошай з падкантрольных яму рахункаў.

21 чэрвеня стала вядома, што Віктару і Эдуарду прад’яўленае абвінавачванне і абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, пра што стала вядома ад адваката Бабарыкі Дзмітрыя Лаеўскага.

21 чэрвеня Віктару Бабарыка было прад’яўлена абвінавачванне паводле арт. 243 (“Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры”), арт. 235 (“Легалізацыя сродкаў, здабытых злачынным шляхам”), арт. 210 (“Крадзеж у асабліва буйным памеры”), арт. 209 (“Махлярства”), а таксама па арт. 430 (“Атрыманне хабару”) і арт. 431 (“Дача хабару”).

Праваабарончая супольнасць прызнала Віктару Бабарыка палітычным зняволеным.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вадзім Кабанчук
  • Алег Волчак