За што прэсуюць “Шэрага Ката”?

Відэаблогер Дзмітрый Казлоў, вядомы пад нікам «Шэры Кот», атрымаў ужо 60 сутак адміністрацыйнага арышту.

“Бліжэй да выбараў ціск на блогераў будзе ўзмацняцца, – распавёў сайту palitviazni.info

былы палітычны зняволены Мікола Дзядок.Уладам робіцца відавочна, што блогеры афармляюцца ў асобную і незалежную сілу, якая па сваёй небяспецы і медыйных здольнасцях магчыма, ужо перарасла апазіцыю”.

Паводле звестак праваабаронцы Паўла Левінава, відэаблогер Дзмітрый Казлоў, вядомы пад нікам «Шэры Кот», які адбывае адміністрацыйны арышт, тройчы быў асуджаны завочна паводле ч.3 арт.23.34 КаАП.

Хлопец патрапіў у аршанскі ізалятар часовага ўтрымання 26 снежня мінулага года. 9 студзеня яго чакалі пасля 15-суткавага арышту. Але на волю ён так і не выйшаў, бо якраз у той дзень суд Оршы і Аршанскага раёна пастанавіў пакараць яго наступным, другім запар 15-суткавым арыштам – за ўдзел у акцыях супраць «паглыбленай інтэграцыі» 21 снежня.

На наступны дзень, 10 студзеня, яго зноў судзілі – за ўдзел у мінскіх пратэстах 20 снежня. Пастанова суда – трэці арышт на 15 сутак.

13 студзеня Дзмітрый Казлоў быў асуджаны на 15 сутак ужо чацвёрты раз – за заклікі ў сацыяльных сетках на сход у Мінску 29 снежня. Такім чынам, за кратамі ён мусіць адбыць 60 сутак.

“Дзмітрый Казлоў — не першы блогер, які патрапіў пад прэс, – кажа былы палітвязень Мікола Дзядок. – Таму не магу сказаць што “Шэрага Ката” прэсуюць неяк асабліва. Хаця і вылучаюць сярод іншых.

Чаму? Па-першае, таму, што ён актыўны. Па-другое, таму што ёсць шмат фармальных нагодаў – Дзмітрый Казлоў быў на многіх пратэстных мерапрыемствах. Аналагічная сітуацыя была і з гомельскім блогерам Максімам Філіповічам.

Мікола Дзядок адзначае, што ўлады не маюць магчымасці завесці крымінальную справу і адправіць блогера ў турму надоўга, а таму спрабуюць “падламаць” маральна.

“Два месяцы арышту ў не вельмі файных умовах – гэта цяжка, – дадае суразмоўца. – Я думаю, што ціск на блогераў будзе ўзмацняцца бліжэй да выбараў, бо ўладам робіцца відавочна, што яны афармляюцца ў асобную і незалежную сілу, якая па сваёй небяспецы і медыйных здольнасцях магчыма, ужо перарасла апазіцыю”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Пратасеня
  • Андрэй Гайдукоў
  • Андрэй Пазьняк