Што будзе са справай Ганчара і Захаранкі?

Юрыст-праваабаронца Гары Паганяйла распавёў сайту palitviazni.info, што стаіць за аднаўленнем справы аб знікненне экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і палітыка Юрыя Ганчара.

“Мяркую, што правядуць фармальныя працэдуры, і на гэтым усё закончыцца, – робіць суразмоўца песімістычны прагноз. – Ніхто паўнавартаснага раследвання праводзіць не будзе…”

Нагадаем, што апазіцыйныя лідары Юрый Захаранка і Віктар Ганчар, а таксама бізнесмен Анатоль Красоўскі і журналіст Дзмітрый Завадскі бясследна зніклі ў 1999-2000 гадах.

7 мая 1999 году Юрый Захаранка быў выкрадзены і вывезены на легкавым аўтамабілі ў невядомым накірунку.

У ноч на 17 верасня 1999 года ў Мінску былі выкрадзены палітык Віктар Ганчар і бізнесмен Анатоль Красоўскі.

Днём 7 ліпеня 2000 году, па дарозе ў аэрапорт, журналіст Дзмітрый Завадскі быў захоплены групай узброеных людзей.

Целы Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага дагэтуль не знайшлі.

Днямі  на ютуб-канале нямецкага СМІ «Дойчэ Веле» з’явілася відэаінтэрв’ю з былым байцом спецыяльнага атрада хуткага рэагавання Юрыем Гараўскім, у якім ён прызнаецца, што ўдзельнічаў у забойстве экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі, былога кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага.

Гараўскі падрабязна распавёў, як ён удзельнічаў у выкраданні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму.

Зараз стала вядома, што прынамсі “справа Захаранкі”, якая была прыпынена ў мінулым годзе, ізноў адноўлена.

“Следчы камітэт павінен быў аднавіць справу, бо ў ёй з’явіліся новыя факты і новы сведка, які прызнаў сябе ўдельнікам злачынства, – кажа Гары Паганяйла. – Таму фармальна справа адноўлена, следчыя будуць рабіць выгляд, што праводзяць расследванне.

Але ў выніку справа, як мне падаецца, ізноў будзе прыпынена і, што называецца, здадзена ў архіў. Правядуць фармальныя працэдуры, і на гэтым усё закончыцца. Ніхто паўнавартаснага раследвання праводзіць не будзе…”

Гары Паганяйла мяркуе, што шанцы на аб’ектыўнае раследванне справы практычна нулявыя.

“Калі беларускі кіраўнік публічна не прызнае факт знікнення палітыкаў, а кажа, што яны, як быццам, жывыя і здаровыя, і іх быццам бы нехта бачыў і фатаграфаваў у Германіі, то тут усё зразумела, – дадае праваабаронца. – Мэсідж сілавікам дадзены адназначны – ніякай справы, як і забойстваў, няма і не было. Улады не разумеюць (альбо наадварот – добра разумеюць), у якую брудную гісторыю яны патрапілі.

Але асноўную версію аб датычнасці беларускіх спецслужбаў да забойства палітыкаў, якая пацвярджаецца многімі сведчаннямі, не правяраюць. Мабыць, таму, што яна, уласна кажучы, і прывядзе да канчатковага высвятленне ўсіх абставін і ўкажа на тых, хто сёння з’яўляецца рэальнымі падазраванымі”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Падгол
  • Мікола Статкевіч
  • Артур Фінькевіч
  • Тацяна Елавая
  • Кацярына Садоўская