Генадзь Фядыніч: Крымінальная справа дала зваротны эфект

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў пра тое, чым займаецца зараз, і чаму ўлады не дасягнулі мэты, калі распачалі “справу прафсаюзаў”.

“Калі яны хацелі знішчыць нашу арганізацыю, то эфект аказаўся зваротны, – кажа Генадзь Фёдаравіч. – Па-першае, праз шырокі рэзананс пра наш прафсаюз даведалася мноства людзей, якія да гэтага нават і не чулі, што такі існуе. Па-другое, пасля вынясення прысуда колькасць сябраў прафсаюза толькі павялічылася…”


Нагадаем, што лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік былі прызнаны вінаватымі па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

24 жніўня 2018 года суд Савецкага раёна асудзіў прафсаюзных кіраўнікоў на 4 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу.

У дачыненні да Ігара Комліка рэжым “дамашняй хіміі” пачаў дзейнічаць з 19 снежня мінулага года, да Генадзя Фядыніча – з 4 студзеня гэтага года. Праваабаронцы назвалі гэтую справу палітычна матываванай.

“Як вядома, па рашэнні суда мне забаронена займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 гадоў, таму зараз абавязкі старшыні прафсаюза РЭП выконвае Зінаіда Міхнюк, – кажа Генадзь Фядыніч. – Я зараз працую дарадцам-кансультантам, але, па сутнасці, нічога не змянілася. Прафсаюз РЭП – гэта каманда, хіба што я не маю права подпісу нейкіх дакументаў”.

Са слоў Фядыніча, калі ўлады хацелі знішчыць арганізацыю, то эфект аказаўся зваротны.

“Раней многія наогул не ведалі пра прафсаюз РЭП, а пасля рэзанансу да нас сталі прыходзіць людзі і запісвацца ў арганізацыю, – адзначае прафсаюзны лідар. – Хваля была дастаткова сур’ёзная – у квартал у прафсаюз уступалі не менш за 100 чалавек”.

Яшчэ адзін фігурант “справы прафсаюзаў” Ігар Комлік зазначае, што некаторыя нязручнасці ў працы пасля прысуду ўсё-так ёсць.

“Два гады следчыя не могуць тэхніку вярнуць, якую забралі падчас вобшукаў яшчэ ў жніўні 2017 году, – абураецца ён. – У 2011 годзе ў нас ўжо забіралі камп’ютарную тэхніку, а пасля таго, як вярнулі, яна была ў непрацоўным стане. Відаць, адмыслова зламалі. Не выключаю, што такі ж лёс напаткаў і гэтую тэхніку, а таму і зацягваюць з вяртаннем”.

palitviazni.info

Фота: tut.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Дашкевіч
  • Сяргей Парсюкевіч
  • Мікалай Аўтуховіч
  • Алег Гнедчык
  • Віктар Івашкевіч