Алег Гулак: У Беларусі няма механізмаў, каб бараніцца ад неканстуцыйных законаў

Удзельнікаў “Чарнобыльскага шляху” працягваюць штрафаваць, а праваабаронцы змагаюцца за адмену заганнай нормы, якая рэгламентуе аплату выдаткаў па правядзенні дадзенага мерапрыемства.

“Праблема ў тым, што наш закон прыраўняў грамадска-палітычныя акцыі да камерцыйных мерапрыемстваў”, – кажа праваабаронца Алег Гулак.

Агулам да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваным “Чарнобыльскім шляху” ўжо прыцягнута каля дзесяці грамадзян.

Пасля таго, як арганізатары “Чарнобыльскага шляха” адмовіліся ад правядзення традыцыйнага шэсця з-за немагчымасці аплаты выдаткаў па правядзенні дадзенага мерапрыемства, якія склалі 5737 беларускіх рублёў, шэраг праваабрончых арганізацый выступілі з заявай, у якой выказалі рэзкую крытыку ў дачынне да прынятай Саветам Міністраў Пастановы № 49, паведамляе sping96.org.

Яны лічаць, што ў краіне сітуацыя з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў грамадзянамі пагоршылася яшчэ больш, паколькі памеры выдаткаў на іх правядзенне, прадугледжаныя заканадаўствам, уяўляюць з сябе сур’ёзную перашкоду ў рэалізацыі гарантаваных канстытуцыйных свабодаў.

Праваабаронцы накіравалі адпаведныя прапановы ў тым ліку і дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, але парламентарыі даслалі адказ, што змены ў заканадаўства аб масавых мерапрыемствах не патрабуюцца, а канстытуцыйныя правы грамадзян не парушаюцца.

“Праблема ў тым, што наш закон прыраўняў грамадска-палітычныя акцыі да камерцыйных мерапрыемстваў, – кажа Алег Гулак. – І гэта прынцыпова няправільна, таму што плаціць міліцыі, якая і так атрымлівае з бюджэта заробкі, – нонсенс.

У камерцыйных мерапрыемствах такая практыка ёсць, але ж ёсць і права грамадзян на рэалізацыю сваіх правоў і свабод, ёсць права на выказванне свайго меркавання і мірныя сходы. Таму не трэба блытаць, як кажуць, божы дар з яешней”.

Са слоў праваабаронцы, у такім выпадку ніякай аплаты за масавыя мерапрыемствы не павінна быць, а, тым больш, у такім памеры, які рэгламентуе пастанова Савета міністраў.

“Гэтая пастанова незаконная і супярэчыць Канстытуцыі, – дадае Алег Гулак. – Натуральна, улады самі не пойдуць на адмену пастановы, але зараз ідзе беларуска-еўрапейскі дыялог, і падчас яго мы ізноў будзем падымаць гэтую тэму.

Увогуле, у Беларусі няма механізмаў, каб бараніцца ад неканстытуцыйных законаў. У грамадзян фактычна ёсць права звяртацца ў Канстытуцыйны суд, але суд сам выбірае, ці раглядаць ваш зварот па прынцыпе мэтазгоднасці. Таму ўнутры краіны ў грамадзян ёсць абмежаваны набор інструментаў для абароны сваіх правоў. І спадзявацца на лепшае асабліва не даводзіцца”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Барыс Гарэцкі
  • Андрэй Пачобут
  • Зьміцер Касьпяровіч
  • Зьміцер Хведарук
  • Алесь Стральцоў