Судовы працэс па іску Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка працягнецца 13 лютага

13 лютага ў судзе Цэнтральнага раёна працягнецца разгляд іска аб абароне гонара, годнасці і дзелавой рэпутацыі, які падалі лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік да сайта belnovosti.by.

“Мяркую, што мы будзем патрабаваць і грашовую кампенсацыю за маральны ўрон”, – паведаміў сайту palitviazni.info Ігар Комлік.

Нагадаем, што ў маі мінулага года, калі прысуд фігурантам палітычна матываванай “справы прафсаюза” Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку яшчэ не быў вынесены, на вышэйзгаданым сайце з’явілася публікацыя пад назвай “Фіктыўны РЭП Фядыніча”.

У артыкуле, у прыватнасці, сцвярджалася: “У 2015 годзе Комлік набыў двухпакаёвую кватэру коштам не менш за 42 тысячы еўра і дом за горадам – каля 42 тысяч еўра. Фядыніч, як сапраўдны лідар і абаронца працоўных, у тым жа 2015 годзе зарэгістраваў дом коштам каля 100 тысяч еўра, які пабудаваў на адным з зямельных участкаў пад Мінскам”.

Яшчэ летам мінулага года Фядыніч і Комлік падавалі іск аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, але тады суд не прыняў яго да разгляду.

“25 студзеня прайшлі папярэднія слуханні, працэс працягнецца 13 лютага, – кажа Ігар Комлік.Адказчыкам выступае юрыдычная асоба – прыватнае унітарнае прадпрыемства “Медыя Навіны”, і на папярэднім пасяджэнні мы так і не пачулі, на якой падставе былі надрукаваны факты, якія наводзілі на нас паклёп.

Адвакат адказчыка ківаў на тое, што, маўляў, суд прыцягнуў нас да крымінальнай адказнасці. Але ж нас з Фядынічам вінавіцілі ў нясплаце падаткаў, а ў публікацыі сцвярджалася, што мы набылі нейкую міфічную маёмасць у 2015 годзе. У судзе, калі нам выносілі прысуд, гэта наогул не фігуравала, у рашэнні суда пра гэта таксама не было ні слова. Бо ў такім выпадку нам бы дадалі абвінавачавнне  яшчэ па адным крымінальным артыкуле”.

Са слоў Ігара Комліка, да гэтага часу так і не вядома, хто аўтар гэтай публікацыі.

“Спасылаюцца на тое, што гэта, маўляў, калектыўны артыкул, – адзначае ён. – Але ж не думаю, што там, вобразна кажучы, дзесяць чалавек рыхтавалі публікацыю. Мяркую, што рыхтаваў публікацыю адзін аўтар, таму, мяркую, мы, у рэшце рэшт, даведаемся яго прозвішча.

Калі суд прызнае, што публікацыя з’яўляецца паклёпам, то не выключаю, што будзем патрабаваць і грашовую кампенсацыю за маральны ўрон”.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні