Мікалай Статкевіч: Па Канстытуцыі я маю права ўдзельнічаць у выбарах

Былы палітвязень Мікалай Статкевіч распавёў сайту palitviazni.info пра свой магчымы ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі і тое, чаму непагашаная судзімасць не павінна быць забаронай для такога ўдзелу.

“Давайце успомнім: калі ў 2015 годзе беларуская ўлада пайшла на змову з Захадам па вызваленні палітвязняў, то гаворка ішла не толькі пра вызваленне, але і пра рэабілітацыю”, – кажа палітык.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч быў кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, яго затрымалі ў дзень выбараў. У маі 2011 году палітыка асудзілі на 6 гадоў пазбаўлення волі “за арганізацыю масавых беспарадкаў”.

Мікалай Статкевіч быў памілаваны кіраўніком краіны разам з яшчэ пяццю палітвязнямі 22 жніўня 2015 году, хаця прашэнне пра памілаванне ён не пісаў.

Днямі аргкамітэт па стварэнні партыі «Народная Грамада» прапанаваў вылучыць прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду Мікалая Статкевіча. Пра гэта паведаміў БелаПАН, спасылаючыся на рашэнне аргкамітэта арганізацыі.

17 студзеня павінен прайсці Беларускі нацыянальны кангрэс, на якім, імаверна, будзе названы агульны прэтэндэнт. Вылучаць свае кандыдатуры маюць права ўсе суб’екты БНК, сябры рады, а таксама рэгіянальныя кааліцыі.

“Па Канстытуцыі я маю права ўдзельнічаць у выбарах, а па Выбарчым заканадаўстве – не, бо з мяне яшчэ не знялі судзімасць, – кажа палітык. – І менавіта з гэтага заканадаўства трэба пачынаць, бо мне вельмі не падабаецца, калі пачынаюць гуляць у выбары, якіх насамрэч няма. Гэта толькі зводзіць людзей убок ад галоўнай праблемы. А галоўная праблема якраз у тым і палягае, што сапраўдных выбараў у краіне нават не назіраецца. Выбарчае заканадаўства не дазваляе іх зрабіць такімі, але, думаю, у нас ёсць магчымасць па вяртанні нармальных выбараў ужо зараз. Вырашым гэтую праблему – вырашым і ўсе астатнія. Мая судзімасць – гэта не мая праблема, а праблема ўлады. Мы будзем дамагацца вяртання нармальных выбараў і нармальнага Выбарчага кодэкса”.

Са слоў Мікалая Статкевіча, у Канстытуцыі ёсць “вычарапальна закрыты пералік прычын, па якіх грамадзянін не можа быць кандыдатам у прэзідэнты.

“У Асноўным законе няма палажэння, што грамадзяніну, у якаго не пагашана судзімасць, нельга ўдзельнічаць у выбарах, – дадае палітык. – Яны ўвялі гэтае палажэнне ў Выбарчае заканадаўства, відаць, спецыяльна, каб абмежаваць людзей, якія небяспечныя для ўлады. Таму, паўтаруся, найперш трэба змяніць Выбарычы кодэкс, прывесці яго ў адпаведнасць з Канстытуцыяй. З гэтага мы пачнем, мая судзімасць стане праблемай для ўлады. Да таго ж, давайце успомнім: калі ў 2015 годзе беларуская ўлада пайшла на змову з Захадам па вызваленні палітвязняў, то гаворка ішла не толькі пра вызваленне, але і пра рэабілітацыю. Але ж улады Захад у чарговы раз падманулі. Хаця ў  вачах усяго цывілізаванага свету я маю права ўдзельнічаць у выбарах”.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні