Генадзь Фядыніч: Падрыхтуем інструкцыю для ўсіх тых, хто знаходзіцца на “дамашняй хіміі”

Лідары прафсаюза РЭП Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч распавялі сайту palitviazni.info пра тое, як адбываюць пакаранне на “дамашняй хіміі”.

“Сістэма недасканалая, зараз я рыхтую ліст на імя начальніка Крымінальна-выканаўчай інспекцыі”, – кажа Генадзь Фядыніч.

Нагадаем, што 9 лістапада мінулага года ў Мінскім гарадскім судзе лідары прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік абскарджвалі прысуд ад 24 жніўня 2018 года, паводле якога яны прызнаны вінаватымі па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстановы адкрытага тыпу. Мінскі гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага ў сіле.

У дачыненні да Ігара Комліка абмежаванні пачалі дзейнічаць з 19 снежня мінулага году, да Генадзя Фядыніча – з 4 студзеня гэтага году.

“За гэты час міліцыя правярала мяне толькі адзін раз, – кажа Ігар Комлік. – Прыйшлі перад Калядамі каля 21.30 на кватэру, паглядзелі пашпарт. Штодзень я павінен быць дома пасля 21.00. Акрамя таго, раз на тыдзень мне патрэбна хадзіць і адзначацца ў Крымінальна-выканаўчую інспекцыю МУС”.

— У мяне больш жорсткія ўмовы адбыцця пакарання, бо дома павінен быць ужо ў 19.00, — дадае Генадзь Фядыніч. – Акрамя таго, непрыемна здзівіла, што магу хадзіць у магазін альбо паліклініку толькі з 12.00 да 14.00. І гэта я збіраюся абавязкова абскарджваць, а таму зараз рыхтую ліст у Крымінальна-выканаўчую інспекцыю. Пытанняў вельмі шмат.

На якой падставе ў мяне забіраюць перапынак на абед? Хто даў такое права? Чаму гэтыя пытанні не ўзгаднілі з маім наймальнікам? Чаму я павінен толькі ў рабочы час пакідаць працу? Альбо талон у паліклініку далі, скажам, на 10 гадзін раніцы.

– У 19.00 вы павінны быць абавязкова дома?

– Так, хаця паведаміў у інспекцыю, што ў мяне ненарміраваны працоўны час. Сказалі, што, калі затрымліваюся на працы, то трэба адзначаць гэта ў рабочым табелі. Я патлумачыў маёру, што, згодна з Працоўным кодэксам, ненарміраваны працоўны дзень у табелі не пазначаецца. Дадаў, што ў мяне ёсць свае правы, і прадстаўнікі ўлады таксама павінны іх выконваць.

Зараз мы толькі пачалі адбываць “дамашнюю хімію”, але пытанняў, як бачым, ужо вельмі шмат. Будзем з гэтай нагоды нават рыхтаваць інструкцыю для тых людзей, якія адбываць такое пакаренне, бо нідзе дакладна не прапісана, якія правы мае чалавек пры адбыцці пакарання падчас “дамашняй хіміі”.

– Адным словам, нюансаў вельмі шмат…

– Не тое слова. Я, напрыклад, захацеў схадзіць у царкву ў нядзелю, а мне ў выхадны дзень наогул забаронена выходзіць на вуліцу. Калі вы такое забараняеце, дайце афіцыйны адказ, мы яго надрукуем.

Таксама мне паведамілі, што забаронена хадзіць на масавыя спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, дзе разліваюць алкаголь. А ці можна хадзіць на тыя, дзе алкаголь не разліваюць? Пра гэта нідзе не напісана.

– Да вас дадому з праверкай пакуль не прыходзілі?

– Пакуль нікога не было. Але, калі прыйдуць, я ў іх таксама дакументы праверу і запатрабую дакумент, што мяне наведвалі.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Вадзім Кабанчук
  • Эніра Браніцкая
  • Уладзімер Хамічэнка