“Хочацца пажадаць людзям смеласці ў адстойванні сваіх правоў. З Новым годам!..”

Былыя палітвязні распавялі сайту palitviazni.info пра тое, якім быў сыходзячы год, і выказалі свае пажаданні Беларусі і беларусам.

Уладзімір НЯКЛЯЕЎ:

– На мой погляд, гэты год асабліва не прасунуў нашу краіну наперад ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы. Практычна ўсё засталося ў закансерваваным стане. Улада і грамадства абсалютна не развіваліся, найперш у духоўным і сацыяльным жыцці краіны мала што змяняецца.

За дваццаць пяць год праўлення гэтай улады вырасла бязмоўнае пакаленне, якое нараджае бязмоўных дзяцей. І гэтыя 25 год будуць каштаваць, як 100 гадоў. Ніякага аптымізму ў такім масштабе я не бачу.

Іншая рэч, што адбываліся і прыемныя рэчы ў асабістым жыцці людзей. Нараджаліся дзеці, нехта спраўляў вяселле, нехта напісаў кнігу альбо музыку. Так што з аднаго боку на сітуацыю ў краіне сумнавата глядзець, а з іншага, дзякуй Богу, ёсць і іншы бок жыцця. І гэта стварае надзею на будучыню.

Мікола ДЗЯДОК:

– Лічу, што 2018 год быў даволі багатым на палітычныя падзеі. Справа БелТА, абарона Курапатаў, чарговы віток рэпрэсій супраць удзельнікаў анархісцкага руху… Гэтыя падзеі, на мой погляд, у чарговы раз паказалі, што ў грамадстве ёсць запыт на незалежную інфармацыю, на палітычную мабілізацыю і на перамены. Што ёсць людзі, гатовыя змагацца з аўтарытарызмам. Хаця з-за высокага ўзроўню рэпрэсій пакуль гэтае змаганне мае нярэдка латэнтныя, няяўныя формы.

А пажадаць людзям хочацца толькі аднаго: смеласці ў адстойванні сваіх правоў.

Зміцер ДАШКЕВІЧ:

– Гэты год быў складаным і даволі дзейсным. Такія прарыўныя мерапрыемствы, як свята БНР, засведчылі, што грамадства не такое аморфнае, як многія думалі. Дзесяткі тысяч людзей паказалі, што згодныя ўдзельнічаць у годных праектах. Галоўнае, каб былі людзі, якія могуць такія праекты арганізоўваць.

Для мяне ж гэты год, як і мінулы, прайшоў пад знакам Курапатаў. І я думаю, што гэта таксама важна, хаця хтосьці, магчыма, недаацэньвае значнасць гэтага месца. Але, думаю, гэта відавочны знак, што адбываюцца змены ў грамадстве.

У 1988 годзе, калі адкрылі Курапаты, ніхто не мог падумаць, што нацыянальны ўздым разбурыць савецкую сістэму. У 1989 годзе там паставілі першы крыж, а ўжо ў 1991 годзе камуністы самі забаранялі сваю партыю. І гэта знакі часу, якія нам таксама трэба разумець і распазнаваць. Я зыходжу з таго, што гісторыя – гэта не хаос, а лагічны план, парадак і заканамернасць.

А беларусам я зычу быць падрыхтаванымі да пераменаў, якія, як мне падаецца, не за гарамі.

Генадзь ФЯДЫНІЧ (асуджаны па “справе прафсаюзаў”):

– Для мяне гэты год быў няпросты, але, думаю, не менш складаны ён быў і для астатніх беларусаў. Народ бяднее, пакупальніцкая здольнасць зменшылася, людзі працягваюць з’язджаць на працу за мяжу.

Гэта гаворыць пра тое, што сёння няма ў народа веры ў заўтрашні дзень. Калі ўрад не дасць людзям добрыя заробкі, то праблема з кадрамі яшчэ больш паглыбіцца.

А беларусам хачу пажадаць, каб яны навучыліся бараніць свае правы. Давайце разам зададзімся пытаннем: якую спадчыну мы пакінем дзецям? А сёння проста хачу павіншаваць усіх: з Новым годам!

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Буланаў
  • Міхась Субач
  • Сяргей Каваленка
  • Міхась Крываў
  • Васіль Парфянкоў