Суд Маскоўскага раёну Мінска адмяніў рашэнне сталічнай міліцыі аб высылцы з краіны прэс-сакратара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганны Красулінай.
“Я ўбачыла абураную Беларусь, якая гатова ў адзіным парыве выступіць на баку справядлівасці, – распавяла Ганна сайту palitviazni.info. – І аказалася, што калі нас шмат, то мы можам на нешта рэальна ўплываць. А ўлады, відаць, вырашылі, што магчымыя іміджавыя і іншыя страты не вартыя маёй высылкі з Беларусі”.
Нагадаем, што Ганна Красуліна нарадзілася ў Расіі і мае расійскае грамадзянства. У Беларусь яна пераехала ў 2002 годзе. Муж і дзеці Красулінай маюць беларускае грамадзянства.
13 лістапада яна даведалася ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Маскоўскага раёну Мінска пра высылку ў Расію. Прычынай для дэпартацыі сталі быццам бы тры адміністрацыйныя правапарушэнні: за дзве несанкцыянаваныя акцыі і неаплочаны праезд у грамадскім транспарце. Гэта з’явілася падставай для прыняцця ў адносінах да Красулінай рашэння пра высылку «у інтарэсах грамадскага парадку».
28 лістапада Красуліна абскардзіла вынесенае УУС адміністрацыі Маскоўскага р-на рашэнне аб высылцы ў ГУУС Мінгарвыканкама, аднак ужо 30 лістапада ёй паведамілі, што скарга не была задаволеная і рашэнне аб высылцы было пакінутае без зменаў. Вынесенае рашэнне было абскарджанае ў судзе Маскоўскага раёна, і яно нечакана для многіх было адменена.
– Гэта для вас таксама стала нечаканасцю?
– Мы пачалі падазраваць нейкія дадатковыя абмеркаванні па маім пытанні, калі суддзя паабяцала прыняць рашэнне праз 15 хвілін, аде адсутнічала больш за гадзіну. Мы сталі разумець, што ідуць нейкія працэсы, і гэта давала пэўныя надзеі. І рашэнне аказалася на маю карысць.
– Многія упэўнены, што на такое рашэнне паўплывалі пэўныя фактары. Што, на ваш погляд, стала галоўным?
– Тут, напэўна, цэлы комплекс фактараў. Па-першае, ва ўладаў зараз няма грошай, а таму яны вымушаны балансаваць паміж Расія і Захадам. Наперадзе таксама прэзідэнцкая выбарчая кампанія, да якіх будзе асаблівая ўвага міжнароднай грамадскасці.
Акрамя таго, у гэтай сітуацыі вельмі добра спрацавалі мой адвакат і прадстаўнік грамадскасці Гары Пятровіч Паганяйла. Нам удалося давесці да суда, што гісторыя выглядае, мякка кажучы, не вельмі сімпатычна і шкодзіць інтарэсам краіны ў будучым.
Адным словам, паднялася вельмі вялікая хваля, у маю падтрымку выступілі практычна ўсе праваабарончыя арганізацыі. Яны падпісалі дакумент з патрабаванням адмяніць высылку.
Актыўна падключыліся журналісты, і не толькі беларускія. Пра сітуацыю стала вядома за мяжой. Рэзананс быў неверагодны, усіх абурыла несправядлівасць рашэнне. Абвінавачванне грунтавалася на такіх фактах, што міліцыя выглядала ў самым недарэчным свеце. А разам з міліцыяй – і вярхоўная ўлада. Бо калі выкідваць людзей з краіны за непрабіты талончык, то гэта смех скрозь слёзы.
А яшчэ я ўбачыла абураную Беларусь, якая гатова ў адзіным парыве выступіць на баку справядлівасці. І аказалася, што калі нас шмат, то мы можам на нешта рэальна ўплываць. Калі ж хваля выйшла за межы краіныі, беларускім дыпламатам, відаць, сталі задаваць не вельмі прыемныя пытанні. І ўлады вырашылі, напэўна, што магчымыя іміджавыя і іншыя страты не вартыя маёй высылкі.
– Як кажуць, мэта не апраўдвае сродкі?
– Можна сказаць і так.
– А можа гэта яшчэ і такое своеасаблівае папярэджанне Аб’яднанай грамадзянскай партыі, каб ціха вялі сябе падчас выбараў?
– Трэба разумець, што ў гэтай сітуацыі мы перамаглі, а не прайгралі. Мы даказалі, што еднасць прыводзіць да самых нечаканых вынікаў. Аказваецца, што і гэтую ўладу можна пасунуць, калі не сядзець склаўшы рукі.
А што датычыцца партыі, то яе ўжо даўно папярэджваюць. І калі б яны мяне ўсё-такі выціснулі з краіны, то гэта не азначала б аўтаматычную гібель АГП. Партыя – гэта не адна Красуліна, у нас працуе каманда.
– Зараз вы будзеце прымаць беларускае грамадзянства, каб не патрапіць яшчэ раз у такую сітуацыю?
– Скажам так: буду вывучаць гэтае пытанне. Не выключана, што ўсё-такі атрымаю беларускае грамадзянства.
palitviazni.info