Ігар Комлік: Мы не палітвязні, але палітасуджаныя

Як вядома, 9 лістапада Мінскі гарадскі суд разглядзеў апеляцыйныя скаргі лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка і пакінуў у сіле рашэнне раённага суда.

“Улады не маглі дапусіць, каб аўтарытэт нашага прафсаюза толькі ўзмацніўся, – распавёў сайту palitviazni.info Ігар Комлік.Не дзеля таго распачыналася гэтая палітычная справа…”

Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік абскарджвалі прысуд ад 24 жніўня 2018 г., якім іх прызначылі вінаватымі па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты падаткаў у буйным памеры).

Суд Савецкага раёна асудзіў кіраўнікоў прафсаюза РЭП на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў установы адкрытага тыпу з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на 5 год. У скарзе лідары прафсаюза прасілі спыніць гэтую крымінальную справу, але Мінскі гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага ў сіле.

– Будзе няпраўдай, калі скажу, што рашэнне Мінскага гарадскога суда было для мяне нечаканасцю, – кажа Ігар Комлік. – І я раней казаў, што наша справа – палітычны заказ, а таму ўлада ніяк не магла вынесці апраўдальны прысуд. Гэта аўтаматычна азначала б, што ў дзяржавы ўзнікае мноства абавязальніцтваў перада мной і Генадзем Фядынічам. Я б, напрыклад, абавязкова запатрабаваў бы кампенсацыю за той час, што правёў у следчым ізалятары.

— Ды і маральны фактар быў бы на вашым баку…

– Безумоўна, людзі б убачылі, што прафсаюз РЭП не толькі эфкектыўны абараняе правы іншых, але і свае. Улады, натуральна, не маглі дапусіць, каб аўтарытэт нашага прафсаюза толькі ўзмацніўся. Не дзеля таго распачыналася гэтая палітычная справа.

Таму з аднаго боку рашэнне Мінскага гарадскога суда не было нечаканым, а з іншага, як кажуць, надзея заўсёды памірае апошняй. Было спадзяванне, што, можа быць, суддзі ўсё-такі пачуюць нашы аргументы і зразумеюць, што няма дастатковых доказаў, каб асудзіць мяне і Фядыніча.

На апошнім судовым пасяджэнні я казаў, што ў дачыненні і да мяне, і да прафсаюза парушана мноства нормаў права з боку прадстаўнікоў дзяржавы ды і зараз гэта працягваецца. Але каго гэта цікавіць? І тая самая надзея, што нас пачуюць у Мінскім гарадскім судзе, сыйшла, як дым. Няма ў мяне наогул больш даверу да такой судовай сістэмы. А ёсць разуменне таго, што такім чынам вырашылі прыціснуць незалежны прафсаюз.

– Пасля 9 лістапада абмежаванні яшчэ не ўступілі ў сілу?

– Пакуль не, бо рашэнне Мінскага гарадскога суда павінна яшчэ паступіць у Дэпартамент выканання пакаранняў МУС. Пасля, відаць, будуць знаёміць з тым, што нам забаронена, а што дазваляецца.

– Вы будзеце абскарджваць рашэнне Мінскага гарадскога суда?

– Адназначна. Спачатку будзем шукаць праўду ў Вярхоўным судзе, а калі нічога не зменіцца, то пройдзем і ўсе міжнародныя інстанцыі. А па больш глабальных пытаннях будзем звяртацца ў міжнародныя прафсаюзы. Пройдзем усе высокія інстанцыі, якія магчыма.

– Якой будзе далейшая рэакцыя на гэтую справу міжнародных прафсаюзаў?

– Глабальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфедэрацыя прафсаюза ўжо заяўлялі пра неабходнасць спыніць пераслед, і, мяркую, аднымі заявамі справа не скончыцца, паколькі для іх таксама адназначна, што мы з’яўляемся палітычна асуджанымі.

Улада, як бачым, зараз прыдумваем “новыя тэхналогіі” рэпрэсій. Баіцца саджаць найбольш актыўных у турмы, але пры гэтым выпісвае прысуды, не звязаныя з пазбаўленнем волі. Таму, можа быць, мы і не палітвязняі, але палітасуджаныя. Але сутнасці справы, па вялікім рахунку, гэта не змяняе.

palitviazni.info

Фота: palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Жукавец
  • Уладзімер Плешчанка
  • Юры Казак
  • Уладзімер Хамічэнка
  • Зьміцер Касьпяровіч