Разгляд апеляцыі Юрыя Рубцова ў Германіі прызначаны на 21 снежня

Былы беларускі палітвязень Юрый Рубцоў чакае ў Германіі рашэння суда на сваю апеляцыю па адмове ў палітычным прытулку.

“Атрымаў ліст, у якім паведамляецца, што судовае пасяджэнне па разгляду маёй апеляцыі прызначана на 21 снежня”, — распавёў сайту palitviazni.info Юрый Рубцоў.

Нагадаем, што гамяльчанін Юрый Рубцоў стаў вядомы як “чалавек-майка”. На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг “Лукашэнка, сыходзь!”. У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На “хіміі” Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату “Лукашэнка, сыходзь”.

28 мая 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага Юрый Рубцоў папрасіў палітычны прытулак у Германіі, рашэння давялося чакаць каля году. Яно аказалася не на карысць былога беларускага палітвязня, але ён вырашыў падаць апеляцыю на адмову.

“Я нават не ведаю, што зараз патрабуецца ад маіх адвакатаў, – кажа Юрый Рубцоў. – Усю магчымую інфармацыю яны атрымалі, матэрыялы ўжо перакладзены на нямецкую мову. Але складана рабіць прагнозы з нагоды таго, якое рашэнне будзе прынята. Асабіста мяне насцярожвае тое, што судовае пасяджэнне прызначана на дату акурат перад каляднымі святамі. Баюся, каб суддзі фармальна не падыйшлі да разгляду справы”.

Юрый Рубцоў кажа, што зараз ён па-ранейшаму працягвае працаваць у Германіі.

“Працую памочнікам хатняга майстра, – драспавядае ён. – Займаюся рамонтам дзвярэй, замкоў, вокнаў, ацяплення і каналізацыі. Працую па чатыры гадзіны ў дзень, часам і больш. Улічаючы мой статус, мне могуць плаціць толькі па 80 цэнтаў за гадзіну. Але галоўнае тут не грошы, бо хапае і дапамогі. Проста, калі ты не сядзіш без працы, то гэта ўжо добра”.

Юрый Рубцоў адзначае, што не вельмі пакрыўдзіцца на нямецкія ўлады, калі тыя вырашыць не даваць яму палітычны прытулак.

“Калі не пакінуць у Германіі, значыцца такі мой лёс, – кажа ён. – А на лёс скардзіцца не варта”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні