Аляксандр Ярашук: Па “справе прафсаюзаў” рашэнне не зменяць

Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў сайту palitviazni.info пра тое, якім чынам міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі паўплывалі на “справу прафсаюзаў”, пра магчымае змягчэнне пакарання для Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка і недасканаласць беларускіх законаў.

Нагадаем, што разгляд апеляцыйных скаргаў лідараў прафсаюза Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка Мінскі гарадскі суд прызначыў на 9 лістапада.

Фядыніч і Комлік абскарджваюць прысуд ад 24 жніўня, калі іх прызналі вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у буйным памеры і асудзілі на чатыры гады «хатняй хіміі» з забаронай займаць кіруючыя пасады тэрмінам на пяць гадоў.

– На ваш погляд, ці могуць міжнародныя прафсаюзы паўплываць на ўлады ў вынясенні рашэння па “справе прафсаюзаў”, бо 9 лістапада Мінскі гарадскі суд можа змяніць прысуд раённага?

– Міжнародныя прафсаюзы ўжо паўплывалі на справу, таму што, калі б гэтага ўплыву не было, то прысуд мог бы быць значна больш жорсткі, – лічыць Аляксандр Ярашук. – Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік маглі атрымаць не “хатнюю хімію”, а накіравацца ў калонію, што ў свой час здарылася з кіраўніком Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесем Бяляцкім. Ён таксама абвінавачваўся па тым жа крымінальным артыкуле аб нясплаце падаткаў.

Акрамя таго, напачатку ж патрабавалі канфіскацыі маёмасці прафсаюзных лідараў, але гэты пункт таксама выключылі з канчатковага рашэння раённага суда. Таму, думаю, улады ўсё-такі наступілі на горла ўласнай песні і вынеслі, у тым ліку, і пад ціскам міжнародных прафсаюзаў больш мяккае пакаранне. Я так кажу, бо добра ведаю, што адбывалася за кулісамі судовага працэса. Лісты кіраўнікоў буйнейшых міжнародных прафсаюзных арагнізацый, якія былі перададзены беларускім уладам, сваю ролю адыгралі.

– 9 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе будзе рагледжана апеляцыя Фядыніча і Комліка…

– На мой погляд, вышэйшая інстанцыя пакіне ў сіле рашэнне раённага суда. Улада лічыць, што і так ужо пайшла на кампрамісны варыянт пры вынясенні рашэння першай інстанцыяй. У далейшым, безумоўна, міжнародныя прафсаюзы будуць настойваць на апраўданні нашых калег, але прыняцце рашэння будзе залежыць ад многіх фактараў. У тым ліку, ад знешняй сітуацыі і ўнутры Беларусі.

– Лідары прафсаюза, якіх асудзілі, наогул лічаць, што іх павінны поўнасцю апраўдаць, бо доказная база на працэсе, маўляў, была фактычна нулявая. Згодны з гэтым?

– Безумоўна, і, калі выступаў сведкам на судзе, то сказаў прыкладна так: я ўжо каля дваццаці год стала працую ў кіруючых органаў міжнародных прафсаюзных арганізацый і за гэты час ніколі не бачыў і не чуў, каб краіна, якая ратыфікавала міжнародную Канвецыю 87 аб свабодзе аб’яднанняў і абароне права на аб’яднанне ў прафсаюзы, адмаўлялася затым яе выконваць. Дзяржава не павінна чыніць перашкоды для атрымання прафсаюзамі дапамогі ад сваіх братэрскіх арганізацый. Таму гэтай крымінальнай справы не павінна быць з самага пачатку. Зыходзячы з ратыфікацыі Беларуссю вышэйзгаданай канвенцыі, фінансаванне – гэта выключна ўнутраная справа прафсаюзаў.

Гэта дзяржаўныя грошы? Не, міжнародных прафсаюзаў. І да гэтых грошай беларуская дзяржава ніякага дачыненне не мае. Калі штосьці не так у прафсаюзным руху, то гэта выключна праблема руху. І, калі прафсаюзы, як дэмакратычная арганізацыя, не змогуць навесці парадак у сябе, то яны проста развааляцца і не будуць карыстацца ніякім аўтарытэтам. Улада наадварот павінна быць зацікаўлена ў гэтым, а не ўмешвацца такім чынам. Прафсаюзы – гэта не палітычная арганізацыя. Калі б мы былі партыяй, якая атрымлівае міжнародную грашовую дапамогу, то гэта іншая справа. Палітыка – інструмент прыходу да ўлады. А прафсаюзы – грамадская арганізацыя, якая кіруецца ў сваёй дзейнасці прынцыпам міжнароднай салідарнасці. Гэта азначае: дапамога адзін аднаму ў самых розных формах – і маральная, і матэрыяльная. І, паўтаруся, калі дзяржава падпісала Канвенцыю 87, то яна аўтаматычна пагадзілася з правілам не ўмешваецца ў унутраную прафсаюзную дзейнасць.

– Калі на судзе выносіцца прысуд фактычна без доказаў, то гэта вельмі небяспечны прэцэдэнт…

– Нас гэта і трывожыць, таму што так можна трактаваць любую дзейнасць любой грамадскай арганізацыі. Я следчаму сказаў: калі вы хочаце пад гэта падвесці заканадаўчую базу, то прымайце дакумент аб замежных агентах, як гэта ёсць у Расіі, і рабіце з намі што хочаце. Можаце памілаваць, пакараць альбо нават расстраляць. Тады будзе прававая база. А зараз такой базы няма. На гэты момант база – Канвенцыя 87, міжнародныя нормы і акты, якія адназначна маюць перавагу перад нацыянальнымі. І імі трэба кіравацца.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні