Вячаслаў Сіўчык: Далучайцеся да абароны Курапат!

Адзін з абаронцаў Курапат грамадскі актывіст Вячаслаў Сіўчык распавёў сайту palitviazni.info пра сітуацыю з курапацкай вартай.

“Я заклікаю ўсіх нераўнадушных людзей далучацца ад абароны гэтага сакральнага месца”, – кажа суразмоўца.

Ужо два месяцы працягваецца пікетаванне рэстарана “Поедем, поедим” каля мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.

Як вядома, пратэстоўцы патрабуюць закрыцця гэтай забаўляльнай установы, але рэстаран пакуль працягвае працу.

– Сёння, на жаль, рэстаран ля Курапат працягвае працаваць, – кажа Вячаслаў Сіўчык. – І я бачу, што такую канфліктную сітуацыю ў першую чаргу стварылі самі ўлады. Але хацеў бы нагадаць, што гісторыя з гэтым забаўляльным комплексам вельмі старая, беларуская грамадскасць пратэставала адразу ж з таго моманта, як даведалася, што пачынаецца будоўля.

Улады прымалі рашэнне, што гэта незаконна, потым ахоўныя межы былі перагледжаны, і ў выніку – зараз рэстаран працуе. Я ўжо не кажу пра парушэнні закона (што таксама кепска), але пабудова рэстараннага комплекса ў месцы, дзе расстрэльвалі людзей – гэта проста здзек над памяццю і Беларуссю. Курапаты – гэта сакральнае месца, а ў бізнесменаў, відаць, памяць кароткая.

– Гэта не толькі канкрэтнае месца злачынстваў Сталіна…

– Безумоўна. Многія архівы КДБ да гэтага часу закрыты, і мы не ведаем, дзе пахаваны ахвяры тэрора. Мы не ведаем не толькі прозвішчы людзей, якія былі забіты ў той час, але і іх агульную колкасць. І ў гэтай сітуацыі Курапаты сталі сімвалам ўсіх тых жахлівых месцаў, дзе сістэма ГПУ-КДБ знішчала Беларушчыну.

Адметна, што ўладальнікі рэстарана адкрывалі установу якраз да 30-годдзя з’яўлення артыкула Зянона Пазьняка пра Курапаты. Выпадковасць? Я так не лічу. Нават сёняшняя ўлада вымушана была размаўляць з бізнесменамі, каб тыя перанеслі дату адкрыцця ўстановы.

Быў выбух абурэння міжнароднай грамадскасці, усе канстатавалі: немагчыма, каб забаўляльны комплекс быў у Курапатах, у якім, да слова, і наведвальнікаў практычна няма. А тыя, хто прыязджаюць туды паесці, дэманстратыўны паказваюць, што ўсё беларускае ім агідна. Зараз магчымы толькі адзін варыянт вырашэння канфлікта – каб у Курапатах наогул не існавала рэстараннага комплекса.

– Але ж бізнесмены ўкладвалі ў праект свае грошы, і, натуральна, не захочуць іх губляць. Як быць з гэтым?

–  Я заўважыў, што гэтыя ўладальнікі з нейкай маніякальнай ўпартасцю лезлі са сваімі бізнес-праектамі менавіта ў Курапаты. Што, яны не ведалі пра гэта месца? Не бачылі, якія грамадскі рэзананс быў ужо тады?

Тое, што будзе чарговая атака на Курапаты, пра гэта мы ведалі. І, як мне падаецца, адкрыццё рэстарана – гэта толькі першы этап атакі. Бо ёсць яшчэ адна вялікая небяспека для гэтага святога месца – гэта тое, што сёняшнія ўлады праз мемарыялізацыю могуць знішчыць нацыянальны акропаль. Вельмі спадзяюся, што ўлада перастане здзеквацца над памяццю тых, хто стаў ахвярай у страшныя часу камуністычнага тэрора.

– Колькі будзе працягвацца абарона Курапат?

– Пакуль рэстаран працуе, перамоваў з уладальнікамі не атрымаецца, а значыцца працягнецца і варта ля Курапат. На вялікі жаль, грамадства ў гэтай сітуацыі з’яўляецца закладнікам маніпуляцыйных тэхналогій і выказванняў пэўных асобаў (у тым ліку, і з апазіцыі) пра нейкі магчымы дыялог. Ён немагчымы ў першую чаргу таму, што ўладальнікі рэстарана ніколі на яго не пойдуць.

Я не супраць сустракацца і размаўляць з людзьмі, таму што любыя перамовы заўсёды лепш. Дакладна можна выказаць сваю пазіцыю і пашукаць шляхі выйсця. Але, калі б гаспадары рэстаран хацелі б правесці перамовы, то яны даўно б адбыліся.

Хаця Курапацкая варта і насамрэч забірае шмат сілаў. Таму я заклікаў бы людзей да салідарнасці з абаронцамі: “Далучайцеся да абароны Курапат!”

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксей Бондар
  • Дзяніс Дзянісаў
  • Уладзімер Падгол