Станіслаў Шушкевіч: Я быў у шоку ад пачатку працэса над Фядынічам і Комлікам!

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавёў сайту palitviazni.info, чаму ён прыйшоў у суд падтрымаць прафсаюзных актывістаў.

“Калі ў якасці сведкі выступала сакратарка незалежнага прафсаюза, якая заявіла, што была агентам КДБ, то асабіста для мяне гэта азначае толькі адно – у Беларусі адбываецца палітычны сыск”, – кажа суразмоўца.

1 жніўня суд Савецкага раёна Мінска працягнуў разгляд крымінальнай справы старшыні Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка. Працэс пачаўся 30 ліпеня. Прасаюзным лідарам прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Генадзь Фядыніч і Ігар Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Паводле разліку Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю, сума нявыплачаных падаткаў склала каля 23 тысяч рублёў.

Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці.

“У першы дзень судовага працэса я так і не патрапіў у залу суда, хаця прыйшоў даволі рана, – абураецца Станіслаў Станіслававіч. – Вельмі хацелася падтрымаць Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка, бо наша партыя – Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада – даўно супрацоўнічае з прафсаюзам РЭП. Дарэчы, яны нам бясплатна прадастаўляюць памяшканне”.

Нягледзячы на тое, што Станіслава Шушкевіча не пусцілі на працэс, ён досыць добра ведае, што там адбывалася і кажа, што “да гэтага часу знаходзіцца ў шокавым стане”.

“Калі ў якасці сведкі выступала сакратарка незалежнага прафсаюза, якая заявіла, што была агентам КДБ, то асабіста для мяне гэта азначае толькі адно – у Беларусі адбываецца палітычны сыск, – працягвае былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі. – Як ужо казаў, прафсаюз РЭП бясплатна нам прадастаўляў памяшканне, дык вось пасля таго, як супраць Фядыніча і Комліка была распачата крымінальная справа, сілавікі без усялякага папярэджання забралі і ўсю нашу камп’ютарную тэхніку. А недзе праз месяц яе вярнулі, але ўжо ў сапсаваным стане. Дык навошта такім шкодніцтвам займацца? Больш няма чым займацца? Іншых праблем у краіне няма? Зламаць, зруйнаваць, разбіць – вось іх метады”.

Станіслаў Шушкевіч дадае, што няма ў яго даверу ні да сёняшняй улады, ні да суддзяў, якія будуць выносіць рашэнне па “справе прафсаюзаў”.

“Усе ведалі, што гэтая гучная крымінальная справа мела вялікі рэзананс ва ўсім свеце, — кажа Станіслаў Станіслававіч. – Дык чаму вы прадастаўляеце ў судзе такую залу, што і палова тых, хто прыйшоў на працэс, не патрапілі ў яе? Няма іншых, больш вялікіх памяшканняў? Лухта, калі б было жаданне, то знайшлі б! Хаця асабіста мне зразумела, чаму так адбываецца”.

palitviazni.info

Фота: nn.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні