Аляксандр Ярашук: “Справа прафсаюзаў” – на міжнародным кантролі

Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў сайту palitviazni.info пра “справу прафсаюзаў” і занепакоенасць міжнародных прафсаюзаў гэтай справай.

“Мэта місіі якраз і палягае ў тым, каб паўплываць на ўлады такім чынам, каб “справа прафсаюзаў” была як мінімум прыпынена”, – кажа сураўмоўца.

Як ужо паведамлялася, у Беларусь на наступным тыдні прыедзе місія Міжнароднай Канфедэрацыі прафсаюзаў і Глабальнага саюза IndustriALL. У межах місіі запланаваныя сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў і ў Міністэрстве працы. Запытаюцца ва ўладаў міжнародныя прадстаўнікі і пра крымінальную справу, якая распачата ў дачыненні да актывістаў прафсаюза РЭП яшчэ ў жніўні мінулага году…

– Міжнародныя прафсаюзы зыходзяць з таго, што такі пераслед – парушэнне Канвенцыі аб свабодзе асацыяцый, якую ў свой час Беларусь ратыфікавала, – кажа Аляксандр Ярашук. – Згодна з дакументам, беларускі бок узяў на сябе адказнасць не перашкаджаць супрацоўніцтву прафсаюзаў з партнёрскімі арганізацыямі з іншых краін. Мэта місіі якраз і палягае ў тым, каб паўплываць на ўлады такім чынам, каб “справа прафсаюзаў” была як мінімум прыпынена

– Але ці змогуць паўплываць?

– Прагнозы ў такой сітуацыі рабіць вельмі складана, хаця, натуральна, той факт, што беларускія ўлады пагадзіліся сустрэцца з прадстаўнікамі Міжнароднай Канфедэрацыі прафсаюзаў і Глабальнага саюза IndustriALL – ужо станоўчы момант. Але хацелася б, каб сустрэчы не сталі рытуальнымі з наборам нейкіх агульных слоў, бо, на вялікі жаль, мы ўжо з гісторыі ведаем, што абяцанні беларускіх уладаў нярэдка так і застаюцца абяцаннямі.

Увогуле, праблема не толькі ў крымінальнай справе ў дачыненні да лідараў прафсаюза РЭП, а наогул у стаўленні да незалежных прафсаюзаў у краіне. Улады быццам бы і дэкларуюць добрыя намеры, але нярэдка далей за гэтыя заявы справа не рухаецца. Пабачым, як будзе гэтым разам.

– Вы лічыце “справу прафсаюзаў” цалкам палітычнай?
– Калі Беларусь ратыфікавала вышэйзгаданую Канвенцыю, то краіна ўзяла на сябе пэўныя абавязкі. На вялікі жаль, улады занялі іншую пазіцыю, і гэта расчароўвае.

Мы чуем, што крымінальны пераслед Ігара Комліка і Генадзя Фядыніча ніяк не выцякае з Канвенцыі, а абязальніцтвы не тычацца выканання рэкамендацый Міжнароднай канфедэрацыі працы. Таму, натуральна, высновы тут адназначныя – справа мае палітычнае адценне.

– Крымінальную справу распачалі яшчэ дзевяць месяцаў таму, але расследванне працягваецца да гэтага часу. Чаму на такі працяглы час яе “падвесілі”?

– Справа ў такім стане можа знаходзіцца і дзевяць месяцаў, і год, і паўтары года. І ніхто не будзе ні перад кім рабіць аніякіх справаздач. Я не выключаю, што 1 мая расследванне ізноў будзе падоўжана.

Напэўна, гэта той выпадак, калі іх задавальняе, каб і справа, і незалежныя прафсаюзы знаходзіліся ў такім падвешаным стане. Могуць змяняцца следчыя, і расследванне ізноў працягнуць. Такім чынам даюць зразумець усім незалежным прафсаюзам, каб тыя былі менш актыўнымі. Але відавочна і іншае: “справа прафсаюзаў” – на міжнародным кантролі.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні