Валянцін Стэфановіч: Старшыня Вярхоўнага суда павінен неяк адрэагаваць на такую практыку…

Суд Маскоўскага раёна прыняў рашэнне не задавальняць пазоў экс-фігурантаў справы «Белага легіёну» аб маральнай кампенсацыі.

“Атрымліваецца, што любога чалавека можна кінуць за краты ў СІЗА, скажам, на паўгода альбо год, а затым сказаць, што справа закрыта і ніхто нікому не павінен”, – распавядае сайту palitviazni.info праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Як вядома, калектыўны пазоў падалі чатыры фігуранты справы «Аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў»: Андрэй Дундукоў, Віктар Мароз, Сяргей Стрыбульскі і Віктар Данілаў. У пазове была заяўлена сума кампенсацыі — 100 тысяч рублёў кожнаму. Па законе адказчыкам выступала міністэрства фінансаў.

Прадстаўнік Мінфіна заявіў, што пазоў не прызнае, бо спыненне крымінальнай справы не даказвае, што дзеянні органаў, якія вялі яго, былі незаконнымі, паведаміў tut.by.

У выніку суд вырашыў пазоў не задавальняць.

– Рашэнне ў пэўным сэнсе прадказальнае, – кажа Валянцін Стэфановіч. – Практыка ўжо склалася такая. Быў жа і раней зварот у суд з іскам да КДБ былога фігуранта справы аб масавых беспарадках “маладафронтаўца” Зміцера Крэмянецкага, але судовае рашэнне было такое ж самае – у іску адмовіць.

Хаця гэта не азначае, што мы не павінны гэтую сітуацыю крытыкаваць. Па-першае, сама працэдура кампенсацыі маральнай шкоды ў сувязі з незаконным утрыманнем пад вартай і пазбаўленнем волі досыць дзіўна выкладзена ў Працэсуальна-крымінальным кодэксе. Бо спачатку ты павінен звяртацца ў органы крымінальнага пераследу, каб яны пацвердзілі тваё права на кампенсацыю маральнай шкоды.

– Адным словам, права на кампенсацыю павінны вызначаць тыя, хто твой крымінальны пераслед і ажыццяўляў?

– Атрымліваецца менавіта так. Бо, калі вы патрабуеце кампенсацыю маральнай шкоды па іншых абставінах, то такіх працэдур няма. Вось, напрыклад, калі звярнуцца за кампенсацыяй у сувязі з распаўсюдам непраўдзівай інфармацыі, якая закранула ваш гонар і годнасць, вы ж не звяртаецеся спачатку да адказчыка, каб той пацвердзіў ваша права на зварот у суд.

– Але ж тыя фігуранты “справы патрыётаў”, якія патрабавалі каменсацыю, у адрозненні ад Зміцера Крэмянецкага не звярталіся спачатку ў органы крымінальнага пераследу, а пайшлі наўпрост у суд.

– Былі апасенні, што суд з гэтай нагоды адхіліць іск, і прадстаўнік Мінфіна якраз указваў на гэта ў сваіх выступах. Але суд адмовіў фігурантам “справы патрыётам” на той жа падставе, што і Крэмянецкаму – маўляў, ніхто не прызнаў незаконнымі меры стрымання, што ім былі абраны, усё рабілася па законе і згодна з працэдурамі, якія прадугледжаны.

– Атрымліваецца нейкае замкнёнае кола, у якім справядлівасць знайсці даволі складана…
– Больш за тое – сітуацыя неадназначная. Калі, напрыклад, прысуд быў адменены вышэйшай судовай інстанцыяй, і чалавек вызваляецца ў сувязі з адсутнасцю склада злачынства, то ў такім выпадку кампенсацыя выплочваецца. А калі вы знаходзіліся “пад следствам” ў СІЗА пэўны час, і справа да суда не дайшла з-за адсутнасці складу злачынства, то ў такім выпадку кампенсацыю вы не атрымаеце. Маўляў, ніхто не даказаў, што мера стрымання была незаконнай. І тут пытанне ў трактоўцы фармуліроўкі “незаконнае ўтрыманне пад вартай”.

Асабіста я лічу, што калі чалавек адсядзеў у СІЗА, а справу затым закрылі па рэабілітуючых абставінах, то адпаведна ўсе меры абмежавальнага характару трэба прызнаць незаконнымі. І чалавеку павінна быць выплачана кампенсацыя. А ў той сітуацыі, якую маем, атрымліваецца, што любога чалавека можна кінуць за краты ў СІЗА на паўгода альбо на год, а затым сказаць, што справа закрыта і ніхто нікому нічога не павінен. Маўляў, будзь шчаслівы, што наогул выпусцілі на волю. Гэта абсалютна ненармальная сітуацыя, і, мне падаецца, што старшыня Вярхоўнага суда ў гэтым выпадку павінен неяк адрэагаваць на супярэчлівую практыку ў такой катэгорыі справах. Таму што яна датычыцца не толькі фігурантаў “справы патрыётаў”, але і даволі шырокага кола іншых асобаў.

– Невінаватыя людзі некалькі месяцаў былі за кратамі, цярпелі іх сем’і і блізкія, і за гэта дзяржава зусім не нясе адказнасці?

– У любога чалавека, які ўтрымліваецца пад вартай, ёсць маральная шкода. Тут нічога і даказваць не трэба, бо арышт – гэта заўсёды шок для сям’і затрыманага, для яго самога. Гэта ў пэўным сэнсе таксама дыскрыдытуе яго ў вачах іншага грамадства, а ў выпадку са “справай патрыётаў” дзяржаўныя СМІ наогул зрабілі з фігурантаў ледзь не тэрарыстаў. Пра нормы этыкі і прэзумцыю невінаватасці тут нават і не ўспаміналі.

Яшчэ толкам ніхто не ведаў, у чым канкрэтна вінавацяць хлопцаў, а на БТ іх ужо прадстаўлялі, як эстрэмістаў і злачынцаў. Дарэхчы, суддзя на працэсе зазначыла, што фігуранты справы могуць звярнуцца ў суд да БТ і газеты Алміністрацыі прэзідэнта асобнымі іскамі і запатрабаваць ад іх кампенсацыю маральнай шкоды за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі. Праўда, і ў гэтым выпадку адказчыкі могуць спслацца на тое, што яны атрымалі інфармацыю ў дзяржаўных ораганах, пасля чаго проста яе рэтранслявалі. Таму, як бачым, сітуацыя складваецца такім чынам, што дабіцца тут справядлівасці вельмі і вельмі складана. Замкнёнае кола, якое стварыла дзяржаўная сістэма.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Чыгір
  • Эдуард Лобаў
  • Зьміцер Паліенка
  • Міхась Субач