Ігар Комлік: Шукаюць чорную кошку ў цёмным пакоі

Бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік распавёў сайту palitviazni.info пра “справу прафсаюзаў” і ціск на сябраў арганізацыі.

“Складваецца ўражанне, што камусьці проста трэба ўскладніць нам жыццё”, – кажа суразмоўца.

 

–Допыты сябраў арганізацыі працягваюцца, – кажа Ігар Комлік. – Па ўсёй краіне ўжо выклікалі на гутаркі каля 500 сябраў нашага прафсаюза, і гэтае кола пашыраецца. Зрэшты, ціск праяўляецца не толькі ў гэтым.

На мінулым тыдні памежнікі знялі з цягніка намесніка старшыні прафсаюза РЭП Зінаіду Міхнюк і каардынатара маладзёжнай сеткі Ганну Дусь, якія вярталіся з Вільнюса ў Мінск. Некалькі гадзін даглядалі асабістыя рэчы, затым адпусцілі. Зараз стала вядома, што ў такую ж сітуацыю патрапіў яшчэ адзін прафсаюзны актывіст Андрэй Стрыжак разам са сваёй жонкай.

Мне толькі не зусім зразумела, навошта затрымліваюць. Спачатку баяліся, каб мы не з’ехалі за мяжу, а зараз, відаць, ва ўладаў ёсць жаданне, каб не вярталіся. Нешта шукаюць у людзей, але што яны збіраюцца знайсці? Вось у чым пытанне!

– Забраную тэхніку сдедчыя вам пакуль не вярнулі?

– Не, яшчэ трымаюць у сябе. Маўляў, працягваецца нейкая экспертыза. Шчыра скажу, што без камп’ютарнай тэхнікі нам даводзіцца складана, бо, напрыклад, там знаходзіцца тая ж праграма “Кліент-банк”. І сёння мы нясем з-за гэтага дадатковыя выдаткі.

– Ці выклікаюць асабіста вас на допыты?

– Даўно ўжо не выклікалі, апошні раз быў у следчых, калі па нашай справе змянілася следчая група. І то гэта быў не допыт, а азнаямленне з тым, што справу будуць весці новыя следчыя. Тыя ж пакуль абыходзяцца без нашых паслуг. Відаць, усё што можна было даведацца ад нас, даведаліся папярэднія следчыя.

Таму зараз актыўна “працуюць” з іншымі сябрамі прафсаюза, каб за нешта зачапіцца. Як кажуць, шукаюць чорную кошку ў цёмным пакоі

– Як вядома, расследванне працягнута да 1 мая…

– Так, але ў следчых ёсць магчымасць і раней спыніць справу, як гэта было ў сітуацыі са “справай патрыётаў”. Але ж ніхто не ведае, па якому сцэнару будуць развівацца падзеі далей. Відавочна адно – нам хочуць ускладніць жыццё.

***

Бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік утрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

2 кастрычніка Ігар Комлік быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе, але расследаванне ідзе да гэтага часу. Расследванне справы працягнута да 1 мая.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Андрэй Пратасеня
  • Мікалай Дзядок
  • Уладзімер Хамічэнка