Сяргей Антончык: “Справу прафсаюзаў” з часам закрыюць…

Адзін з арганізатараў рабочага руху ў Беларусі, былы дэпутат Вярхоўна Савета Сяргей Антончык распавядае сайту palitviazni.info пра тое, навошта ўладам спатрэбілася “справа прафсаюзаў, і чым яна можа скончыцца.

“Як мне падаецца, самае галоўнае – хочуць запалохаць, – кажа суразмоўца. – І, натуральна, спрабуюць знайсці нагоды, каб нешта “накапаць”, бо доказная база, магчыма, слабая. Не выключана таксама, што ў прафсаюз яшчэ раней адмыслова ўкаранілі людзей, якія зараз могуць даць паказанні на кіраўніцтва арганізацыі.

Нагадаем, што бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік ўтрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

2 кастрычніка Ігар Комлік быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Расследванне па справе працягнута да 1 мая.

– Усё гэта зараз пераўтвараецца ў наўпроставы ціск на прафсаюзы з боку улады, – кажа Сяргей Антончык. – І не спыняюць справу, і да суда пакуль не даводзяць, таму што існуе вялікі розгалас. Усё-такі міжнародная прафсаюзная салідарнасць мае вагу, а беларускія ўлады хочуць не губляць тыя сувязі з Захадам, што напрацавалі апошнім часам.

Таму справа і знаходзіцца ў перманентным стане, але, думаю, што ў выніку яе закрыюць. Хаця, можа быць, якія-небудзь штрафы Фядынічу і Комліку прысудзяць за нейкія парушэнні.

– Прафсаюзных актывістаў затрымалі 2 жніўня, калі хваля вясновых пратэстаў ужо прайшла. Які сэнс было ў новай гучнай палітычнай справе?

– Рэпрэсіўная машына запрацавала, як толькі пачаліся пратэсты, а таму ўсё ішло па зараней спланаванаму сцэнару. Спыніць гэты ход не было немагчыма. Прафсаюз РЭП быў, напэўна, уключаны ў спіс тых, да каго трэба ўжыць рэпрэсіі, а далей – справа тэхнікі. А памятаеце колькі крычалі пра “справу патрыётаў”, пра стварэнне ў краіне ледзь не тэрарыстычнай арганізацыі! Чым гэта закончылася? Бурбалкай!

“Справу прафсаюзаў” таксама “разрэкламавалі”, а таму так проста яе не спыніць. Машына працуе, трэба будзе нешта прад’явіць грамадскасці па выніку раследвання.

– Ужо дапыталі каля 300 актывістаў прафсаюза РЭП. На ваш погляд, з якой мэтай “трасуць” гэтых людзей?

– Як мне падаецца, самае галоўнае – хочуць запалохаць. І, натуральна, спрабуюць знайсці нагоды, каб нешта “накапаць”, бо доказная база, магчыма, слабая. Не выключана таксама, што ў прафсаюз яшчэ раней адмыслова ўкаранілі людзей, якія зараз могуць даць паказанні на кіраўніцтва арганізацыі.

Адным словам, могуць быць самыя розныя варыянты развіцця падзей. Але падчас апошніях мясцовых выбараў улады паказалі, што яны могуць рабіць што заўгодна. Калі пастаўлена задача некага пасадзіць, то пасадзяць без роздуму. Але, як ужо казаў, тут уплываюць і знешнія чыннікі, бо, магчыма, уладам не патрэбна гучная палітычная справа, якую міжнародныя прафсаюзы затым прад’явіць беларускаму ўраду і спытаюць: “Што гэта такое?»

– Чаму удар прыйшоўся менавіта на прафсаюз РЭП? Некаторыя кажуць, што зараз незалежныя прафсаюзы не маюць такога ўплыву, як, скажам, у 90-я…

– Прафсаюзы і насамрэч не вельмі моцныя структуры, і чаму так адбываецца, – гэта тэма для асобнай размовы. Што ж датычыцца прафсаюза РЭП, то арганізацыя стала фінансавацца па іншай схеме, і гэта, безумоўна, не магло не зацікавіць уладныя і сілавыя структуры. У нашай краіне сістэма працуе так, што ўсё павінна адбывацца пад кантролем. Вось і пачаўся наезд на прафсаюз РЭП. Тое самае адбываецца і з партыямі ды грамадскімі арганізацыямі.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Зьміцер Бандарэнка
  • Павал Красоўскі
  • Яўген Васьковіч
  • Васіль Лявонаў
  • Юрый Лявонаў