Міраслаў Лазоўскі: Да канца гэтага месяца пракуратура павінна даць адказ

Следчы камітэт закрыў крымінальную справу супраць фігуранта «справы патрыётаў» Міраслава Лазоўскага, якому інкрымінавалася незаконнае захоўванне зброі: падчас затрымання ў сакавіку 2017-га ў багажніку яго машыны быццам бы знайшлі баявы аўтамат з патронамі.

“А да канца лютага прававую ацэнку павінна даць і пракуратура”, – паведаміў сайту  palitviazni.info Міраслаў Лазоўскі.

Нагадаем, што затрыманні па “справе патрыётаў” пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка гэтага года. Паведамлялася, што ў Беларусі “затрымалі дзясяткі баевікоў”, якія “трэніраваліся ў лагерах са зброяй”. Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб “падрыхтоўцы масавых беспарадкаў” (ч.3 арт.293 КК), пазней з’явілася абвінавачанне ў “стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім” (арт.287 КК).

Паступова фігуранты выйшлі на волю пад падпіску аб нявыездзе, а ў чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Беларусі.

Па справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў праходзіла 35 чалавек. З іх 20 абвінавачваліся яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фарміраванні.

У апошні дзень восені старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што “папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе скончана, 27 лістапада прынята рашэнне аб спыненні крымінальнага пераследу ўсіх фігурантаў па справе і аб спыненні самога расследавання крымінальнай справы”.

“Абяцалі, што да канца лютага пройдзе праверка пракурора па справе аб назаконным захоўванні зброі, якую закрыў Следчы камітэт, і я змагу атрымаць на рукі неабходныя паперы. – кажа Міраслаў Лазоўскі. – Як мне паведаміў адвакат, хутчэй за ўсё, гэта такая звычайная фармальнасць, бо, як ужо казаў, справа закрыта следчымі”.

Суразмоўца дадае, што пакуль яшчэ не ведае, ці будзе ён дамагацца высвятлення абставін з’яўлення ў яго справе зброі.

“Я ўжо не раз заяўляў, што не маю да гэтага аўтамата ніякага дачынення, – адзначае Міраслаў. – І ў той жа час цудоўна разумею, што знайсці справядлівасць у гэтай сітуацыі вельмі складана. Як казаў шаноўны спадар Віні-Пух: “Мёд — гэта дужа дзіўна прадмет. Калі ён ёсць, то яго адразу ж няма”. Тое самае і з гэтай зброяй…”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Шалайка
  • Алесь Бяляцкі