Андрэя Бяляўскага асудзілі, але пакінулі на волі

Суд Ленінскага раёна Мінска прысудзіў былога фігуранта “справы патрыётаў” Андрэя Бяляўскага да 1 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Ён абвінавачваўся ў захоўванні аднага патрона (ч. 2 арт. 295 Крымінальнага кодэкса).

Нагадаем, Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 21 сакавіка і абвінавачаны па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу – “Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках” і арт. 287 Крымінальнага кодэкса – “Стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання”. Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня са спыненнем справы па арт. 287 КК. Пад час ператрусу адразу пасля затрымання ў яго быў знойдзены спраўны патрон, паведамляе spring96.org.

12 снежня Следчы камітэт прад’явіў абвінавачванне маладому чалавеку па ч. 2 арт. 295 “Незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў” за захоўванне аднаго патрона.

Праваабаронцы заявілі, што ў выпадку, калі Андрэя Бяляўскага суд пакарае рэальным пазбаўленнем волі, такое пакаранне будзе расцэньвацца, як відавочна непрапарцыйнае і палітычна матываванае. У такім выпадку гаворка пойдзе аб прызнанні яго палітвязнем.

Суд прысудзіў яго да 1 года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.
“Гэта абсурдны прысуд, – пракаментаваў сайту palitviazni.info судовае рашэнне кіраўнік праваабарончай установы “Платформа” Андрэй Бандарэнка. – Столькі зроблена работы следчымі, экспертамі, крыміналістамі дзеля аднаго патрона! Столькі змарнавана дзяржаўных сродкаў! Няхай бы за гэта таксама прыцягнулі да адказнасці. А разам з гэтым няхай бы судзілі і “фрау “А”, з заявы якой (калі такая наогул была) і распачалася крымінальная “справа патрыётаў”. І няхай бы прыцягнулі да адказнасці тых, хто распаўсюджваў зараней ілжывую інфармацыю, бо “справа “Белага легіёна” развалілася”.

Дарэчы, у лістападзе мінулага году ў Гомелі суд вынес прысуд грамадзяніну Францыі Жалану Віё, які спрабаваў правезці праз беларуска-ўкраінскую мяжу патрон. Француза прызналі невінаватым і апраўдалі — за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства.

“Як мы бачым, з усяго “тэрарыстычнага “Белага Легіёна” сілавікам удалося знайсці ўсяго адзін патрон у Бяляўскага, – дадае Андрэй Бандарэнка. – І гэта выглядае некалькі камічна. Хаця судовае рашэнне знешне падаецца адносна мяккім, але ў сукупнасці ўсіх абставін вакол “Белага Легіёна”, яно толькі дыскрыдытуе судовую сістэму і следчыя органы”.

palitviazni.info

Фота: nn.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Квяткевіч
  • Дзяніс Дзянісаў
  • Юрый Лявонаў
  • Юры Казак
  • Сяргей Казакоў