Бацька Зміцера Паліенкі: Падтрымайце сына, калі вам не складана!

Актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў, якія лістуецца са Зміцерам Паліенкам, распавядае сайту palitviazni.info, што палітвязень па-ранейшаму апасаецца, што на яго могуць “павесіць” 411-ы артыкул.

“Сыну зараз вельмі патрэбна падтрымка”, – кажа Аляксандр Паліенка, бацька Зміцера.

 “Як вядома, Зміцера апошнім часам прэсавалі, адпраўляючы ў ШІЗА, але апошнім часам быццам бы нічога незвычайнага ў калоніі не адбываецца, – распавядае Вячаслаў Касінераў. – Хаця ён па-ранейшаму не выключае, што яго мэтанакіравана робяць злосным парушальнікам рэжыма. Могуць з часам “павесіць” 411-ы артыкул, які прадугледжвае крымінальнае пакаранне за дысцыплінарныя парушэнні”.

“Сын днямі даслаў паштоўку, – кажа Аляксандр Паліенка, бацька палітвязня. – Нічога асаблівага пра сваё жыццё не пісаў, але папрасіў, каб даслаў яму пасцельную бялізну і кіпяцільнік. Натуральна, пад Новы год і цукерак Зміцеру адпраўлю. Увогуле, кажа, што яму пішуць са словамі падтрымкі вельмі шмат людзей, і я разумею, як яму зараз гэта неабходна. Падтрымайце сына, калі вам не складана!”

Нагадаем, што Зміцеру Паліенку можна дасылаць лісты падтрымкі па адрасе: 213800 Магілёўская вобласць, г.Бабруйск, вул.Сікорскага, 1. ПК-2, атрад № 9.

***

Зміцер Паліенка – сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, З. Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Сырамолатаў
  • Антон Сурапін
  • Сяргей Гумінскі
  • Алег Корбан