Максім Вінярскі: Два месяцы ў гэтым годзе я правёў за кратамі…

Актывіст Максім Вінярскі – удзельнік практычна ўсіх акцый пратэсту. Яго пастаянна караюць штрафамі альбо “суткамі” адміністрацыйнага арышту, але гэта не спыняе чалавека, які вырашыў такім чынам выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю.

Максім Вінярскі распавёў сайту palitviazni.info пра час, праведзены ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, пратэсты і ўзровень рэпрэсій.

– Каля двух месяцаў я правёў на Акрэсціна за ўдзел у розных мерапрыемствах, – распавядае Максім. – Як там даводзілася? Калі ты выходзіш супрацьстаяць уладзе, то павінен быць гатовы да таго, што могуць адправіць далёка не ў санаторый. Да слова, нічога страшнага ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў няма. Натуральна, не вельмі прыемна, калі ў цябе забіраюць час, парушаюць планы. Але ж нават там можна знайсці метады, каб адстойваць свае правы, правы сяброў і нават правы тых незнаёмых, хто з табой побач у камеры.

– А якое стаўленне да “палітычных” у супрацоўнікаў Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў?

– Кіраўніцтва апошнім часам забараняла перадаваць асадкі, яшчэ нешта, але ў той жа час не магу сказаць і пра нейкае асабліва дрэннае стаўленне. Яны лічаць, што выконваюць свае функцыі, робяць тое, што ім загадалі. А нашая справа – не забываць ім нагадваць, што ўсім тым незаконным дзеянням, што робяцца, у свой час будзе дадзена суадносная прававая ацэнка.

Але, паўтаруся, не магу сказаць, што на Акрэсціна нейкія вельмі ўжо дрэнныя ўмовы ўтрымання, і што мяне там моцна пераследавалі.

– За год вы правялі ў камерах ізалятара каля двух месяцаў. Што за публіка была ўвесь гэты час побач з вамі?

– Розныя людзі. Тыя, каго затрымалі нецвярозымі, хто патрапіў на “суткі” праз нейкія сямейныя скандалы альбо крадзяжы з крамаў. Але хачу адзначыць, што ўсе яны скардзяцца на міліцыю. У некаторых выпадках міліцыянты дапісвалі сядзельцам ізалятара неіснуючыя парушэнні закона, і гэта, натуральна, абурала людзей. Многія проста апынуліся, што называецца, не ў тым месцы і не ў той час. Прыйшоў, скажам, чалавек на кватэру, якая знаходзіцца пад наглядам міліцыянтаў, яго затрымліваюць “на аўтамаце”. І калі не знаходзяць, як апраўдаць свае дзеянні, адпраўляюць на “суткі”.

Многія скардзяцца, што няма ніякага суду, што міліцыянты фактычна дамаўляюцца з суддзямі, а таму апраўдаць сябе практычна немагчыма. Навошта тады такія спектаклі ладзіць, калі ёсць папярэднія дамоўленасці? Няхай бы і на самай справе адразу ў РУУС выпісвалі штрафы і суткі адміністрацыйнага арышту. Такія беларускія рэаліі, пра якія ўсе ведаюць. Самае цікваае, што потым гэтых самых суддзяў і міліцыянтаў на еўрапейскія грошы будуць вучыць правам чалавека. Сто гадоў ім гэтыя правы не патрэбны! Яны не выконваюць нават тыя законы, якія ёсць у краіне. Пасля адмены ўлады гэтыя законы трэба змяняць, але ж і сёння яны не дзейнічаюць.

– А як сядзельцы ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ставяцца да “палітычных”?

–  Абсалютна прыязна, хаця ўсё залежыць і ад кантынгента на канкрэтны момант. Але, як ужо казаў, большасць пакрыўджаны на ўладу і пакрыўджаны абсалютна па справе. Там рэдка сустракаеш чалавека, які б сказаў, што задаволены сёняшняй беларускай сістэмай. І справа не ў тым, што туды трапляюць, як кажуць, “асацыяльныя элементы”. Закон павінен быць адзін для ўсіх. А справядлівасці няма, і гэта адчуваюць усе. І бамжы, і “палітычныя”, і звычайныя беларусы, якія жывуць сваім нейтральным жыццём, але таксама трапляюць у сітуацыю, калі ўлада дае ім нагой пад адно месца.

– Зараз палітычныя актывісты атрымліваюць штрафы і суткі арышту, таму некаторыя лічаць, што ўзровень рэпрэсій у каріне значна знізіўся. Ці згодны вы з гэтым?

– Той, хто кажа, што сёняшні ўзровень рэпрэсій знізіўся, – гэта чалавек, які з гэтым узроўнем не сутыкаўся, а, магчыма, пра нешта пачытаў у Інтэрнэце. “Змагароў на канапе” сёння ў Беларусі вялізная колькасць.

Але давайце прааналізуем, што маем насамрэч? Не закрытая гучная крымінальная “справа патрыётаў”, па ёй працягваюцца нейкія дзеянні, і, хутчэй за ўсё, хлопцам будуць прысуды. Праваабаронцамі афіцыйна прызнаны два палітычныя зняволеныя – Зміцер Паліенка і Міхаіл Жамчужны, якія да гэтага часу знаходзяцца за кратамі. Акрамя таго, ёсць палітычна матываваныя прысуды. Таму казаць, што ў краіне няма рэпрэсій, здольныя толькі палітыкі-імітатары. Ёсць і такія, хто хоча заняць нішу “дамоваздольнай апазіцыі”.

Такім людзям я б параіў падлічыць колькасць адміністрацыйных спраў (штрафаў і арыштаў), якія былі пасля 25 сакавіка гэтага году.

– Але Захад, відаць, задаволены і тым, што ёсць…

– Дык Захаду правільна трэба сітуацыю падаваць. Іншая пытанне: людзі свядома ў зман уводзяць еўрапалітыкаў альбо па глупству? Хаця вынік адзін і той жа.

– Вы выходзіце практычна на ўсе акцыі пратэсту. Гэта такая прынцыповая гарамадзянская пазіцыя?

– Безумоўна. На мой погляд, нельга маўчаць, калі ты бачыш, што ў краіне адбываецца нейкая несправядлівасць. І чым больш людзей будзе займаць такую актыўную пазіцыю, тым менш будуць згодныя маўчаць і хаваць сваю незадаволенасць. Гэтую сістэму можна прымусіць змяняцца толькі праз пастаянны на яе ціск. У беларускай апазіцыі не ўсе разумеюць, што, калі ты саступаеш, то адабраць свае ранейшыя пазіцыі будзе куды складаней. І чым больш будзеш саступаць сістэме, якая на цябе цісне, тым цяжэйшы будзе зваротны шлях.

palitviazni.info

Фота: novychas.by

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Арцём Дубскі
  • Аляксандар Квяткевіч
  • Мікола Статкевіч
  • Павал Красоўскі