Генадзь Фядыніч: Нікога не цікавіць, у якіх умовах вымушаны працаваць незалежныя прафсаюзы ў Беларусі

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў сайту palitviazni.info пра перспектывы “справы прафсаюзаў”.

“Мы не прыпынялі сваю дзейнасць. Але, калі пачынаецца такі ціск, то хочаш альбо не хочаш, але на нервах усё роўна сказваецца”, – кажа Генадзь Фядыніч.

Як вядома, Мінскі гарадскі суд разгледзеў касацыйную скаргу на рашэнне суда Партызанскага раёна аб змяненнні меры стрымання ў дачыненні да прафсаюзнага актывіста Ігара Комліка.

У выніку – скарга не задаволеная: палітвязень будзе і надалей утрымлівацца пад вартай, прынамсі, пакуль не завяршыцца следства па крымінальнай справе аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры ( ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу РБ), паведамляе spring96.org .

Ігар Комлік знаходзіцца пад вартай з 2 жніўня і ўтрымліваецца ў следчым ізалятары №1 Г. Мінска.

Супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі 2 жніўня правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакументаў у офісе прафсаюза РЭП і цэнтральнага офіса БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгалтар Ігар Комлік. Генадзь Фядыніч быў дапытаны і адпушчаны да суда, а Ігара Комліка пакінулі пад вартай.

Праваабарончыя арганізацыі Беларусі заявілі, што лічаць Ігара Комліка палітвязнем.

– Пакуль ніякіх асаблівых навін па справе няма, – кажа Генадзь Фядыніч. – Як вядома, Ігара Комліка пакінулі пад вартай, будзем спадзявацца, што ў бліжэйшы час, можа быць, сітуацыя зменіцца ў лепшы бок.

– Розныя эксперты робяць самыя розныя прагнозы. А што думаеце вы з гэтай нагоды?

– Мяркую, гэтыя прагнозы нельга ўспрымаць сур’ёзна, бо ўсе мы ведаем, у якой краіне жывем. Напэўна, рашэнне ўсё-такі будзе прымацца на палітычным узроўні, а таму цяжка сказаць, якое яно будзе.

Зараз, следчыя вывучаюць тую макулатуру, што забралі ў нас, інфармацыю з канфіскаваных флэш-картаў…Мы пісалі, каб хаця б далі магчымасць здаць бухгалтарскія справаздачы за квартал, бо трэба ж далей працаваць. Але афіцыйнага адказу пакуль няма. Камп’ютары таксама забралі і, відаць, у бліжэйшы час ніхто не збіраецца іх вяртаць.

– Адным словам, паралізавалі працу вашага незалежнага прафсаюза…

– Я б не сказаў, што зусім паралізавалі, але складанасцей значна дадалі. І ў стары рытм працы мы да гэтага часу так і не змаглі вярнуцца.

– Што піша ў лістах Ігар Комлік?

– Хачу сказаць, што з Ігарам не толькі лістуюся, але і шмат сябраў нашага прафсаюза яму пішуць. Амаль кожны дзень адказвае. Ведаю, што ў яго камеры чатыры чалавекі, звычайны турэмны рэжым.

– На здароўе не скардзіцца?

– У яго праблемы са зрокам, таму неабходны кроплі, якія і перадаем. А так займаецца ранішняй гімнастыкай, калі выводяць на прагулку, стараецца, як мага больш рухацца.

– Вы і Ігар Комлік па-ранейшаму знаходзіцеся ў статусе абвінавачваемых?

– Так, гэты статус не змяняўся.

– Некаторыя паспрабавалі знайсці паралелі паміж “справай прафсаюзаў” і  “справай Алеся Бяляцкага”, які атрымаў тэрмін зняволення па тым жа артыкуле, па якім вінавацяць і вас…

– У пэўнай ступені так. Нас вінавацяць у нясплаце падаткаў, хаця нікога не цікавіць, у якіх умовах вымушаны працаваць незалежныя прафсаюзы ў Беларусі. Як нікога не цікавілі і ўмовы працы праваабарончай арганізацыі. Адметна, што знайшлі парушэнні ў нашай працы за 2011 год. А чаму не за мінулы год, не за гэты? Таму ёсць шэраг пытанняў, на якія адказаў не маем.

– У вас ужо быў час прааналізаваць сітуацыю. Чаму, на ваш погляд, з’явілася “справа прафсаюзаў”?

– Улады даўно сачылі за нашай дзейнасцю, і мы памятаем тыя вобшукі, што былі ў нашым офісе ў 2011 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў. Тады таксама камп’ютарную тэхніку забралі. Актыўнасць прафсаюза, відаць, вырашылі прыглушыць.

– Як зараз жыве і працуе прафсаюз РЭП?

– Жыццё працягваецца. Людзі па-ранейшаму ўступаюць у прафсаюз, аказваем юрыдычныя кансультацыі… Мы не прыпынялі сваю дзейнасць. Але, калі пачынаецца такі ціск, то хочаш альбо не хочаш, але на нервах усё роўна сказваецца. Крымінальная ж справа не закрытая, на офіс накладзены арышт. Нам інкрымінуюць нясплату падаткаў у памеры 22 тысячы рублёў, але ж нават не ведаем, адкуль узятыя гэтыя лічбы. Таму расследванне працягваецца, мы пакуль працуем. А як будзе далей – час пакажа.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Жамчужны
  • Наста Дашкевіч
  • Максім Дашук
  • Настасься Азарка
  • Мікіта Емельянаў