У чым падабенства “справы патрыётаў” і “справы прафсаюзаў”?

Былы палітвязень Павел Севярынец лічыць, што падабенства ў гэтых дзвух крымінальных справах ёсць і вельмі сур’ёзнае.

“Людзі становяцца закладнікамі гульняў улады”, – распавядае палітык сайту palitviazni.info.

Нагадаем, што затрыманні па “справе патрыётаў” пачаліся пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі 21 сакавіка, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лагерах са зброяй». Цягам некалькіх дзён стала вядома пра 35 затрыманых. Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (ч.3 арт.293 Крымінальнага кодэкса), пазней з’явілася абвінавачанне ў «стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання і ўдзеле ў ім» (арт.287 КК). У чэрвені справа была перададзена ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь, але затым паступова ўсіх вызвалілі.

Зараз пераслед фігурантаў за «падрыхтоўку масавых беспарадкаў» спынены, але не спынена сама справа.

“Справай прафсаюзаў” зараз займаецца Следчы камітэт, якому яе перадаў Камітэт Дзяржаўнага кантролю.

Крымінальная справа распачата УДФР Камітэта дзяржаўнага кантролю па Мінскай вобласці і гораду Мінску 1 жніўня. У якасці падазраваных прыцягнутыя дзве асобы.
Крымінальная справа супраць Генадзя Фядыніча, старшыні прафсаюза, і Ігара Комліка, бухгалтара, распачата 2 жніўня. Іх вінавацяць у нясплаце падаткаў у асабліва буйным памеры. Ігара Комліка утрымліваюць пад вартай.

Фядынічу і Комліку пагражае да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

“Справы падобныя, бо ў абодвух выпадках людзі сталі закладнікамі палітычных гульняў улады, – кажа Павел Севярынец. – Людзі становяцца прадметам гандлю, і, як мы бачым, канвеер палітвязняў не спыняецца, а працуе ўжо некалькі дзесяцігоддзяў у звычайным рэжыме. На жаль, Еўропа заплюшчыла вочы на гэтую сітуацыю і дзейнічае са сваіх меркантыльных інтарэсаў”.

Са слоў Севярынца, не выключана што некаторыя фігуранты гэтых спраў могуць атрымаць рэальныя тэрміны зняволення.

“Усё можа быць, – аналізуе сітуацыю палітык. – Калі Захад не палічыць патрэбным даваць грошы, то могуць падключыць любыя рычагі. Ужо неаднойчы было, што палітычныя зняволеныя станаваліся прадметам гандлю ў брудных палітычных гульнях, таму нічога выключаць нельга. Могуць людзей адправіць і за краты. Усё будзе залежыць ад сітуацыі”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Казакоў
  • Валеры Шчукін
  • Тацяна Цішкевіч
  • Вадзім Лабковіч
  • Міхаіл Пашкевіч