Міхаіл Жамчужны: Не забывайце пра мяне

Палітвязень Міхаіл Жамчужны, якога не так даўно перавялі адбываць пакаранне ў Горкі, просіць, каб яму дасылалі лісты.

“Пакуль Міхаіл на калонію не скардзіцца, зараз ён праходзіць адаптацыю да новых умоў”, – паведаміў сайту palitviazni.info праваабаронца Леанід Свецік, якому Жамчужны днямі прыслаў чарговы ліст.

 

Як паведамлялася, не так даўно палітычны зняволены Міхаіл Жамчужны быў нечакана пераведзены з Ваўкавыска ў Горацкую папраўчую калонію №9.

“У лісце з Горак Міхаіл піша, што зараз знаходзіцца ў каранціне, – распавядае Леанід Свецік. – Звязвае свой перавод у Горкі з тым, каб ён не патрапіў на паседжанне Мінскага абласнога суда аб аднаўленні тэрмінаў абскарджвання некалькіх апошніх спагнанняў, якія яму былі вынесены яшчэ ў Навасадах. Зараз якраз і чакае вынікаў таго суда”.

Міхаіл Жамчужны таксама паведамляе, што ў новай калоніі яго прынялі добразычліва, ніякага негатыўнага стаўлення няма.

“Калонія “зялёная”, ёсць дзе прагуляцца, – напісаў палітвязнеь. – На ежу таксама скардзіцца асабліва не даводзіцца… Не забывайце пра мяне, дасылайце лісты. І надрукуйце, калі ласка, мой новы адрас: 213410, Магілёўская вобласць, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16. ПК-9, “Каранцін”.

“Ліст вельмі кароткі, відаць, пасля этапа Міхаіл яшчэ адаптуецца да ўмоў у новай калоніі”, – дадае Леанід Свецік.

***

Заснавальнік “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку — паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным зняволеным.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Васіль Старавойтаў
  • Алег Волчак
  • Валеры Шчукін
  • Павал Сырамолатаў