Юрый Рубцоў абскардзіў адмову ў прадастаўленні яму палітычнага прытулку ў Германіі

Не так даўно Германія адмовіла ў прытулку былому беларускаму палітвязню Юрыю Рубцову. Пасля гэтага Юрый збіраўся вярнуцца ў Беларусь, але перадумаў.

“Пры юрыдычнай падтрымцы “Міжнароднай амністыі” я падаў апеляцыю на адмову, – распавёў ён сайту palitviazni.info. Апеляцыя можа быць разгледжана на працягу паўгода”.

Нагадаем, што гамяльчанін Юрый Рубцоў стаў вядомы як “чалавек-майка”. На вулічныя акцыі апазіцыі ў Мінску ён выходзіў у майцы з палітычнымі надпісамі. Самым вядомым стаў лозунг “Лукашэнка, сыходзь!”. У кастрычніку 2014 года Рубцова асудзілі на два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу, абвінаваціўшчы ў абразе суддзі. На “хіміі” Рубцоў адмаўляўся працаваць, патрабуючы годны заробак, і трымаў галадоўку. Ён зрабіў сабе на грудзях тату “Лукашэнка, сыходзь”.

28 мая 2015 года суд прыгаварыў Рубцова да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму. Але 22 жніўня яго ў ліку іншых палітвязняў памілаваў сваім указам Аляксандр Лукашэнка. Пасля гэтага Юрый Рубцоў папрасіў палітычны прытулак у Германіі, рашэння давялося чакаць каля году. Яно аказалася не на карысць былога беларускага палітвязня.

– Калі я ўважліва прачытаў адмову, то звярнуў увагу, што ў дакументах былі скажоныя факты, – распавядае Юрый Рубцоў. – Напрыклад, я даваў адзін адказ, а ў пратаколе запісалі зусім іншы. Тое самае і ў сітуацыі з жонкай. Яна казала, што ўжо 4 гады знаходзіцца на пенсіі, а пратаколе запісана, што жонка чатыры гады не працавала, а затым пайшла на пенсію.

— Раней вы збіраліся вярнуцца ў Беларусь…

— Адзін журналіст нагадаў мне, што я быў у Беларусі на прафілактычным уліку, а затым яго парушыў. Стала відавочным, што, калі вярнуся, то мне “свеціць” рэальны тэрмін зняволення. У Нюрнбергу, дзе я зараз знаходжуся, ёсць філіял арганізацыі “Міжнародная амністыя”, дзе мне і парэкамендавалі абскардзіць рашэнне нямецкіх уладаў. Больш за тое – гэтая арганізацыя знайшла мне адваката, які і будзе займацца гэтай справай. Апеляцыю мы падалі своечасова, таму зараз застаецца толькі чакаць суда, які і вынесе рашэнне. Такім чынам, я ізноў у чаканні.

– Праз колькі можа быць разгледжана апеляцыя?

– Прыкладна на працягу паўгода.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксей Янушэўскі
  • Настасься Азарка
  • Алег Гнедчык