“Улады заўсёды кідалі за краты лепшых сыноў і дачок Беларусі…”

Масавыя затрыманні ў Беларусі працягваюцца. Па звестках праваабаронцаў, з 3 па 22 сакавіка затрымана больш за 270 чалавек, хаця лічба пастаянна змяняецца.

Ці працягнуцца рэпрэсіі ў краіне? Ці пойдуць беларускія ўлады на тое, каб у турмах з’явіліся новыя палітычныя зняволеныя? З гэтай нагоды сайту palitviazni.info выказваюць свае меркаванні былыя палітвязні.

Як паведамляе spring96.org, з 3 сакавіка ўлады пачалі ўжываць жорсткія рэпрэсіі супраць удзельнікаў грамадзянскіх і сацыяльных акцый – у абарону Курапатаў у Мінску і супраць прэзідэнцкага Дэкрэта №3 у многіх гарадах Беларусі.

Акрамя таго, 21-22 сакавіка спецслужбамі былі затрыманы 17 чалавек з прад’яўленнем абвінавачвання ў падрыхтоўцы “масавых беспарадкаў” па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса РБ.

Як раней заявіў Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі “затрымалі пару дзесяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй”. Паводле слоў Лукашэнкі, адзін з лагераў быў у раёне Бабруйска і Асіповічаў, астатнія ва Украіне, “у Літве ці ў Польшчы”. Грошы баевікам “ішлі праз Польшчу і Літву”.

Як інфармуе Delfi, міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус ужо назваў гэтую заяву выдумкай і высмактанымі з пальца небыліцамі. Лінкявічус заклікаў улады Беларусі на фоне напружанай сітуацыі, якая склалася ў нашай краіне, спыніць штучны пошук ворагаў унутры краіны і ў замежжы, паважаць правы чалавека. Ён падкрэсліў, што ад гэтага будуць залежаць адносіны Беларусі і Еўрасаюза.

“У недалёкім мінулым мы бачылі пазітыўныя знакі, мы б хацелі, каб сітуацыя не разгарнулася ў горшы бок. Спадзяемся, што мы не вернемся да сітуацыі , калі ў Беларусі былі палітычныя зняволеныя”, — сказаў Лінас Лінкявічус.

Што думаюць пра гэта былыя палітвязні?

Сяргей КАВАЛЕНКА:

– Мяркую, што без умяшальніцтва Масквы тут не абышлося. А як будуць разгортвацца падзеі? Час пакажа. Думаю, Беларускі Народ пераможа…

Уладзімір КОБЕЦ:

– Трэба разумець, што палітвязні ў Беларусі і зараз ёсць. Менш тытулаваныя, але ўсё-роўна палітычныя. Існая ўлада не супакоіцца ніколі – яна паказвае сваю сапраўдную сутнасць і антыбеларускі характар. Яны кідалі і кідаюць за краты лепшых сыноў і дачок Беларусі.

Мікола Дзядок:

– Я лічу, калі не будзе паўтору 2010 году ці прамога дзеяння дэманстрантаў падчас акцыі 25 сакавіка супраць улады і міліцыі, то і палітвязняў не будзе. У астатніх выпадках улада не спыніцца ні перад чым. І нават не паглядзіць на адносіны з Захадам, каб захаваць “стабільнасць”.

Андрэй Клімаў:

– На мой погляд, хваля рэпрэсій узрасце, а некаторым могуць даць не толькі “суткі”, але і рэальныя турэмныя тэрміны. Уладу, што называецца, “панесла”…

Вячаслаў Сіўчык:

– Людзі, якія затрыманыя па крымінальнай справе, якая ўзбуджана пасля ўсім вядомых заяў, – гэта ўжо палітычныя зняволеныя. Але мой прагноз – будуць і новыя палітвязні. Нават пры спыненні апошняй хвалі рэпрэсій. А, калі ўлады не будуць абмежаванныя ў рэпрэсійных захадах, то будзе вялікая колькасць палітвязняў.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Мікіта Ліхавід
  • Вадзім Лабковіч