Урачэбная камісія хадайнічала перад судом аб зняцці з Аляксандра Лапіцкага меры прымусовага лячэння

Днямі ўрачэбная камісія Рэспубліканскай псіхіятрычнай клінікі разглядзела “справу Лапіцкага” і накіравала ў суд дакументы аб змяненні яму меры стрымання.

Аляксандр ЛапіцкіПенсіянер, якога праваабаронца прызналі палітвязнем, 14 лістапада па рашэнні суда быў накіраваны на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычную клініку.

Як стала вядома сайту palitviazni.info, 14 лютага, праз тры месяцы пасля знаходжання Лапіцкага ў лякарні, была склікана “ўрачэбна-кансультацыйная камісія для вырашэння пытання адносна магчымасці спынення судом прымянення прымусовых мераў бяспекі альбо лячэння”.

“Са слоў Аляксандра Лапіцкага, 17 лютага урачы клінікі даслалі ў суд Фрунзенскага раёна Мінска дакументы аб зняцці з яго мераў прымусовага лячэння, бо такое не патрабуецца, — паведаміў кіраўнік арганізацыі “Праваабарончая дапамога насельніцтву” Алег Волчак. – Я наведаў пенсіянера ў клініцы і паведаміў, што на волі яго многія чакаюць і нават сабралі яму пэўную суму грошай – больш за 600 еўра”.

Праваабаронца адзначае, што суд можа разглядзець дакументы з лякарні прыкладна праз паўтары месяца.

“На жаль, увесь гэты час Аляксандр Лапіцкі па-ранейшаму будзе знаходзіцца ў псіхіятрычнай клініцы, – дадае Алег Волчак. – Пенсіянер вельмі цяжка пераносіць гэта, перажывае. Цукар падняўся, пачаліся праблемы х сэрцам… Будзем чакаць яго хутчэйшага вызвалення”.

 ***

Аляксандр Лапіцкі – 81-гадовы пенсіянер з Мінску.

У 2011 годзе Лапіцкі пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы на пенсіняера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суду.

12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ўстаноўлена, што Лапіцкі Аляксандр Нікіфаравіч здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 («Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтыя дзеянні ім былі здзейсненыя ў несвядомым стане. У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. У выніку абскарджанняў, у задавальненні скаргаў было адмоўлена і пастанова суда набыла законную сілу.

14 лістапада стала вядома, што Аляксандр Лапіцкі быў прымусова накіраваны ў псіхіятрычны шпіталь.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Уладзімер Кудзінаў
  • Сяргей Башарымаў
  • Кацярына Садоўская