Міхась Кукабака: Большасць майго пакалення замбіравалася прапагандай ледзь не з пялёнак…

kukabaka_tut_20143 снежня беларускаму дысідэнту-антысаветчыку, былому палітвязню Міхасю Ігнатавічу Кукабаку споўнілася 80 гадоў.

8 снежня ў Бабруйску адбудзецца прэзентацыя кнігі і сустрэча з Міхасём Кукабакам.

Міхась Кукабака – беларускі і савецкі праваабаронца, палітычны вязень, аўтар публіцыстычных матэрыялаў, якія ў 1970–1980-я распаўсюджваліся праз самвыдат і замежныя радыёстанцыі.

Нарадзіўся і рос у Бабруйску, пяць гадоў выхоўваўся ў дзіцячым доме. 16-гадовым выпускніком рамеснага вучылішча быў пасланы ў Сібір на «будоўлю камунізму». Пасля жыццё закідвала яго ў розныя рэгіёны Савецкага Саюзу: Узбекістан, Казахстан, Украіну, Расію. Горадам, дзе пачалася яго актыўная дысідэнцкая дзейнасць, ён называе Кіеў — там здарыўся і першы выклік у КДБ. Упершыню быў арыштаваны ў 1970 годзе, калі жыў ва Уладзімірскай вобласьці. З тых часоў пачалася яго турэмна-лагерная эпапэя.
За амаль 17 гадоў зняволення Міхась Кукабака тройчы быў ізаляваны ў вар’ятні. Ён стаў ахвярай выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных мэтах.

У 1991 годзе Міхася Кукабаку рэабілітавалі. Зараз ён жыве ў Маскве, працуе ў Маскоўскай Хельсінкскай групе.

Два гады таму Міхась Ігнатавіч прыязджаў на Радзіму па запрашэнні беларускіх праваабаронцаў. Вось што ён распавёў:

Пра тое, як стаў “антысаветчыкам”

– Шчыра скажу, гэты шлях быў доўгі і складаны. Большасць майго пакалення замбіравалася прапагандай ледзь не з пялёнак, мы ўсе спачатку верылі амаль кожнаму слову партыйных кіраўнікоў. Калі і выяўляліся нейкія хібы, то яны спісваліся на “асобныя недахопы”. Гэта была ўніверсальная формула, як тады казалі, самай справядлівай і перадавой сістэмы.

Але ў маёй свядомасці важную ролю адыграла смерць Сталіна і прыход да ўлады Хрушчова, які, як пісаў Салжаніцын, “приподнял край окровавленной рогожи”. Стала вядома пра сталінскія рэпрэсіі, краіна крыху адкрылася. Людзі пачалі атрымліваць больш інфармацыі, з’явіліся нарысы, якія больш-менш праўдзіва апісвалі, якое жыццё “там”. Натуральна, многія пачалі задумвацца і аналізаваць. Ды і за анекдоты ўжо не саджалі. Я таксама цікавіўся тым, што робіцца ў свеце, а пасля стаў задавацца пытаннем: чаму ў самай справядлівай краіне ў свеце людзі не могуць свабодна паехаць за мяжу? Мая свядомасць бурліла, шукала адказы на многія пытанні і не знаходзіла іх.

Пра падзеі ў Чэхаславакіі

– Гэта была для мяне апошняя кропля. Затым да ўлады прыйшоў Брэжнеў, інфармацыі стала менш. Аднавілі крымінальны артыкул “Паклёп на савецкую рэальнасць”. Пачаліся рэпрэсіі супраць пісьменнікаў, якія пісалі праўду, яны вымушаны былі друкавацца за мяжой. Многіх судзілі…

Я не быў ні пісьменнікам, ні журналістам, але пачаў пісаць скаргі і запыты. І, калі ўвялі войскі ў Чэхаславакію, зразумеў, што не павінен маўчаць. Кожны чалавек у сілу сваіх сціплых магчымасцяў можа пратэставаць супраць бандыцкіх паводзін улады. Пасля таго як мяне выклікалі ў ваенкамат, я прама ў вочы сказаў ваенкому: “Паспрабуеце мяне накіраваць служыць у ЧССР, і я павярну аўтамат супраць вас”. Быў вялікі скандал, я стаў “непажаданай персонай”. Гэта адбівалася на рабоце, заробку… Тым часам яшчэ і ў Генеральнае консульства Чэхаславакіі я напісаў ліст-пратэст для заходняга друку, ігнараваў выбары і суботнікі.

Праз нейкі час пайшлі пагрозы, падключыўся КДБ, у партыйныя структуры пачалі выклікаць маіх таварышаў. Вымушаны быў звольніцца з работы. Так пачыналася мая “антысавецкая” дзейнасць. Я быў просты рабочы, філасофіяй не займаўся. Аднойчы пракурор запытаўся ў мяне: “Чаму вы, Кукабака, так настойліва выступаеце супраць савецкай улады?” Адказваю: “Савецкая ўлада — ад слова “советоваться”. А вось я прыйшоў да высновы, што з простымі людзьмі ніхто не раіцца. Так што за сапраўдную “савецкую ўладу” людзям яшчэ трэба змагацца”. У той жа момант на мяне накінулі кайданкі.

Пра сяброў у Беларусі, з якімі хацелася б сустрэцца

– У савецкія часы сябраваць са мной было небяспечна. Дарэчы, хоць я і выступаў супраць савецкай улады, але ніколі не дзяліў людзей на чорных і белых. У Саюзе было каля 20 мільёнаў камуністаў, нельга ж было казаць, што ўсе яны мярзотнікі. І ў маёй турэмна-лагернай біяграфіі сустракаліся прыстойныя людзі, пра якіх да гэтага часу ўспамінаю з удзячнасцю. Напрыклад, дырэктар камбіната ў Бабруйску пакінуў мяне жыць у інтэрнаце, хоць КДБ рабіў усё, каб мяне адтуль выгналі. Гэты дырэктар таксама быў камуністам, я яму нават распавёў, за што мяне пераследуюць. Ён выслухаў і кажа: “У цябе ж бацькоў няма, давай табе са спецыяльнага фонду матэрыяльную дапамогу вызначу”. А я ж з гонарам быў, адказваю: “Вы хочаце, каб я ад гэтай дзяржавы падачку браў?! З голаду буду паміраць, а не вазьму”. Той толькі рукой махнуў: “Відаць, Кукабака, цябе не дарэмна ў псіхбальніцу накіроўвалі”.

Быў і іншы добры чалавек — доктар Мельнікаў з Магілёўскай “псіхушкі”. Калі мяне накіравалі ў бальніцу, доктар сказаў: “Ты патрапіў да нас, а значыць, цябе трэба лячыць. Лекі выпішам, але ў рот табе заглядваць не збіраемся”. Даў зразумець, што тыя лекі прымаць неабавязкова, ніхто кантраляваць не будзе. Гэты чалавек ставіўся да мяне максімальна далікатна. Так што свет быў не без добрых людзей…

Пра змаганне з сістэмай

– Я зразумеў, што нават у самыя цяжкія жыццёвыя моманты не варта губляць аптымізм. Калі чалавек адчувае, што праўда на ягоным баку, варта ісці да канца. Калі сядзеў ва Уладзімірскім цэнтрале, мяне закінулі ў ледзяную камеру. З раніцы да вечара гімнастыку рабіў, каб сагрэцца. І вось аднойчы распрануўся да пояса, нейкія фізічныя практыкаванні раблю, і тут заходзіць “афіцыйная дэлегацыя” — адміністрацыя турмы, начальніца санчасці, якая вызначалася сваім жорсткім характарам. Апошняя паглядзела на абстаноўку ў камеры, на мяне і кажа: “Скаргі ёсць?” — “Няма”. — “Пажаданні?” — “Таксама ніякіх”. — “Самаадчуванне?” — “Цудоўнае”. Паглядзела на мяне, памаўчала, а на развітанне сказала: “Ты, Кукабака, выглядаеш, як сапраўдны вязень”. А праз некалькі гадзін мяне перавялі ў цёплую камеру. Так што вельмі правільны турэмны прынцып: “Не вер, не бойся, не прасі”. Ён, дарэчы, актуальны і сёння…

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні