Таццяна Равяка: Чалавек не можа быць пакараны за адно і тое ж двойчы

3619bdc9-62e9-41e6-a609-ffaa1a7ac3ce_cx33_cy4_cw51_w987_r1_s_r1-263x20014 лістапада Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта ў дачыненні да праваабаронцы Андрэя Бандарэнкі, які знаходзіцца ў турме, узбуджаная крымінальная справа па ч. 2. арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Праваабарончая супольнасць зрабіла заяву: калі Бандарэнка будзе асуджаны па вышэйназваным артыкуле, гэта дазволіць кваліфікаваць яго ў якасці палітычнага вязня.

Андрэй Бандарэнка – праваабаронца, вядомы тым, што з 2011 да 2014 года кіраваў праваабарончай ініцыятывай «Платформа», якая назірала за ўмовамі ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі, ажыццяўляла абарону грамадзянскіх правоў зняволеных, выкрывала выпадкі жорсткага абыходжання са зняволенымі з боку прадстаўнікоў органаў унутраных спраў, кансультавала зняволеных і іх блізкіх аб іх правах, інфармуе spring96.org.

У жніўні 2014 года А. Бандарэнка быў асуджаны па абвінавачванні ў хуліганстве на 3 гады пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Адбываючы пакаранне ў папраўчай установе «Турма №4» у г. Магілёве, некалькі разоў  караўся ў дысцыплінарным парадку, быў пастаўлены на прафілактычны ўлік як «асоба, схільная да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў».

Усе спробы абскардзіць прадузятыя і неабгрунтаваныя спагнанні з боку адміністрацыі папраўчых устаноў у Дэпартаменце выканання пакаранняў, органах пракуратуры і судах застаюцца беспаспяховымі.

Андрэй Бандарэнка павінен быў быць выйсці на свабоду 31 сакавіка 2017 года пасля заканчэння тэрміну пакарання, аднак новыя абвінавачванні супраць яго па арт. 411 КК могуць прывесці да паўторнага асуджэння на тэрмін да двух гадоў пазбаўлення волі.

– Крымінальная справа ўзбуджана, і ўсё ідзе да таго, што яна будзе даведзена да лагічнага завяршэння, – распавядае сайту palitviazni.info праваабаронца Таццяна Равяка. – Зараз праходзяць следчыя дзеянні, і я не думаю, што гэта нейкі жарт Следчага камітэта, які не накіраваны на дасягненне пэўнай мэты. А мэта тут абсалютна відавочная – яна бачна са зместу артыкула Крымінальнага кодэкса.

– Такія прэцыдэнты ўжо былі, калі ў калоніі чалавек атрымліваў дадатковы тэрмін зняволення?

– Несумненна. Такая ж практыка ўжывалася ў адносінах да былых палітвязняў Мікалая Дзядка, Зміцера Дашкевіча… Людзі знаходзіліся за кратамі па асноўнаму абвінавачванню, але ў дадатак атрымлівалі новае – за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. Па гэтым артыкуле чалавек спачатку атрымлівае спагнанні, а потым па сукупнасці гэтых пакаранняў яму ідзе яшчэ і дадатковае – ужо ў крымінальным парадку. І мы выступаем супраць гэтага артыкула, які не адпавядае асноўным прынцыпам права. Адзін з іх – чалавек не можа быць пакараны за адно і тое ж двойчы.

– Раней праваабарончая супольнасць не прызнавала Бандарэнку палітвязнем…

– Калі Андрэй будзе пераследвацца за тыя спагнанні, што ён ужо панёс, то гэта стане расцэньвацца, як пакаранне, якое звязана з яго папярэдняй праваабарончай дзейнасцю. Каб яго не выпускаць у вызначаны тэрмін, а трымаць пад вартай і, такім чынам, ізаляваць ад грамадства. Зрэшты, наша пазіцыя адносна той справы, па якой Бандарэнка адбывае пакаранне, не змянілася.

– Калі можна чакаць вынікаў па новай крымінальнай справе ў дачыненні да Андрэя Бандарэнкі?

– Сёння пра гэта нельга сказаць з дакладнасцю. Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта вядзе папярэдняе следства і, наколькі вядома, гэтым часам адвакат Бандарэнкі якраз і знаёміцца з пастановай аб прыцягненні Андрэя да крымінальнай адказнасці. Бо фактычна дзесяць дзён пасля ўзбуджння крымінальнай справы нават адвакат не ведаў аб існаванні абвінавачвання. Але згодна з тымі дадзенымі, што мы маем па спагнаннях Андрэя Бандарэнкі за апошні час, няма падставаў для крымінальнага пераследу праваабаронцы.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні