Аляксандра Лапіцкага накіравалі ў псіхіятрычную лякарню на прымусовае лячэнне

get_img14 лістапада супрацоўнікі міліцыі забралі на прымусовае стацыянарнае лячэння ў псіхіятрычную лякарню “Навінкі” 80-гадовага пенсіянера Аляксандра Лапіцкага.

Не выключана, што праваабарончая супольнасць можа прызнаць Аляксандра Лапіцкага палітвязнем.

Нагадаем, у 2011 годзе пенсіянер пачаў адсочваць разбор з нагоды выбуху ў мінскім метро. У сваім блогу ён дэталёва распісваў, што, на ягоную думку, у трагедыі вінаваты высокія службовыя асобы. Міліцыя неаднаразова адмаўляла ў завядзенні крымінальнай справы на пенсіянера, аднак у гэтым годзе справа дайшла да суда.

12 красавіка 2016 года пастановай суда Фрунзенскага раёна г. Мінска ўстаноўлена, што Аляксандр Лапіцкі здзейсніў грамадска-небяспечныя дзеяннi, прадугледжаныя артыкуламі 368 (“Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), 391 («Абраза суддзі або народнага засядацеля») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і гэтыя дзеянні здзейснены ў несвядомым стане. У дачыненні да Аляксандра Лапіцкага ўжытыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Гэта азначае, што пасля ўступлення пастановы ў сілу ён будзе пазбаўлены волі на перыяд прымусовага псіхіятрычнага лячэння.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» пасля гэтага выступіў з заявай, у якой патрабаваў спыніць пераслед Аляксандра Лапіцкага і перагледзець заканадаўства адносна паклёпу на дзяржаўных асобаў. Праваабаронцы не выключаюць, што арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнае Аляксандра Лапіцкага палітвязнем.

“Рашэнне аб прымусовай шпіталізацыі Аляксандра Лапіцкага варта прымаць, зыходзячы выключна з меркаванняў бяспекі грамадзянаў і самога Аляксандра Лапіцкага, а пры адсутнасці такіх пагрозаў – не замахвацца на яго асабістую свабоду”, – казалася ў заяве.

– 17 кастрычніка мы падалі наглядную скаргу на імя старшыні Мінскага гарадскога суда, – распавёў сайту palitviazni.info праваабаронца Алег Волчак. – Указалі, што неабходна прыпыніць накіраванне Аляксандра Лапіцкага на лячэнне ў псіхіятрычную лякарню да таго часу, пакуль не будзе разгледжана скарга. За некалькі гадзін да таго, як да пенсіянера прыехалі супрацоўнікі міліцыі, я размаўляў з ім, распавёў яму, што падчас сваёй нядаўняй паездкі ў ЗША на сустрэчах рознага ўзроўню падымаў і яго пытанне. Там паабяцалі, што яно будзе “на кантролі”. А праз некалькі гадзін Аляксандра Лапіцкага забралі тры супрацоўнікі міліцыі. Я прыехаў да дома пенсіянера, хацеў патлумачыць міліцыянерам, што мы чакаем адказ з Мінскага гарадскога суда, але ніхто і слухаць не хацеў. А пенсіянеру сталі пагражаць, што, калі той не захоча добраахвотна ехаць, то на яго “павесяць” дадаткова і супраціў работнікам міліцыі. Зрэшты, абыйшлося без гэтага.

— Колькі часу будуць трымаць яго ў псіхіятрычнай лякарні?

— І паўтары гады могуць пратрымаць, і пяць. Да таго ж, мяне непакоіць стан здароўя Аляксандра Лапіцкага, бо ў яго шмат розных захворванняў, якія таксама трэба лячыць. І зусім невядома, як арганізм будзе сумяшчаць прыём адных лекаў з тым лячэннем, што яму прапішуць.

– Як быць з нагляднай скаргай, якая накіравана на імя старшыні Мінскага гарадскога суда?

– Яна мусіць быць разгледжана.

– На ваш погляд, чаму пенсіянера так хутка вырашылі змясціць у лякарню, хаця скарга яшчэ не разгледжана?

— Для мяне гэта таксама застаецца загадкай. Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі Дзярждэпартамента ЗША вяліся размовы адносна сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, амерыканцы запэўнівалі, што афіцыйны Мінск ідзе на супрацоўніцтва ў гэтым накірунку. І вось яно – рэальнае “супрацоўніцтва”.  Таму я не ведаю, навошта ўладзе яшчэ адзін палітвязень. Не выключана, што ва ўладных калідорах ідуць нейкія закулісныя гульні, і хтосьці вельмі не хоча, каб Беларусь рухалася да добрых стасункаў з Захадам.

– Ці могуць Аляксандра Лапіцкага прызаць палітвязнем?

–  Безумоўна, і рабіць гэта трэба як мага хутчэй.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Алесь Пушкін
  • Андрэй Дзьмітрыеў
  • Анатоль Лябедзька
  • Уладзімер Кобец