“Віктар Ганчар быў пагрозай для ўлады…”

index16 верасня – 17 гадоў, як у Мінску пры нявысветленых акалічнасцях зніклі апазіцыйны палітык Віктар Ганчар і прадпрымальнік Анатоль Красоўскі.

“Ганчар стварыў камісію, якая займалася зборам тых парушэнняў законаў і Канстытуцыі, якія зрабіла ўлада. І гэта даклад, якія быў падрыхтаваны камісіяй Ганчара, якраз і згуляў, напэўна, ракавую ролю ў ягоным лёсе”, – распавёў сайту palitviazni.info палітык Анатоль Лябедзька.

Нагадаем, увечары 16 верасні 1999 года Віктар Ганчар, які першапачаткова быў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі і дапамог яму прыйсці да ўлады, а затым сышоў у апазіцыю, і яго сябар Красоўскі прыехалі ў лазню, размешчаную ў Мінску на вуліцы Фабрычнай, 20. Апошні раз іх бачылі прыкладна ў 22.35, калі абодва выйшлі з будынка і селі ў “Джып-Чэрокі”, які належаў Красоўскаму.

Прадстаўнікі апазіцыі, родныя зніклых і міжнародная грамадскасць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя па палітычных матывах, і падазраюць у датычнасці да гэтага злачынства вышэйшых службовых асобаў краіны.

Напярэдадні знікнення Віктар Ганчар выконваў абавязкі старшыні Вярхоўнага Савета. На 19 верасня 1999 году было прызначана пашыранае пасяджэнне Вярхоўнага Савета 13-га склікання, на якім павінна было разглядацца заключэнне Спецыяльнай камісіі Вярхоўнага Савета аб здзяйсненні кіраўніком краіны шэрагу злачынстваў, якія могуць стаць падставай для імпічменту – адхілення ад улады.

У гэты ж час у адносінах да Ганчара расследвалася крымінальная справа, якая была звязана з яго удзелам у якасці старшыні Цэнтрвыбаркама пры правядзенні альтэрнатыўных выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (сакавік-ліпень 1999 г.).

“Летам 1999 году мяне выклікалі ў Наваполацкі гарадскі аддзел унутраных спраў і сказалі, што жадаюць дапытаць у якасці сведкі па нейкай крымінальнай справе, – успамінае праваабаронца Зміцер Салаўёў. – Тады я таксама займаўся праваабаронай, уваходзіў у склад альтэрнатай камісіі па выбарах, якую стварыў спадар Ганчар. “Па якой крымінальнай справе? – пацікавіўся я. – Можа супраць маіх блізкіх?” – “Ганчар табе не блізкі”, – адказалі мне. Я тады адмовіўся даваць нейкія паказанні. Невядома, што сталася з той справай, бо праз некалькі месяцаў Віктар Ганчар знік”.

5 снежня 2002 г. суд Савецкага раёна Мінска прызнаў Віктара Ганчара зніклым без вестак. У студзені 2003 г. сталічная пракуратура прыпыніла расследаванне крымінальнай справы па факце знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Паводле сведчання колішняга начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, Віктар Ганчар быў выкрадзены і расстраляны паводле загаду асоб набліжаных да ўлады. Патрабаванне расследвання знікнення В. Ганчара і А. Красоўскага – і сёння адно з асноўных патрабаванняў беларускай апазіцыі, яно таксама прысутнічае ў дакументах міжнародных арганізацый.

“Такіх яскравых постацей, як Віктар Ганчар, у сучаснай беларускай палітыцы было няшмат, – распавядае сайту palitviazni.info палітык, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Анатоль Лябедзька, як быў добра знаёмы з Ганчаром. – Ён даволі хутка ўвайшоў у пяцёрку самых цікавых і папулярных дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Бліскуча адукаваны, эрудыт, трыбун ад прыроды… Ён добра валодаў словам не толькі па форме, але і па змесце. Гэта быў чалавек са стрыжнем, з пазіцыяй. Яго спрабавалі і купіць, і запалохаць… Пра гэта я ведаю ў падрабязнасцях, таму што мы з ім мелі шмат размоў. Трэба сказаць, што ў Ганчара былі і вялікія амбіцыі – гэта таксама праўда. На вялікі жаль, шмат з таго, што было ў ім закладзена, аказалася, нейтралізавана. І гэта – вялізная страна для краіны. Такія людзі ў палітыцы мусяць быць, і тады яна будзе сапраўднай палітыкай”.

Са слоў Анатоля Лябедзькі, Ганчар у свой час фактычна ствараў альтэрнатыўную ўладу і спрабаваў падвесці пад яе масток легітымнасці. Гэта і згуляла “ракавую ролю ў яго лёсе”,

“Ганчар сам быў незаконна адхілены ад пасады старшыні ЦВК, незаконна разагналі Вярхоўны Савет, – працягвае палітык. – І тое, што ён хацеў зрабіць на пляцоўцы Вярхоўнага Савета, на мой погляд, усё ж-такі мела унутраную і знешнюю легітымнасць, таму што як мінімум да 2000 года Вярхоўны Савет прызнаваўся, як легітымным парламентам у краіне. Ганчар і стварыў камісію, якая займалася зборам тых парушэнняў законаў і Канстытуцыі, якія зрабіла ўлада. І гэта даклад, якія быў падрыхтаваны камісіяй Ганчара, якраз і згуляў, напэўна, ракавую ролю ў ягоным лёсе. Ганчар быў пагрозай для ўлады. У свой час ён напісаў заяву і выйшаў з ураду, і гэта быў першы прыклад такога цывілізаванага зыходу з палітыкі ў знак пратэсту. Улада ўбачыла, што Ганчар стане праблемай, бо Віктар не проста пісаў нейкія пражэкты, якія былі адарваны ад жыцця. Калі ён браў нейкі план, то рэалізоўваў яго крок за крокам”.

palitviazni.info  

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Сяргей Парсюкевіч
  • Тацяна Елавая
  • Зьміцер Буланаў