Віктар Ганчар

20081113-2_goncharЗніклы беларускі палітык, экс-кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі.

Нарадзіўся 7 верасня 1958 году ў пасёлку Радзічава Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, юрыст. У 1986-1990 гадах працаваў дацэнтам кафедры права Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі, затым – начальнікам аддзела эканоміка-прававой работы Дзяржэканомплана БССР. З мая 1991 быў першым намеснікам старшыні Маладзечанскага гарвыканкама.

Дэпутат Вярхоўнага Савета 12 і 13-го склікання, генеральны сакратар Эканамічнага суда СНД. У красавіку 1994 г. балатаваўся ў Канстытуцыйны Суд РБ, але не атрымаў падтрымкі большасці дэпутатаў. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 году быў у выбарчым штабе кандыдата Аляксандра Лукашэнкі.

Пасля перамогі Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах прызначаны віцэ-прэм’ерам, аднак неўзабаве яго знялі з пасады, пасля чаго Віктар Ганчар перайшоў у апазіцыю і ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю.

Быў прызначаны таксама старшынёй Цэнтрвыбаркама, але актыўна выступаў супраць Лукашэнкі падчас рэферэндума 1996 году, таму быў пазбаўлены і гэтай пасады.

Напярэдадні знікнення выконваў абавязкі старшыні Вярхоўнага Савета. На 19 верасня 1999 году было прызначана пашыранае пасяджэнне Вярхоўнага Савета 13-га склікання, на якім павінна было разглядацца заключэнне Спецыяльнай камісіі Вярхоўнага Савета аб здзяйсненні кіраўніком краіны шэрагу злачынстваў, якія могуць стаць падставай для імпічменту – адхілення ад улады.

У гэты ж час у адносінах да Ганчара расследвалася крымінальная справа, якая была звязана з яго удзелам у якасці старшыні Цэнтрвыбаркама пры правядзенні альтэрнатыўных выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (сакавік-ліпень 1999 г.).

У межах ажыццяўлення аператыўных мерапрыемстваў і мераў “па супрацьдзеянню палітычнаму экстрэмізму” за В.Ганчаром ажыццяўлялася негалоснае назіранне, у тым ліку за ўсімі яго перасоўваннямі па г.Мінску і за яго межамі, праслухоўванне тэлефонных перамоваў.

Віктар Ганчар бясследна знік у Мінску 16 верасня 1999 году разам са сваім сябрам – бізнесменам Анатолем Красоўскім.

Палітык у той дзень паехаў у лазню са сваімі сябрамі. Каля адзінаццаці гадзін вечара Віктар Ганчар з Анатолем Красоўскім вырашылі вяртацца дадому, бо позна ўвечары ў Ганчара была запланавана тэлефонная размова. Вядома, што ён і Красоўскі селі ў машыну каля 22.45. Пасля гэтага жывымі іх ніхто не бачыў. Пазней на меркаваным месцы знікнення – вуліцы Фабрычнай – былі знойдзеныя аскепкі шкла аўтамабіля А. Красоўскага і кроў зніклых на асфальце. Следчы Уладзімір Чумачэнка, які вёў справу Віктара Ганчара, указваў, што геномная экспертыза ўстанавіла: кроў, якую знайшлі на месцы злачынства, была крывёй менавіта Віктара Ганчара.

5 снежня 2002 г. суд Савецкага раёна Мінска прызнаў Віктара Ганчара зніклым без вестак. У студзені 2003 г. сталічная пракуратура прыпыніла расследаванне крымінальнай справы па факце знікнення Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

Паводле сведчання колішняга начальніка СІЗА № 1 Алега Алкаева, Віктар Ганчар быў выкрадзены і расстраляны паводле загаду асоб набліжаных да ўлады. Патрабаванне расследвання знікнення В. Ганчара і А. Красоўскага – і сёння адно з асноўных патрабаванняў беларускай апазіцыі, яно таксама прысутнічае ў дакументах міжнародных арганізацый.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Міхаіл Чыгір
  • Аляксандар Зьдзьвіжкоў