Зміцер Дашкевіч: Трэба падтрымаць Эдуарда Пальчыса

timthumb.phpБылы палітвязень Зміцер Дашкевіч распавёў сайту palitviazni.info, чаму ён бачыць у “справе Джона Сільвера” палітычны падтэкст і пра тое, чаму неабходна падтрымаць гэтага чалавека ў цяжкі час.

“Падтрымка чалавека, які знаходзіцца за кратамі за свае погляды, – гэта святая справа, – кажа Зміцер. – Мяркую, так павінен рабіць кожны, хто прагне пераменаў, свабоды, справядлівасці, незалежна ад нейкіх ідэалагічных перакананняў”.

“Я разважыў, як бы нам абраць такую форму салідарнасці, каб выявілася сапраўдная тысячная армія прыхільнікаў змагара Джона Сільвера? – напісаў Зміцер Дашкевіч у сацыяльных сетках. – Дапамог уласны турэмны досвед. Калі цэнзар прыносіў у атрад/камеру лісты для вязняў, збіраліся ўсе хто хадзіў і пачыналі жартам наракаць: “Ізноў Дашкевічу ўсё?!” Многія захапляліся, калі бачылі стосы лістоў да мяне (у перыяд святаў штодня па 50-100 лістоў/тэлеграм я атрымоўваў): “Ну апазіцыя, ну малайцы, сваіх не кідаюць!” Іншы казаў, абглядзеўшыся БТ-прапаганды: “Я думаў вас там пару галадранцаў у апазіцыі, а цяпер бачу, што гэта армія!”

Дык я прапаную: што калі нам усім, без ніякага партыйнага ці ідэалагічнага складніку, сабрацца ды масава падпісаць паштоўкі для Джона Сільвера – Эдуарда Пальчыса. Прапаную 23 чэрвеня, з 19:00 да 20:00, без плакатаў і сцягоў сустрэцца ля Галоўпаштамта і зрабіць простае дзеянне: падпісаць паштоўкі салідарнасці Эдуарду Пальчысу”.

– Падтрымка чалавека, які знаходзіцца за кратамі за свае погляды, – гэта святая справа, якую, мяркую, павінен рабіць кожны чалавек, які прагне пераменаў, свабоды, справядлівасці, незалежна ад нейкіх ідэалагічных перакананняў альбо яшчэ чаго-небудзь, – дадае былы палітвязень. – Асабіста на маю думку, у “справе Пальчыса” – чыстай вады палітыка. Гэта наогул абсурдна, калі ў Беларусі выконваюцца замовы расейскіх спецслужбаў. Пераследуецца вельмі інтылігентны, адукаваны чалавек, які пісаў глыбокія аналітычныя артыкулы. Ён проста паказваў узровень расейскай прапаганды, а за гэта яго абвінавачваюць у распаўсюдзе парнаграфіі ды распальванні нацыянальнай варожасці. Гэта тое самае, калі ты выкарыстаеш выказванні Трэцяга Рэйха з мэтай выкрыць яго, а на цябе “павесяць” фашызм.

– Вы мяркуеце, што гэтая справа ўзнікла не без дапамогі расейскіх спецслужбаў?

– Так, бо праект Эдуарда Пальчыса выйшаў на дастаткова сур’ёзны ўзровень і выклікаў шмат эмоцый на постсавецкай прасторы. У рэшце рэшт, у Расеі ж Эдуарда Пальчыса і арыштавалі.

– На ваш погляд, чым можа закончыцца раследванне гэтай справы?

– Тут немагчыма нешта спрагназаваць, але спадзяемся, што пад ціскам грамадзянскай салідарнасці ўсё ж-такі Эдуард будзе вызвалены ў хуткім часе.

***

Нагадаем, сайт 1863х.com створаны каля двух гадоў таму. На ім публікаваліся палітычныя тэксты, нярэдка з крытыкай уладаў Беларусі і Расіі. Стваральнік рэсурсу вёў яго на ўмовах поўнай ананімнасці.

Пра затрыманне ў Расіі грамадзяніна Беларусі Эдуарда Пальчыса, ананімнага стваральніка сайта 1863x.com, вядомага пад нікам Джон Сільвер, стала вядома ў канцы студзеня гэтага года. Пазней высветлілася, што ён  знаходзіцца ў турме Бранска, паведамляе БелаПАН.

Пазней Эдуард Пальчыс быў экстрадзіраваны ў Беларусь. Ён абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 130 (“Распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розні”) і ч. 2 арт. 343 (“Распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў”) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні