“20-я Вясна”

indexПраваабарончая арганізацыі “Вясна” была створана вясной 1996 года, пасля жорсткага разгону і затрымання ўдзельнікаў мірнай жалобнай акцыі «Чарнобыльскі Шлях». Напачатку гэта была проста ініцыятыва па дапамозе ахвярам рэпрэсій і іх сем’ям, але ў 1997 годзе мінская гарадская арганізацыя «Вясна-96» атрымала афіцыйную рэгістрацыю, а ў 1999 годзе яна ператварылася ўжо ў рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Праваабарончы цэнтр “Вясна” з рэгіянальнымі філіямі ў буйных гарадах Беларусі.

Нягледзячы на скасаванне дзяржаўнай рэгістрацыі ў 2003 годзе, праваабаронцы працягваюць сваю дзейнасць і сёння.

Да свайго 20-гадовага юбілею праваабаронцы падрыхтавалі зборнік эсэ і ўспамінаў “20-я Вясна”.

У зборнік ўвайшлі тэксты 20 “вясноўцаў” і 20 фотаздымкаў, падрыхтаваныя да юбілейнай выставы “20 імгненняў Вясны”.

Пра працу арганізацыі распавядае ў кнізе кіраўнік “Вясны” і былы палітвязень Алесь Бяляцкі.

 “Узгадваю прэзідэнцкую выбарчую кампанію 2006 году, як найбольш хвалюючую, – напісаў ён. – Хоць і відавочна было, што яшчэ не час, што народ яшчэ «спіць», а сіламі толькі актывістаў рэчаіснасць у краіне не змяніць, але ж была нейкая адчайная захопленасць ва ўсіх яе ўдзельнікаў. Вось жа сапраўды, ідучыя на пакуты віталі волю. У лютым урэшце асудзілі Сяргея Скрабца, які з траўня 2005 года таміўся на Валадарцы, чакаў суда, у калоніях сядзелі Міхаіл Марыніч ды Валеры Леванеўскі, на «хіміі»— Андрэй Клімаў, Мікола Статкевіч ды Павел Севярынец. Аляксандр Казакоў, Зміцер Зубро, Павел Красоўскі, Зміцер Каспяровіч, Артур Фінкевіч, Уладзімір Хоміч ды Максім Кокараў, Сяргей Ляшкевіч, Яўген Сувораў, Наста Азарка ды Сяргей Марчык, Іван Крук ды Мікіта Сасім, Андрэй Панасік ды Эдвард Зелянкоў… Даруйце, тыя, каго не называю ў гэтым спісе «злачынцаў», супраць якіх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы за грамадскую актыўнасць у 2006 годзе. Калі гляджу зараз на гэтыя прозвішчы ды справы, такое адчуванне, што ішла нябачная грамадзянская вайна, дзе ўлады рабілі ўсё, каб збіць актыўнасць людзей, якія патрабавалі змен… 25 сакавіка арыштавалі Аляксандра Казуліна. Пры затрыманні яго моцна збілі, ледзь не зрабілі калекам, потым быў суд у судзе Маскоўскага раёна. Было зразумела, што ідзе палітычная расправа”.

Па словах Алеся Бяляцкага, “нястрымная прага да свабоды ёсць зарукай непазбежных зменаў у нашай краіне”.

“У жніўні 2015 года Лукашэнка вымушаны быў выпусціць палітзняволеных, – напісаў ён. – Няма ніякага сумневу, што гэтае рашэнне — выпускаць ці не — прымаў асабіста ён. Чарговая старонка гісторыі ў нашай краіне перагорнутая. Ці дойдзе справа да рэгістрацыі праваабарончага цэнтра«Вясна», да рэабілітацыі былых палітычных зняволеных, на чым зараз настойвае міжнародная супольнасць, ці мы зноў вернемся туды, дзе былі,—пабачым. У любым выпадку лёс «Вясны», як і ўсе гэтыя дваццаць гадоў, будзе шчыльна звязаны з лёсам нашага народа, нашых людзей”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні