Алег Гулак: Праблема рэабілітацыі ў Беларусі былых палітвязняў застаецца

index Многія былыя палітвязні, з якіх да гэтага часу не знялі судзімасці, не маюць права ўдзельнічаць у тых жа выбарах у парламент, якія адбудуцца ў гэтым годзе ў Беларусі.

“Па сутнасці гаворка ідзе аб тым, што неабходна рэабілітацыя палітзняволеных, але гэтага пакуль няма, – распавядае сайту palitviazni.info старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак. – Гэта праблема, якая застаецца да гэтага часу”.

“У суадносці з законам, тыя, з каго не знялі судзімасці, не маюць права прымаць удзел у выбарах, але ж гэта праблему не здымае, – адзначае праваабаронца. – Тым жа былым палітвязням ніхто афіцыйна не выстаўляе абмежаванні ў правах і магчымасцях абірацца, але гэта абмежаванне зыходзіць з таго ж заканадаўства. Адным словам, чалавек быў незаконна асуджаны, але наступствы прадугледжаны законам. Судзімасць не знялі – значыцца праблемы застаюцца”.

Па словах Алега Гулака, беларускі Выбарчы кодэкс увогуле даўно крытыкуюць за тое, што забаронена прымаць удзел нават у галасаванні тым, хто знаходзіцца пад следствам ці асуджаны. Што датычыцца актыўнага ўдзелу ў выбарах экс-палітвязняў, з якіх не знялі судзімасці, то пытанне палягае ў рэабілітацыі людзей.

“Рэабілітацыя можа разумецца ў шырокім і вузкім сэнсе, – дадае ён. – І, калі браць больш шырока і комплексна, то рэабілітацыя павінна стаць тым наборам дзеянняў, якія б вярнулі сітуацыю у зыходнае становішча. Каб ніякіх забаронаў для людзей не было, паколькі сам факт асуджэння быў незаконным”.

Ці могуць улады пайсці на рэабілітацыю палітвязняў?

“Гэта рашэнне палітычнага кшталту, але юрыдычна такое магчыма зрабіць, – лічыць Алег Гулак. – Праўда, ці будзе на гэта палітычная воля? Захад у першую чаргу дамагаўся ад афіцыйнага Мінска вызвалення палітзняволеных, таму, натуральна, што сёння для еўрачыноўнікаў пытанне рэабілітацыі – другаснае. Зараз яно менш жорсткім чынам ставіцца, хаця і застаецца. Таму ў мяне вялікія сумненні, што рэабілітацыя адбудзецца”.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Павал Вінаградаў
  • Андрэй Пратасеня
  • Сяргей Каваленка
  • Сяргей Вазьняк
  • Сяргей Скрабец