Максім Вінярскі: Хто здольны плаціць штрафы такога памеру?

viniarski_maksim-2 На гэтым тыдні судом Маскоўскага раёна Мінска апазіцыйны актывіст Максім Вінярскі аштрафаваны на 50 базавых велічыняў (больш за 10 мільёнаў рублёў).

Адміністрацыйныя справы ў дачыненні да яго, а таксама да яшчэ аднаго апазіцыйнага актывіста Аляксандра Макаева былі распачатыя па артыкуле 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) за ўдзел у акцыі, якая прайшла ў Мінску 24 лістапада і была прысвечана памяці зніклых апазіцыйных палітыкаў і гадавіне канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года.

Максім Вінярскі, які за ўвесь час сваёй актыўнай дзейнасці правёў у следчым ізалятары каля 310 сутак, пракаментаваў сайту palitviazni.info апошняе судовае рашэнне.

Нагадаем, 5 студзеня актывіст кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі быў прызнаны судом вінаватым у двух адміністрацыйных правапарушэннях і прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе штрафу ў 70 базавых велічынь (14 млн. 700 тыс. рублёў) шляхам поўнага складання па двух артыкулах КоАП. Вінярскі абвінавачваўся па ч. 3 арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, учыненае паўторна на працягу года) за ўдзел у студэнцкім маршы 2 снежня 2015 года.

Падчас разгляду справы Вінярскага суддзя распачала ў дачыненні да яго яшчэ адну справа — па ч. 1 арт. 24 КоАП (непавага да суда).

– Паколькі я ўжо не першы раз сутыкаюся з нечым падобным, то магу сказаць, што нічога дзіўнага ў апошнім рашэнні суда няма, – кажа апазіцыйны актывіст. – Магу толькі дадаць, што на гэты раз усе паперы абвінавачванне аформіла так дрэнна, што два разы суд вяртаў гэтую справу на дапрацоўку ў Цэнтральны РУУС, але там нічога па сутнасці не дапрацавалі. У рапартах панапісвалі тое, чаго не было наогул. Мой фотаздымак, напрыклад, узялі з сайта “Нашай Нівы”, а ў паперах напісалі, што ён быў зроблены аператыўнай фотаздымкай. Пры гэтым нават значку “Нашай Ніву” не прыбралі. У апошнім варыянце пратакола мне іккрымінавалася толькі несанкцыянаванае пікетаванне на плошчы Незалежнасці, якое аказваецца заключалася ў тым, што я паставіў знічку на ганак Цэнтрвыбаркама. Гэта, пра іх разуменню, і ёсць пікетаванне. А на фотаздымку зняты той момант, калі мы са знічкай ідзем уздоўж праспекта Незалежнасці.

– Што вы казалі ў сваю абарону?

– Мая пазіцыя зыходзіла з таго, што наогул чалавек мае права на мірныя сходы, якія гарантаваны Канстытуцыяй. Таму з гэтага пункту гледжання я не адмаўляў, што ўдзельнічаў у мерапрыемстве. Лічу, што гэта маё права, хоць у нас фактычная забарона на масавыя мірныя акцыі, якія амаль ніколі не дазваляюцца. Але ж чалавек можа выказаць сваю пазіцыю. Суддзя палічыў па-іншаму. І гэта, як мне падаецца, гвалт над правасуддзем.

– Перад гэтым вам далі яшчэ каля 14 мільёнаў штрафу…

– Так, і я ўжо падаў скаргу на рашэнне суда, хоць вынік, на жаль, чакаю прадказальны. Скаргі звычайна не задавальняюцца, але ж трэба варушыць і суддзяў. Таму буду абскарджваць і апошняе судовае рашэнне.

– Раней актывістаў адпраўлялі на “суткі”, а зараз даюць штрафы. Як вы ацэньваеце гэтую новую тактыку ўладаў?

– Мне падаецца, што суддзям проста забаранілі даваць “суткі”. Але, калі казаць аб’ектыўна, то фактычна няма розніцы – “суткі” ці штраф. Рана ці позна колькасць гэтых штрафаў перавесіць, і суддзі, хутчэй за ўсё, могуць вярнуцца да старой практыкі. Бо, прабачце, а хто здольны плаціць штрафы такога памеру?

– Вы – адзін з рэкардсменаў сярод актывістаў па адбыцці “сутак” у ізалятары часовага ўтрымання.

– Па маіх падліках, за ўвесь час на “сутках” я правёў больш за 310 дзён.

palitviazni.info

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Тацяна Цішкевіч
  • Мікіта Ліхавід
  • Уладзімер Кудзінаў
  • Васіль Лявонаў
  • Зьміцер Паліенка