
Былы палітвязень і міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі памёр на 75-м годзе жыцьця. Аб гэтым паведаміў яго сын Ігар Марыніч.
Міхаіл Марыніч быў старшынём менгарвыканкаму, дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, у 1994 годзе быў прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом у Чэхіі, Славаччыне і Вугоршчыне. Пазьней працаваў міністамр зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі, паслом у Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі.
У 2001 годзе, напісаўшы заяву аб адстаўцы, Марыніч выставіў сваю кандыдатуру для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, аднак кандыдатам у прэзыдэнты зарэгістраваны ня быў, ня здолеў сабраць 100 тысячаў подпісаў. Пазьней узначальваў грамадзкую арганізацыю “Беларуская асацыяцыя “Дзелавая ініцыятыва”.
Храналёгія перасьледу
26 красавіка 2004 г. Міхаіл Марыніч быў арыштаваны і неўзабаве асуджаны да 5 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці. Суд прызнаў яго вінаватым у авалоданьні аргтэхнікай, якая насамрэч была бязвыплатна перададзеная арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва” амбасадай ЗША ў Беларусі.
З красавіка 2004 да красавіка 2006 г. — вязень спэцтурмы КДБ, аршанскай і менскай папраўчых калёніяў. 14 красавіка 2006 г. вызвалены датэрмінова паводле амністыі.
У 2006 годзе міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Марыніча вязьнем сумленьня.
У кастрычніку 2010 года Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што ў дачыненьні да Міхаіла Марыніча ўжываліся катаваньні, а крымінальная справа ў дачыненьні да яго была палітычнай расправай.
palitviazni.info