Blog

2 Articles

Міхаіл Марыніч

Міхаіл Марыніч

Міхаіл Марыніч нарадзіўся 13 студзеня 1940 г. у вёсцы Старыя Галоўчыцы Петрыкаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут, Менскі інстытут замежных моваў, Менскую вышэйшую партыйную школу. Ганаровы доктар эканамічных навук.

Працаваў у будаўніцтве 16 гадоў, у тым ліку каля трох гадоў — у Аўганістане.

З 1990 па 1991 г. — старшыня гарвыканкаму Менску, у 1990–1994 гг. — дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. У 1994 г. прызначаны Надзвычайным і Паўнамоцным паслом у Чэхіі і па сумяшчальніцтве — у Славаччыне і Вугоршчыне.

З 1994 па 1998 г. — міністар замежнаэканамічных сувязяў Беларусі. У 1999–2001 гг. — Надзвычайны і Паўнамоцны пасол у Латвіі і па сумяшчальніцтве — у Эстоніі і Фінляндыі.

У 2001 г. напісаў заяву аб адстаўцы і выставіў сваю кандыдатуру для ўдзелу ў прэзыдэнцкіх выбарах, аднак кандыдатам у прэзыдэнты зарэгістраваны ня быў. Узначаліў грамадзкую арганізацыю “Беларуская асацыяцыя “Дзелавая ініцыятыва”.

Міхаіл Марыніч памёр 17 кастрычніка 2014 году.

Храналёгія перасьледу

26 красавіка 2004 г. Міхаіл Марыніч быў арыштаваны і неўзабаве асуджаны да 5 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасьці. Суд прызнаў яго вінаватым у авалоданьні аргтэхнікай, якая насамрэч была бязвыплатна перададзеная арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва” амбасадай ЗША ў Беларусі.

З красавіка 2004 да красавіка 2006 г. — вязень спэцтурмы КДБ, аршанскай і менскай папраўчых калёніяў. 14 красавіка 2006 г. вызвалены датэрмінова паводле амністыі.

У 2006 годзе міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Марыніча вязьнем сумленьня.

У кастрычніку 2010 года Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што ў дачыненьні да Міхаіла Марыніча ўжываліся катаваньні, а крымінальная справа ў дачыненьні да яго была палітычнай расправай.