Бараніць ці “спяваць Лазара”?

Праглядаючы сеціва, наткнуўся я ў інтэрнэт-прасторы на артыкул шаноўнай Святланы Калінкінай з “Народнай волі”, прысвечанай загадкаваму зняволенню каталіцкага святара Уладзіслава Лазара і пазіцыі ў дачыненні да гэтага працэсу беларускіх праваабаронцаў. Святлана Калінкіна – адна з найбольш вядомых, яркіх і рэзанансных публіцыстак нашага медыйнага поля. Можна сказаць, што яе слова адгукаецца ў досыць шырокіх колах чытаючай публікі. Уважліва перачытаўшы матэрыял “Тэорыя і практыка” яшчэ раз, мяркую, што аўтарка наўмысна завастрыла сітуацыю, выказаўшы абурэнне пазіцыяй айчынных праваабаронцаў, якія, маўляў, нічога не робяць у гэтай справе, не спяшаюцца прызнаваць арыштаванага, так і невядома за што, ксяндза вязнем сумлення. Ёсць у журналістыцы такі прыём – наўмысна і правакацыйна (у добрым сэнсе) абвастрыць сітуацыю з мэтай прыцягнення ўвагі грамадскасці. У такім разе я абсалютна разумею Святлану Калінкіну. Але пакуль што артыкул паважанай публіцысткі інспіраваў і выклікаў толькі негатыў – шквал інтэрнэтных брудных каментароў у бок “заеўшыхся і тлустых” праваабаронцаў. Яшчэ больш актывізаваліся разнастайныя кампутарныя “тролі” і правакатары – айчынным грамадскім праваабаронцам зараз, акрамя сталага прэсінгу ўладаў, даводзіцца цэлы час вытрымліваць і розныя гнюсныя інтрыгі, атакі крыкуноў-папулістаў. Апошніх таксама развялося няма. Здавалася, што ж такім замінае зрабіць лепш – вазьміцеся і стварыце сваю праваабарончую арганізацыю, зрабіце больш прафесійна, грунтоўна і сумленна тое, што робяць “Вясна”, “Платформа”, БХК ды іншыя праваабарончыя арганізацыі. Але ж не робяць…

Святлана Калінкіна прыводзіць змест сваёй гутаркі з “вядомым праваабаронцам”, не называючы яго прозвішча, верагодна з журналісцкай этыкі. Але тут якраз лепш было б назваць імя, бо сапраўдныя праваабаронцы не хаваюць сваіх меркаванняў і пазіцыі. А так выйшла, мяркуючы па рэакцыі маладых праваабаронцаў у сацыяльных сетках, што ўсё рэзка выказанае журналісткай, яны ўспрынялі і ў свой бок. Праца грамадскіх праваабаронцаў у гэтым сэнсе намнога больш няўдзячная, чым праца журналіста. Ведаю гэта і па сваім асабістым досведзе. Загартаваных гадамі праваабаронцаў такая крытыка не “праб’е”, а вось за маладых шчырых рупліўцаў сапраўды прыкра.

Нельга лезці ўпярод бацькі ў пекла, нельга лезці наперад святара за алтар. У справе ксяндза Лазара, што характэрна, да гэтай пары па-сутнасці маўчыць (!) кіраўніцтва Касцёлу ў Беларусі. Такая пазіцыя можа быць выклікана некалькімі сітуацыямі. Версія першая, кепская. Проста недарэчна для ўсіх, што святар мог быць ангажаваны ў дапамогу нейкаму міфічнаму шпіёну. Пры сучасных тэхналогіях гэта проста смешна. Але магчыма, што ксёндз Лазар сапраўды замешаны ў нечым нядобрым, што можа сур’ёзна папсаваць імідж, прабачце, лепш сказаць, аўтарытэт рымска-каталіцкай канфесіі. Версія другая, яшчэ горшая. Кіраўніцтва Касцёлу папросту баіцца ўладаў, таму не абвастрае пытанне з дзіўным арыштам і абсурдным зняволеннем святара. Баіцца таму, што рызыкуе страціць пэўныя прэферэнцыі, прыкладам дазволы на пабудову новых храмаў і таму падобнае. Ну і нарэшце версія трэцяя, адзіная прымальная з маральнага гледзішча, як верніка, так і звычайнага чалавека. Кіраўніцтва Касцёлу лічыць скрытыя дыпламатычныя шляхі найлепшым сродкам у справе абароны зняволенага Уладзіслава Лазара. У апошнім разе праваабаронцы тым больш ня мусяць “біць у хамут”, таму што іх галоўны прынцып як у хірургаў – не нашкодзіць.

Я пагаджаюся з Калінкінай у многіх момантах, але праваабаронцы ня маюць права на заявы, якія робяць і мусяць рабіць палітыкі альбо актывісты грамадскіх рухаў і арганізацый. У гэтым сэнсе грамадскасць якраз не маўчыць – збірае подпісы, робіць заявы з патрабаваннямі галоснасці ў справе Уладзіслава Лазара. Вось і на мінулым тыдні выступіў са зваротам лідар БХД Павал Севярынец. А ў праваабаронцаў, на жаль, сапраўды няма падставаў абвесціць арыштаванага ксяндза палітвязнем. У прынцыпе, зважаючы на незаконны арышт, яны ёсць, але тады трэба абвесціць “палітычнымі” ледзь не палову ўсіх зняволеных у Беларусі.

Не ў нашых сілах прадказаць – чым слова наша адзавецца. Часта добрымі намерамі, як ведама, выбрукавана дарога ў пекла. І замест спрыяння ратаванню чалавека, можна апынуцца ў ролі таго, хто паводле крылатага выслоўя “спявае Лазара”.

racyja.com

Іншыя палітычныя вязьні