Vinsent: Моладзь не бачыць перспектываў ў Беларусі

Моладзь найбольш прагрэсіўная частка ў любым грамадстве. Не выключэньне і беларуская. Праўда, у стасунках да гэтай прагрэсіўнай часткі грамадства і найбольш метадаў ціску збоку рэжыму Лукашэнкі. Як і што выкарыстоўваецца і як магчыма гэтаму супрацьстаяць – на пытаньні palitviazni.info адказвае малады беларускі артыст, музыка Vinsent.

Vinsent: Сапраўды, улады маюць і выкарыстоўваюць досыць шмат інструментаў, сярод якіх і войска, і міліцыя, і мэдыцына. І гэта далёка не поўны сьпіс, на жаль.

 – А ці лёгка моладзь ў параўнаньні з іншымі часткамі грамадства, зламаць? І якім чынам можна супрацьстаяць ціску?

Vinsent: Нельга ж забываць пра тое, што моладзь розная. Увогуле ўсе людзі зусім розныя. Так, мне даводзілася сустракацца з вялікай колькасьцю сапраўды дастойных людзей, якіх, як мне падаецца, надзвычай складана зламаць. Увогуле, калі нехта не жадае нейкай там супрацы, то на гэта не пагодзіцца. Адначасова з гэтым мне даводзілася чуць, дый і бачыць на ўласныя вочы ў тым жа ваенкамаце, такіх маладзёнаў, якія не ведаюць нават, колькі абласьцей ў нашай краіне. Ім задавалі такія пытаньні: што большае, Сонца, ці Зямля? Колькі ж абласных цэнтраў ў Беларусі, прасілі іх пералічыць абласныя гарады. І людзі не ведалі адказы на гэтыя пытаньні. Мала таго, калі яны чулі беларускую мову, дык нават не маглі зразумець, што гэта за мова. Таму калі чалавек мае добрыя веды, разьвіты інтэлектуальна, то яго зламаць фактычна немагчыма. Але агулам вайскоўцы не павінны адрозьнівацца інтэлектам, што зусім не азначае, што ў асяроддзі і салдацкім, і афіцэрскім мала адукаваных і эрудзіраваных асобаў.

– Ці не ў выніку гэтага ціску, як падлічыў НІСЭП, больш за 60% маладых людзей жадаюць зьехаць з нашае краіны?

Vinsent: Я лічу, што галоўная прычына такой зьявы – адсутнасьць перспектывы для маладых людзей. Ці дакладней сказаць, яны не бачаць перад сабою перспектываў. Сярод маіх знаёмых сапраўды, вельмі шмат людзей, якія ставяць перад сабою мэту зьехаць, перадусім на Захад. Едуць і на Усход. Я не магу сябе назваць нейкім адмыслоўцам, але мне падаецца, што проста людзі не бачаць перад сабою матывацыі. Няма сыстэмы, пры якой ты разумееш, што пры адпаведнай працы ты атрымаеш нейкі посьпех, ці нейкую ўзнагароду, ці нейкую кампенсацыю. Тобок, маладыя людзі не бачаць магчымасьці для добрай працы і адначасова рэалізацыі сябе.

– А ці можа быць стымулам для беларускай моладзі ўсьведамленьне таго, што праца ў краіне, прывядзе да зьменаў? Ці гатовыя маладыя людзі сёньня працаваць насуперак ціску але для будучыні? Ці прасьцей зьехаць?

Vinsent: Мне падаецца, што агулам праблема міграцыі – гэта не выключна беларуская праблема. Дзе б я не быў, якія б краіны не наведваў – паўсюль даводзілася чуць і бачыць, што моладзь імкнецца недзе выехаць. Той жа Еўразьвяз – там ёсьць краіны, якія літаральна нядаўна далучыліся да ЕЗ. І там бачым, што моладзь імкнецца выехаць перадусім на Брытыйскія выспы, альбо ў ЗША. Таму гэта не толькі нашая праблема. Але што тычыцца менавіта тых людзей, якія жадаюць і сябе рэалізаваць, і разьвіваць сваю краіну, то такіх сьвядомых вельмі мала. І такое мы можам пабачыць практычна ў любой краіне сьвету. Я б адзначыў, што такая катэгорыя людзей прыкладна ў прапорцыі 20 на 80. тыя 20 адсоткаў гатовыя ахвяраваць многае і дзейнічаць ў імя будучыні, а 80 – на жаль не.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Іван Шыла
  • Васіль Старавойтаў
  • Васіль Лявонаў
  • Яраслаў Грышчэня
  • Андрэй Пачобут