Яўген Сувораў: Папаўся? Трывай!

На думку Яўгена Суворава, чалавек першапачаткова не павінен рабіць тое, за што яго можна зьняволіць. Натуральна, здараюцца сытуацыі, калі хапаюць, “паяюць”, тады ўжо трэба цярпець. Калі папаўся, то трывай. Гісторыю свайго знаходжаньня за кратамі расказвае Яўген Сувораў, колішні актывіст Зубра, палітычны ды грамадзкі актывіст з Магілёву.

БНФ зусім побач

«У апазыцыю я прыйшоў яшчэ ў 1998 годзе, калі мне было толькі 14 гадоў. Я тады ўбачыў Чарнобыльскі шлях у Магілёве, вялікі натоўп, сьцягі. Стаў цікавіцца гэтай тэмай. На той момант я жыў у цэнтры горада ў бабулі, а офіс Партыі БНФ знаходзіўся за рогам, то бок зусім-зусім побач. Натуральна, я стаў туды цягацца. Прыйшоў і сказаў: Хачу ўступіць у БНФ! Мяне ў Малады фронт адправілі, МФ тады быў пры партыі.

У 2001 годзе зьявілася такая сіла як “Зубр”, якая мяне таксама зацікавіла. Спачатку я быў шэраговым актывістам арганізацыі, пасьля каардынатарам па Магілёву. Натуральна больш сілаў сыходзіла туды, там ішла актыўная праца. А сябрам Партыі БНФ я стаў у 2006 годзе, пасьля выхаду з турмы».

Ад міліцыі зь любоўю або Дзень усіх закаханых у РАУС

Гісторыя Яўгена Суворава як палітычнага вязьня пачалася ў часы прысутнасьці моладзевага руху “Зубр” на палітычнай арэне Беларусі. Хлопец тады зьяўляўся каардынатарам арганізацыі ў Магілёве. Праз гэты негвалтоўны супраціў яго пабойваліся ўлады, таму вырашылі ад бяды падалей закрыць актывіста на пэрыяд прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.

«Мы замацавалі расьцяжку-віншаваньне з 14 лютым на самым высокім будынку Магілёва. Любоў, тады гэта было мэйнстрымам. А ўнізе ля пад’езда мяне ўжо чакалі міліцыянт і аўтамабіль без апазнавальных знакаў, пасродкам якога мяне даставілі ў бліжэйшы РАУС.

У Ленінскім РАУС мяне пратрымалі гадзінаў восем, перш чым я даведаўся, што мне “шыюць” справу, прычым крымінальную».

Працэс узбудждэньня крымінальнай справы Яўген Сувораў лічыць цікавым, бо актывіст яшчэ ў 2000-м годзе быў прызнаны непрыдатным да праходжаньня вайсковай службы з-за праблемаў са здароўем. Цяпер жа ўсе паперы, якія маглі гэта пацьвердзіць, зьніклі і была заведзеная крыміналка па арт. 435 ч. 1 (ухіленьне ад мерапрыемстваў, зьвязаных з усеагульным вайсковым абавязкам).

«Магу пахваліцца, што я першы чалавек супраць якога ўзбудзілі справу па гэтым артыкуле. Хаця пэўны час я моцна хваляваўся, каб мне яшчэ арт. 193.1 не прыпісалі, ён тады толькі-толькі ўступіў у сілу.

Быў момант у РАУС, калі я мог проста сыйсьці. На мяне забыліся, пакінулі аднаго ў кабінэце. На жаль, я не дадумаўся ўцячы. Бліжэй да ночы мяне завезьлі ў СІЗА, а наступным ранкам пераправілі ў Магілёўскую сьледчую турму №4».

Гей? Не, палітычны нефармал!

«У першай турэмнай камэры было чалавек 15, усе маладыя. Добра, што да крымінальнікаў адразу не пасадзілі, таму атрымалася больш−менш акліматызавацца. Але ўжо дні праз тры мяне пачалі кідаць па розных камэрах, дзе сядзела ад 30 да 40 чалавек. Там былі сапраўдныя злачынцы, ледзь не з нажамі кідаліся, пыталіся ці ня гей я (у іншых азначэньнях, вядома). У мяне тады была цікавая прычоска: лысы, а ззаду ‑ хвосьцік. Нефармал. Калі даведваліся, што я палітвязень, казалі: Пацан, усё нармальна, лезь на “пальму” (трохпавярховы ложак). Мы з табой нават размаўляць ня будзем».

Бліжэй да выпуску Яўгену пашанцавала, яго пасадзілі ў камэру, дзе сядзела 4 вязьняў і быў тэлевізар. Там ён даведаўся пра плошчу.

«Ня ведаю чаму, але ў мяне не было ніякіх праблемаў з адміністрацыяй турмы. Я нават магу адзначыць, што мог спакойна хадзіць, не закладаючы рук за сьпіну, як ўсе іншыя мае сукамернікі, калі ішлі на прагулку. Я думаю, турэмшчыкі ўсё цудоўна разумелі».

“Кабаны на дарогах”

«Турэмныя парадкі былі стандартнымі. Ёсьць “сматрашчы” за камэрай, ёсьць “абшчак”. Напэўна, калі б не было перадачаў з волі, частка якіх сыходзіла ў “абшчак”, мне было б цяжка. Дзякуй тым хлопцам, якія мяне “грэлі”, “кабаноў” засылалі. Перадача так называецца ‑ “кабан”.

Напружвала ежа. Фірмовая страва турмы – бігус, гадкая кіслая капуста, ці то тушаная ці то вараная. І ўсё гэта бяз солі. Увогуле ў турме няма солі. Зноў жа дзякуй сябрам, якія перадавалі прыпраўкі розныя, каўбаскі. Вось каўбаскі добра “заходзілі”, і ня толькі мне аднаму. Усе камэры радаваліся. У турме перастуквацца нельга – адразу заглядвае надзіральнік, таму там існуе такая цікавая сыстэма, “дарогі” называецца. Праз вокны праводзяць вяровачныя дарожкі, па якіх перасылаюць цыгарэты, розныя мелкія штучкі, запіскі. “Дарогі” пэрыядычна супрацоўнікі турмы абрывалі, але яны хутка зноў узьнікалі. Частка маіх перадачаў па дарогах сыходзіла да тых каму цяжка і голадна.

Ці было крыўдна? Не, гэта нармальна. Да таго ж перадавалі столькі, што ўсім хапала. У асноўным перадавалі мае паплечнікі з “Зубра”, агулам чалавек 40-50. Яны кааперыраваліся з маёй маці і цяпер пакойнай Хрысьцінай Шацікавай, якая мне вельмі дапамагала, і маці падтрымку аказвала.

Мама была ў гістэрыцы, канешне. Ад несправядлівасьці, якую чыняць нашыя ўлады. Не таму, што сына ў турму пасадзілі, а ад несправядлівасьці».

“Гадасьці

«Цікавы момант быў у судзе, пасьля якога мяне выпусьцілі і далі штраф. Падтрымаць мяне тады прыйшло шмат людзей, родных, сяброў, агулам чалавек 40. Але ім сказалі, што суд пераносіцца на заўтра. Калі сябры разыйшліся, і засталіся толькі маці і дзядзька, судовае паседжаньне распачалося. Уяўляеш? Улады рабілі ўсё, каб я не адчуваў людзкой падтрымкі.

Пасьля мне яшчэ адну гадасьць зрабілі: пасадзілі пад хатні арышт на тыдзень, каб я ня мог дабрацца да Менска і трапіць у намётавае мястэчка.

Агулам я паўтара месяца быў за кратамі. Пасьля той адсідкі мая палітычная кар’ера пайшла ўверх».

Свабоду Сувораву!

«Амаль кожны дзень я атрымліваў паштоўкі, лісты з падтрымкай. Сапраўды гэта моцна дапамагала. Я лічу, што людзкая салідарнасьць і падтрымка цягам часу стала на паток. У 2006 годзе такога шырокага руху не было, падтрымлівалі ў асноўным паплечнікі, сябры тваёй арганізацыі.

Цалкам лагічна, што людзі ладзяць сустрэчы, зьбіраюцца разам, моляцца за палітзьняволеных. На жаль, у турме гэтага ня бачна. Я ведаю, што ўвесь будынак, у якім я адбываў пакараньне, быў расьпісаны лёзунгамі “Свабоду Сувораву!”. Зноў жа такі пра гэта даведваешся, толькі калі выходзіш».

Цяпер Яўген Сувораў жыве ў Гомлі і працуе ў грамадзкім сэктары, “забівае свой цьвічок у труну дыктатуры”. Днямі ў актывіста нарадзілася дачка Мілада.

palitviazni.info

- у навінах

 

Зьвязаныя навіны:

18.11.2013 Яўген Сувораў: Папаўся? Трывай!

Іншыя палітычныя вязьні