Аляксандар Мілінкевіч: Апазыцыя ня можа вызваліць палітвязьняў

Ці варта мець дамоўленасьці з дыктатарам, нават калі яны дапамагаюць выйсьці на волю палітвязьням? Мы пагутарылі з Аляксандрам Мілінкевічам, лідэрам “Руху за Свабоду”, кандыдатам на пасаду прэзыдэнта 2006 году і даведаліся, ці дапамагаюць санкцыі Эўразьвязу вызваляць палітычных зьняволеных, і наколькі важна ўмець аб’ядноўвацца дзеля дасягненьня агульнай мэты.

На думку палітыка, вельмі важна перастаць падазраваць і абвінавачваць адно аднаго ў здрадзе і служэньні рэжыму. Палітык ставіць у прыклад працу беларускіх праваабаронцаў, якія аб’ядналіся, разьмеркавалі абавязкі, перасталі падазраваць адно аднаго. Спадар Мілінкевіч лічыць, што беларускім палітыкам трэба гэтаму вучыцца.

Palitviazni.info: Аляксандар Уладзімеравіч, ці санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму могуць дапамагчы вызваліць палітвязьняў? І якое стаўленьне эўрапейскіх палітыкаў да сытуацыі з палітзьняволенымі ў Беларусі? Ці ўзгадваюць, хвалююцца, падтрымліваюць?..

Аляксандар Мілінкевіч: Праблемаў з узгадваньнем палітвязьняў няма, праблемаў з рэзалюцыямі таксама, Эўрапарлямэнт увесь час іх прымае. Іншае пытаньне, што вызваляе палітвязьняў не Эўропа, не Жазэ Мануэль Барозу, не кіраўнік Эўрапарлямэнта Марцін Шульц. Вызваляе Лукашэнка і трэба зрабіць так, каб ён быў у гэтым зацікаўлены. Цынічна выглядае, праўда? Людзі сядзяць ні за што, а мы кажам пра Лукашэнку. Але калі мы хочам іх вызваленьня, значыць трэба, каб Эўропа мела больш мэханізмаў уплыву.

Я не пагаджаюся з тым пунктам гледжаньня, што ў 2008-2009 гадах у ходзе дыялёгу з Эўразьвязам вязьняў вызвалілі санкцыі. Гэта абсалютна ня так. Памятаеце, візыт Хаўера Саляны і яго гутарку сам-насам з Лукашэнкам? Я ведаю толькі ў некаторых рысах, што палітык сказаў Лукашэнку: Эўропа зацікаўлена дапамагаць рабіць мадэрнізацыю ў Беларусі, але неабходна вызваліць палітвязьняў. Пасьля той вельмі доўгай размовы журналісты запыталі ў Саляны: ці былі пастаўленыя Лукашэнку ўмовы? Эўрапейскі чыноўнік адказаў толькі, што яны размаўлялі аб будучыні. Ён мог сказаць, што зрабіў усё магчымае, што Лукашэнка напалоханы, але ягонай галоўнай задачай было – вызваліць палітычных зьняволеных. І ўсе восем вязьняў тады былі адпушчаныя на свабоду. Хаўер Саляна не прымяняў чорных схэмаў, ён − дасьведчаны палітык, які ведае, што з дыктатарамі трэба дамаўляцца, бо ад гэтага залежаць лёсы людзей.

Я думаю, што для вызваленьня палітвязьняў варта выкарыстоўваць і спосабы тайнай дыпляматыі і пэўныя дамоўленасьці таксама, бо, на жаль, апазыцыя ня можа вызваліць палітвязьняў. Мы спачуваем, дапамагаем, дапамагаюць праваабаронцы, але мы ня можам іх вызваліць. Таму трэба зрабіць так, каб Лукашэнка ня быў зацікаўлены ў іх далейшым знаходжаньні за кратамі.

Palitviazni.info: На Вашую думку, што трэба прадпрыняць, каб палітзьняволеныя ў хуткім часе апынуліся на свабодзе? І каму варта займацца вызваленьнем людзей – палітыкам ці праваабаронцам, грамадзтву ці ЭЗ?

Аляксандар Мілінкевіч: Усім разам. Ведаеце, калі б сёньня мы, палітыкі, маглі вывесьці на вуліцы дзесяць, дваццаць, а лепш пяцьдзясят тысячаў чалавек і яны б крычалі: “Свабоду палітвязьням”, тады нам Эўразьвяз са сваімі рэзалюцыямі быў бы не патрэбны. Але варта прызнаць, што сёньня мы ня ў стане гэта зрабіць, і грамадзтва яшчэ не падрыхтаванае да шырокай падтрымкі і абароны палітвязьняў.

Людзі павінны разумець, што ёсьць розныя спосабы вызваленьня палітвязьняў, таму павінна быць праца ўсіх дэмакратычных супольнасьцяў Беларусі, павінна быць жорсткая маральная пазыцыя і палітыкаў, і праваабаронцаў, і Эўропы. Мы кажам, эўрапейскія мэханізмы або адсутнічаюць, або слабыя. Гэта праўда, але вельмі важна, каб Эўропа займалася нашым пытаньнем. Ня можа быць так, што адзін мэханізм спрацуе. Усе мусяць працаваць, усе мусяць быць скаардынаванымі, мусяць быць салідарнымі. Невядома, хто вызваліць палітвязьняў, але галоўнае, каб яны былі на волі. Я веру, што так будзе.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні