На сустрэчах прадстаўнікоў МЗС Польшчы і Швецыі з беларускімі чыноўнікамі абмяркоўвалася пытанне аб вызваленні палітзняволеных

Прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў Польшчы і Швецыі далі выразна зразумець беларускім уладам, што палітзняволеныя павінны быць вызвалены. Як паведаміў журналістам дырэктар па палітычных пытаннях МЗС Швецыі Тарб`ёрн Сульстрэм, гаворка пра гэта ішла 24 кастрычніка на іх сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Аленай Купчыной і памочнікам прэзідэнта Беларусі па знешняй палітыцы Валерыем Брылёвым.

“Мы сказалі нашым суразмоўцам у Адміністрацыі прэзідэнта і МЗС, што для супрацоўніцтва з Беларуссю даўно існуюць вялікія перашкоды — у першую чаргу, гэта наяўнасць палітзняволеных. Мы сказалі, што час ўстараніць гэту перашкоду і вызваліць іх. Гэта неабходна для больш важных крокаў наперад у супрацоўніцтве Беларусі і ЕС”, — расказаў Сульстрэм.

Дырэктар па палітычных пытаннях МЗС Польшчы Яраслаў Браткевіч у сваю чаргу адзначыў: гэты візіт быў вельмі важны для таго, каб “праверыць, наколькі ва ўмовах чакання вільнюскага саміта магчымы рух наперад у палітычным дыялогу паміж Беларуссю і ЕС”. “Адсутнасць дыялогу не з`яўляецца ніякім рашэннем, неабходны абмен думкамі. Мы правялі цікавыя гутаркі, у якіх адкрыта гаварылі пра нашу пазіцыю, у тым ліку і па палітзняволеных”, — сказаў Браткевіч.

Паводле яго слоў, у адказ ад беларускіх чыноўнікаў прадстаўнікі Еўрасаюза “пачулі досыць адкрытыя выказванні, якія сведчаць пра магчымасць развіцця дыялогу”.

Пры гэтым беларускі бок не даў адназначнага адказу на пытанне, калі можа быць вырашана пытанне з палітзняволенымі. “Мы сказалі, што спадзяемся на іх хуткае вызваленне. Нам адказалі, што працуюць над гэтым пытаннем”, — расказаў Сульстрэм.

Ён не стаў адказваць на пытанне БелаПАН, ці будзе адменена запрашэнне Беларусі на саміт Усходняга партнёрства ў Вільнюсе, калі да моманту яго правядзення (28—29 лістапада) палітзняволеных не вызваляць. Яраслаў Браткевіч, са свайго боку, падкрэсліў: “Мы не будзем дзейнічаць ультыматыўна”.

Прадстаўнікі МЗС Польшчы і Швецыі адзначылі, што падчас мінулых сустрэч фармат удзелу Беларусі ў саміце не абмяркоўваўся.

На пытанне, як Еўрасаюз мае намер рэагаваць на спробы націску на краіны Усходняга партнёрства з боку Масквы, Сульстрэм адказаў: “Усходняе партнёрства — гэта не геапалітычная гульня, а адказ на жаданне нашых партнёраў больш цесна супрацоўнічаць. Мы бачым некаторы націск з боку Масквы на Усходняе партнёрства — гэта непрымальна, у краін павінен быць свой выбар”.

У сваю чаргу Браткевіч адзначыў, што гэтыя пытанні будуць абмяркоўвацца з прадстаўнікамі Расіі на найбліжэйшым саміце Еўрасаюз — Расія.

Сульстрэм паведаміў, што падчас сустрэч з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі закраналася тэма далейшага развіцця праграмы ЕС “Дыялог аб мадэрнізацыі Беларусі” і магчымасці пачатку перамоў па пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму. “ЕС прапанаваў такія перамовы яшчэ два гады таму, але адказу з боку Мінска мы не атрымалі дагэтуль”, — сказаў шведскі дыпламат.

Адказваючы на пытанне БелаПАН, ці не плануецца падчас вільнюскага саміта прыняцце рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі, як гэта было два гады таму ў Варшаве, Сульстрэм адзначыў, што на цяперашні момант чакаецца парафіраванне двух пагадненняў з Малдовай і Грузіяй, падпісанне пагаднення аб асацыяцыі з Украінай і прыняцце сумеснай дэкларацыі Еўрасаюза і краін-партнёраў. “Але гэта — на цяперашні момант”, — удакладніў ён.

Прадстаўнік МЗС Швецыі верыць у тое, што Беларусь “зробіць усё неабходнае для пацяплення адносін”. Яго польскі калега дадаў: “Спадзяемся, што шляхам нармальнага палітычнага дыялогу будзем паволі рухацца да агульнай мэты”.

Прадстаўнікі МІД Польшчы і Швецыі знаходзяцца ў Мінску з двухдзённым візітам 24—25 кастрычніка. Як адзначалася ў сумесным артыкуле міністраў замежных спраў Польшчы Радослава Сікорскага і Швецыі Карла Більта, апублікаваным 21 кастрычніка ў інтэрнэт-газеце Naviny.by (“Белорусские новости”), наведванне высокапастаўленымі прадстаўнікамі Польшчы і Швецыі сталіц дзяржаў Усходняга партнёрства (Кішынёва, Кіева, Тбілісі, Баку, Ерэвана і Мінска) прымеркавана да правядзення вільнюскага саміта УП.

belapan.com

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Віталь Мацукевіч
  • Зьміцер Паліенка
  • Аляксандар Шалайка
  • Зьміцер Завадскі