“Самае важнае – гэта інфармацыя пра тое, што адбываецца ў турмах”

На пытанні сайта palitviazni.info адказвае вязень сумлення 1990-х, былы зьняволены “Валадаркі”, колішні актывіст “Маладога Фронту”, прыхільнік Хрысьціянскай дэмакратыі Вадзім Кабанчук.


— Раскажыце, калі ласка, пра сваю справу, якая была заведзена па палітычных матывах.

— Супраць мяне ўзбудзілі справу за ўдзел у масавых акцыях, якія адбываліся ўвесну 1997 году. Менавіта тады былі дзьве ці тры такія масавыя акцыі. Паўгады я знаходзіўся ў вышуку. Тады вучыўся яшчэ ў Палітэхнічнай акадэміі і не ведаў пра гэты вышук. Арыштавалі ў кастрычніку 1997 года, ужо пасьля сканчэння Палітэха. Гэта адбылося таксама на адным з масавых мерапрыемстваў — пасьля шэсьця затрымалі ў транспарце.
Мне былы прад’яўленыя два артыкулы: адзін — “масавыя беспарадкі”, другі — “супраціў супрацоўнікам міліцыі”. На той час, у 1997 годзе, падобных спраў было ўзбуджана некалькі. Я ведаю, праходзіў па такой справе Алесь Коваль, яшчэ некалькі чалавек… У асноўным гэта былі людзі, што ўваходзілі ў Беларускі Народны Фронт.
Паўгоду правёў на Валадарцы, да суду. На судзе мне далі тэрмін… здаецца, тры гады з адтэрміноўкай на два… Даўно тое было.

— А што вы можаце сказаць пра ўмовы ўтрымання?

— На той момант гэта была яшчэ тыпова савецкая турма — гэта ж 97-мы год. Зараз ужо значна адрозьніваюцца ўмовы. Можна сказаць, што нават трохі ў лепшы бок — калі разглядаць звычайных сядзельцаў, звычайных зэкаў. Калі ж браць пад увагу такі аспект, што “палітычных” там прэсуюць, каб яны падпісвалі памілаванне — у тыя часы, калі мы сядзелі, такога не было.

— То бок, вас не прасілі падпісаць нейкае прашэнне аб памілаванні?

— Не, абсалютна! Ты проста сядзеў у агульнай масе зэкаў, і ніякіх дадатковых табе не стваралі перашкод.

— І адміністрацыя не рабіла ціск праз нейкія свае структуры, сэксотаў ці іншых зэкаў?

— Ды не. Там ідзе звычайнае ўнутрыкамернае жыццё, у якім хапае сваіх нюансаў. Ну, вядома, оперчастка працуе. У кожнай камеры свае сэксоты. Але гэта звычайная справа. Асабіста да мяне асаблівага стаўлення не было абсалютна. Я сядзеў, як усе астатнія. Як кажа крымінальная братва, “падтрымліваў дзьвіжуху”. (“Падтрымліваць дзьвіжуху” на турэмна-крымінальным слэнгу азначае “забясьпечваць сувязь паміж камерамі” у сьледчым ізалятары альбо “падтрымліваць нелегальную сувязь з воляй” у калёніі — palitviazni.info).

— Вы кажаце, што ўмовы там палепшыліся, але не для палітычных. Вось Аўтуховіч зрабіў сабе ўскрыццё ў знак пратэсту, што яго прэсуюць. Што ён у карцэры знаходзіцца па некалькі дзесяткаў дзён…

— Палепшыліся ўмовы для звычайных зэкаў, я пра гэта кажу. У той час у нас былі малыя передачы: 8 кілаграмаў можна было толькі на месяц. Пад следствам былі забаронены лісты — нельга было іх пісаць у СІЗА увогуле. Зараз ужо гэта дазволена. Трохі пабытовыя ўмовы зьмяніліся ў сьледчых ізалятарах.

— Вы сядзелі ў вялікай камеры?

— У нас было 13 так званых спальных мест, але часам набівалі пад 30 з нечым чалавек. Звычайна было 28, 30… Спалі па чарзе, па трое на адны нары.

— Была гэткая “вахта”, што восем гадзін спаць аднаму, восем другому, ваосем трэцяму?…

— Дзесьці так. Але фактычна там не атрымліваецца восем гадзін на сон.

— Камера была не ў падзямеллі? (Бо я ведаю, што, напрыклад, Шыдлоўскі сядзеў напачатку ў нейкай камеры, дзе была высокая вільготнасьць…)

— Не. Я, здаецца, недзе на чацьвертым паверсе там сядзеў. Ці трэці, ці чацьверты паверх.

— А як кармілі? Ежа была турэмная — ці можна яе было ўжываць?

— Гэта было штосьці такое неверагоднае — тая ежа. Фактычна, што б ты ні зьеў, адразу пачыналася пякотка. Кепскі хлеб, усе гэтыя супы, баланда — гэта наогул, проста адна назва. Безумоўна, там ніякага ні мяса, ні рыбы — нічога не было. Мы проста жылі на чацьвертым паверсе, і гэтыя баландзёры (людзі, якія раздаюць ежу), пакуль даходзілі да нас, усё гэта начынне альбо выграбалі, альбо прадавалі. За цыгарэты прадавалі ўсё. Скажам, рыбны суп — гэта такая нейкая субстанцыя, у якой шалуха ад рыбы магла плаваць. Вось гэта называецца “рыбны суп”.

— Без перадач на гэтай турэмнай ежы было немагчыма неяк захаваць здароўе?

— Фактычна так. Гэтыя перадачкі дзялілі на ўсіх, як толькі маглі. Яны дадуць пярлоўкі, а ты пакрышыш штосьці такое ў яе…

— Гэта было нармальна, калі чалавек дзяліў перадачу на ўсю камеру?

— Звычайна так яно і было. Замкнёная прастора, і ўсе кучкаваліся так званымі “сем’ямі”. Пяць, чатыры, шэсьць, восем чалавек… І ўжо паміж сабой усё дзялілі. Ну, і так пачастункі давалі. Хто як хоча.

— А як было з вентыляцый, са свежым паветрам? Напэўна, усе палілі?

— Так. Там бракуе паветра. Былі такія выпадкі, што, калі ты рэзка падымаўся на ногі, пачынала кружыцца галава. Некаторыя хлопцы гублялі прытомнасьць нават.

— А медычнае абслугоўванне?

— Я дык стараўся не зьвяртацца па яго…

— А тыя, што гублялі прытомнасьць?

— А, такія… То пару раз па шчаках яму ляпалі, і ўсё. Было некалькі разоў і ў мяне, што ўстаеш рэзка — і пачынае вадзіць з боку ў бок…

— Ці была магчымасьць выходзіць на прагулкі?

— Адзін раз на дзень, днём. Я ў гэты час спаў, была якраз мая змена. Калі ты хочаш, выходзіш на прагулку, яна хвілін 40-50 была. У нейкі дворык заводзяць. Ходзіш па коле…

— І ўсю камеру ў гэты дворык, і гэта была адзіная магчымасьць падыхаць паветрам?

— Так. Я чуў, канечне, пра тыя праблемы, якія ствараюцца (ці ствараліся) Аўтуховічу, Саннікаву, Дашкевічу і астатнім хлопцам. Што іх фактычна прыраўнялі да эліты крымінальнага свету. Іх кідаюць у зачыненыя турмы — гэта для асобаў, якія “злосныя парушальнікі рэжыму”. Гэта самыя жорсткія турэмныя ўмовы, якія могуць быць у Беларусі. Узяць хоць бы Васьковіча, які ў магілёўскай турме сядзіць разам са Статкевічам. То ён там фактычна палову тэрміну ў карцэры сядзіць. Мала таго, што ў крытай турме, дык яшчэ і ў карцэры. Відавочна, людзей ламаюць, забіраюць здароўе. Бо гэта ўсё будзе мець наступствы для здароўя чалавека.

— А вы чулі, калі сядзелі ў 90-я, пра “прэс-хаты”, калі зьняволеныя робяць правакацыі па загадзе адміністрацыі?

— Ну, гэта ведаюць там усе, хто сядзіць у турме. Мы пра гэта ведалі, мы ведалі нумары гэтых “хат”. Напэўна, кожны, хто сядзіць, ведае захады, што рабіць, калі ты туды патрапіў. Калі ім трэба нешта выбіць, нейкія паказанні на чалавека, ці неяк пакараць, усё ж вельмі вар’юецца — глядзяць, якім чынам на чалавека націснуць. Для аднаго дастаткова, што яму забароняць перадачу — ён ужо будзе рабіць тое, што ім трэба. Іншаму і гэтая “прэс-хата” — яму ўсё роўна, як Аўтуховічу. Аўтуховіч пайшоў на такі крок, таму што ён хацеў захаваць чалавечую годнасьць. Паводле турэмных няпісаных правілаў, ты, калі пэўны час застаешся ў гэтай “хаце”, так званай “з нізкім сацыяльным статусам”, аўтаматычна можаш такі статус таксама займець. Таму адзінае выйсьце — нанесьці сабе нейкую шкоду, крывату, каб у санчастку забралі. Бо памерці яны табе не дадуць, так звычайна…

— Які ваш погляд зараз: якія захады трэба рабіць грамадскасьці ў Беларусі і міжнароднай супольнасьці, каб палітвязьні як мага хутчэй выйшлі на волю?

— Я вельмі скептычна стаўлюся да супольнасьці еўрапейскай. Мне падаецца, што там ведаюць нашы беларускія праблемы (што сядзіць некалькі чалавек), і гэта на тле падзей у Сірыі, дзе забіваюць дзесяткі тысячаў, неяк іх асабліва не турбуе. Мне падаецца, што тут рэжым будзе кіравацца нейкімі прагматычнымі крокамі, як атрыманне траншу крэдыту і гэтак далей. Тут усё залежыць ад таго, ці будзе гандаль з МВФ ці штосьці такое.
Калі казаць пра грамадзянскую супольнасьць… Мы знаходзімся ў гета зараз. Фактычна мы не суб’ект палітыкі на сённяшні дзень. Ёсць рэжым, ёсьць Расія, ну, можа быць, у нейкай ступені Еўропа ці ЗША. Беларуская апазіцыя альбо грамадзянская супольнасьць — гэта ўжо не суб’ект палітыкі.
Самае эфектыўнае — гэта інфармацыя. Яны (прадстаўнікі рэжыму — palitviazni.info) баяцца, відавочна, калі “адтуль” выцякае інфармацыя. Перадача інфармацыі на волю, пра тое, што там робіцца, што адбываецца. Любое гвалтоўнае дзеянне, любая правакацыя… Трэба хутчэй, пра гэта інфармаваць, перадаваць інфармацыю на волю — ці праз адвакатаў, ці праз іншых зэкаў. Гэта працуе. Гэта стрымлівае іх у такіх дзеяннях.

— Трэба шырокае агалошванне таго, што адбываецца ў вязьніцах?

— Так.

Іншыя палітычныя вязьні

  • Аляксандар Казакоў
  • Зьміцер Дашкевіч
  • Віталь Рымашэўскі
  • Яна Палякова
  • Вадзім Лабковіч