Ірына Халіп: “Юрыдычна мы ўсе палітвязьні, пакуль існуе рэжым”

Чаму рэпрэсіўная машына ў Беларусі настолькі разьвітая? Чаму людзі, якія працуюць ў міліцыі, КДБ, турмах пагаджаюцца выконваць загады, якія часта ідуць не толькі насуперак заканадаўству, але галоўным чынам насуперак сумленьня і чалавечай маралі? Пра гэта  з palitviazni.info разважае Ірына Халіп,  ўласны карэспандэнт расейскай «Новой газеты» па Беларусі, жонка палітыка, кандыдатана прэзыдэнта Андрэя Саньнікава.

 Ірына Халіп: Гэта не нейкая нацыянальная рыса, тут трэба шукаць карані і ў гісторыі, і  ў тым, што гістарычна людзіў нашай краіне жывуць ў страху, прычым ў такім стане яны жывуць пакаленьнямі, а вось ў выніку ў іх адбываецца дэфармацыя сьвядомасьці, дэфармацыя сумленьня. Ім падаецца, што калі яны выконваюць нейкі злачынны загад, то і адказнасьці за гэта ніякай не будзе. Маўляў, ёсьць нейкае досыць вялікае зло, а вось я зусім маленькі чалавек, ў мяне зусім іншае жыцьцё, трэба карміць сямью, неяк жыць, атрымліваць грошы. Дык можа калі я адыйду трошкі ад свайго сумленьня, то нічога не будзе. Адказнасьць нібы на іх думку кладзецца на гэтае зло. Але ж гэта памылка. Яны не разумеюць, што адказваць будуць ўсе. Нездарма ж, ва ўсіх краінах, паводле любога заканадаўства, калі ўчыняецца нейкае замоўленае злачынства, то і той, хто замовіў, і той, хто ўчыніў – абодва ідуць на лаву суду і нясуць адказнасьць.

 – Тым не меньш, на сёньня не выпадае гаварыць, што выпадкі такога замоўленага злачынства адзінкавыя. Наколькі распаўсюджана практыка катаваньняў і перакрочваньня межаў законнасьці і маральнасьці?

 Ірына Халіп: Я думаю, што гэта ўжо сыстэма, але не нейкая колькасьць лакальных выпадкаў. Мы перакрочылі тую крытычную масу, пасьля якой выпадкі перарасьлі ў заканамернасьць і мы павінны сумленна гэта прызнаць. І гэта трагедыя агульнанацыянальная. Калі хтосьці гэтага не разумее – вельмі шкада.

 – А ці ёсьць сьвядомасьць ў грамадства гэтага? Ці бракуе яшчэ нечага ў супольнасьці?

Ірына Халіп: Не стае перадусім разуменьня, што ўсе гэтыя выпрабаваньні могуць  быць з кожным. Разумееце, пакуль ў абсалютнай большасьці незадаволенасьці агульнай сытуацыяй, ўладай, жыцьцём, ўсё ж такі захоўваецца наіўная і нават бязглуздае спадзяваньне, што авось мяне гэта абыйдзе, міне. Са мной гэта аніяк не павінна здарыцца, бо я жыву досыць ціха. І пакуль гэтае меркаваньне захоўваецца, скажам так, будзе досыць цяжка. Але гэтая пазацыя – мая хата з краю – гэта амаральна. Прынамсі мне гэта такім чынам падаецца. Вось нібы тут праходзіць лінія фронту, а тут адсяджуся сабе ціхенька. Ты адседжваесься, а вось твой сусед, сваяк аказаўся ў эпіцэнтры. Калі маўчыш – то тым горш для цябе.

 – А з тымі, хто мае сваё меркаваньне і не жадае маўчаць, ўлады вядуць бязьлітасную вайну? Наколькі складаная сытуацыя, на Вашу думку, з выкананьнем правоў чалавека?

 Ірына Халіп: Менавіта Павал Севярынец вельмі дакладна ахарактарызаваў тое, што адбываецца. Пасьля суду нада мной ў ліпені ён мне патэлефанаваў і сказаў, што віньшуе, маўляў, адной несвабодай стала меней. У тым сэнсе, што зьнятае абмежаваньне на магчымасьць выйсьці вечарам з дома, не адчыняць дзьверы міліцыянтам. Мы надалей застаемся ў несвабоднай краіне. І тыя, хто прайшоў праз турмы, суды, не можа адчуваць сябе свабодным юрыдычна, так бы мовіць. Я не кажу пра ўнутраную свабоду, якую ў нас ніхто адабраць не можа, нават ў судзе, турмах, бо мы маральна, духоўна заставаліся свабоднымі. А таму кажу пра свабоду юрыдычную. Бо пакуль чалавек не рэабілітаваны, ў гэтым сэнсе ён не можа быць свабодным. Таму я супраць гэтай тэрміналогіі “Былы палітвязень”. Цяпер ў кране няма такога азначэньня. Мы ўсе застаемся дзеючымі палітвязьнямі, пакуль існуе гэтая ўлада, якая нас кінула за краты. Тое, што цяпер адбываецца з Яроменкам, Парфянковым – гэта яскрае сьведчаньне. У якасьці прыкладу распавяду гісторыю, якую мне нядаўна агучыў Віталь Рамашэўскі. У яго раёне адбылося нейкае злачынства, і міліцыянты тэлефанавалі палітыку. Бо ў іх аўтаматычна спрацоўвае працэдура – апрацоўка раней асуджаных. А мы ўсе раней асуджаныя. Калі чалавека затрымаюць нават падчас нейкай акцыі – то гэта ўжо рэцыдыў. Напрыклад, той жа Севярынец не лічыўся раней асуджаным, фармальна зь яго была зьнятая судзімасьць. Але ў нашай справе крымінальнай быў далучаны яго мінулы судовы вырак. Маўляў – небясьпечны злачынца і на лаве падсудных ужо не ў першы раз.

 – Кажучы пра ўнутраную свабоду і жаданьне рэжыму задушыць яе, на Вашу думку, як далёка ўлады, кантралёры, сілавікі могуць зайсьці, ў сваіх спробах зьнішчыць гэты ўнутраны стан чалавека? Ці існуе нейкая мяжа?

Ірына Халіп: Мне падаецца, што ўсе магчымыя межы ўжо перакрочаныя. Увогуле ведаеце, гэта пакуль што на нейкім метафізычным ўзроўні, але мяне не пакідае такое вось пачуцьцё, што як быццам бы Лукашэнка прагне ахвяры, крывавае ахвяры. Яму патрэбна нечае жыцьцё. Вось калі Сяргей Каваленка, якога асудзілі за вывешаны сьцяг на новагодняй яліцы ў Віцебску, аб’явіў галадоўку і ўжо знаходзіўся на нейкай нават мяжы жыцьця і сьмерці, і мне падавалася, што калі нешта, не дай Бог, адбудзецца зь ім, то гэта стане сапраўдным шчасьцем для Лукашэнкі. Разумееце, гэта эмацыйнае, метафізычнае пачуцьцё, але мне падаецца, што яно так і ёсьць.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Кастусь Лукашоў
  • Мікіта Сасім
  • Мікола Статкевіч
  • Алесь Круткін
  • Зьміцер Паліенка