Павал Севярынец: Змены ў Беларусі павінны адбыцца неўзабаве

Праз два месяцы закончыцца тэрмін зьняволеньня сустаршыні БХД Паўла Севярынца. Палітык адбывае трохгадовае пакаранне за плошчу ў спецкамендатуры ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну. Павал распавёў palitviazni.info, што падчас знаходжання на хіміі атрымаў больш дзьве тысячы лістоў, нягледзячы на шматлікія абмежаваньні, перадусім праз ліставаньне мае новыя знаёмствы, ўдалося апублікаваць шмат думак ў незалежных СМІ.

– Павал Севярынец: Нягледзячы ні на што, мне падаецца, што гэты час на хіміі я правёў досыць плённа.

– Павал, неўзабаве адбудзецца вызваленьне Зьмітра Дашкевіча. Але нават падчас яшчэ зьняволеньня, над ім ўжо ўстаноўлены прэвентыўны нагляд. Ці будуць ўжытыя нейкія меры абмежаваньня ў дачыненьні да Вас?

– Павал Севярынец: Я чытаў ў Крымінальным кодэксе артыкулы пра прэвентыўны нагляд. І ў законе дакладна прапісана, што такой нормы ў дачыненьні да тых, хто адбыў пакараньне на хімі, не ўжываецца. Гэтае абмежаваньне часта ўжываецца да тых, хто адбыў пазбаўленьне волі ў турме. Але пры нашым рэжыме, па-першае, я не перакананы, што выйду на волю праз гэтыя два месяцы, а па-другое, няма ўпэўненасьці, што нешта не прыдумаюць. У нас закон як дышла, а мы гэта даклдана ведаем. Ну і па-трэцяе, выхад на волю ў нашай рэчаіснасьці – гэта проста выхад ў абмежаваную волю нумар два. Уся краіна жыве ў такіх варунках.

– Неяк раней досыць часта ўжывалася словазлучэньне “былы палітвязень”. Апошнія ж гады сытуацыя досыць моцна зьмянілася і гэтая фармулёўка цяпер неактуальная. Чаму, на Вашу думку, адбыліся такія зьмены ў краіне?

– Павал Севярынец: Сапраўды, гэтыя зьмены перадусім заключаюцца ў тым, што ўлады проста перасталі шукаць нейкія крэатыўныя шляхі, а вось адных і тых жа людзей, якія выклікаюць падазрэньні,  ці раздаражненьні сваёй пазыцыяй, дзейнасьцю, яны іх любым спосабам імкнуцца зламаць, альбо нейтралізаваць. Што мы і бачым на прыкладзе Яроменкі, Парфянкова. І гэта звычайная логіка разьвіцьця дыктатарскага рэжыму. Гэта ж само і ў грэшнай чалавечай прыродзе закладзена: прага да неабмежаванай ўлады. Калі гэтае жаданьне ня стрымліваць сваімі ўласнымі намаганьнямі, альбо з дапамогай грамадства, то атрымаецца такі вось рэзультат: захоп закладнікаў, закручваньне гаек, нагнятаньне страху ў грамадстве.

– Але гэтая логіка разьвіцьця прыводзіць да таго, што дзеяньні самой ўлады ўсё больш і больш страчваюць логіку. Цяжка зразумець затрыманьне ксяндза Уладзіслава Лазар, абвінавачваньне Андрэю Гайдукову.

– Павал Севярынец: Тут я канкрэтызую, што размова ідзе пра логіку разьвіцьця зла. Манія, падазронасьць – абавязковыя прыкметы дыктатуры. Людзі, якія таксама мысьляць такімі ж катэгорыямі, будуць займаць ўсё вышэйшыя пасады, будуць прымаць рашэньні. Але ў рэшце рэшт краіна проста падыйдзе да такога моманту, пры якім ўсе дыктатуры проста ляскаліся. Бо і для людзей, і для Бога існуе мяжа цярпеньня. Кропля, якая перапоўніць чашу, таксама мы пабачым гэта і ў нашай краіне.

– Што ж можа стаць гэтай апошняй кропляй для беларусаў?

– Павал Севярынец: Сапраўды, беларусы церпяць доўга, але калі ўжо дойдзе да краю, то тады трымайся… Мы бачылі гэтыя моманты, калі скончвалася цярпеньне і ў 90-я гады. Былі і ншыя прыклады асабістай мужнасьці, ахвярнасьці. Гэта ўсё сапраўды мела месца. Былі прыклады і выступу беларусаў, перадусім зьвязаныя з экнамічнымі патрабаваньнямі. Магчыма, што беларускі супраціў не зусім такі яркі як ва украінцаў, альбо палякаў. Але гэта будзе па-беларуску і абавязкова будзе. А вось калі гэта адбудзецца, то ўсё залежыць ад нас саміх. Наколькі кожны з нас будзе на сваім месцы рабіць ўсё залежнае ад сябе. І я перакананы, што сытуацыя ў краіне зьменіцца вельмі хутка. Нават за лічаныя месяцы. Час цяпер зусім не той, і на зьмены няма патрэбы траціць дзясяткі гадоў.

– Павал, што да ўмоваў ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня. Паводле той сьціплай інфармацыі з турмаў, ведаем, што на палітычных вязьняў пастаянна аказваецца ціск, катаваньні. Як ставіліся кантралёры да Вас на хіміі?

– Павал Севярынец: На хіміі досыць шмат абмежаваньняў. Перадусім немагчыма свабодна перамяшчацца. Без дазволу начальніка нават нельга ўмоўна кажучы на 50 метраў адыйсьці далей. Істотныя абмежаваньні таксама ў часе. Абаваязкова праца. Прычым працоўны дзень мінімум восем гадзінаў. Калі знаходзішся ў самой камендатуры – то абвязковы прагляд перадач беларускага тэлебачаньня. Досыць шмат паверак. Але гэта не турма. Тут ёсьць мабільная сувязь, не забароненыя сустрэчы з сябрамі, знаёмымі. Таксама і ёсьць вольны час. Тут не параўнаць з ўмовамі, ў якіх апынуліся Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі і іншыя палітычныя вязьні. Што да стаўленьня збоку адміністрацыі, то яно было роўнае. Проста ўсе разумеюуць, што калі будзе адкрыты ціск – то адразу ж інфармацыя пра гэта трапіць ў інтэрнэт, стане вядома пра гэта многім людзям. Безамоўна, што ніхто з міліцэйскіх начальнікаў не жадае стаць асобай, якой не падаюць рукі нават ў іх родным горадзе. Канечне, сытуацыя з турмамі нашмат больш складаная, бо інфармацыя адтуль амаль не паступае. Але і там гэты прынцып сяк-так працуе і гэта моцна стрымлівае карную сістэму краіны.

– А наколькі мерай стрымліваньня можа быць будучая люстрацыя ў краіне? На сёньня, пасьля зьяўленьня вялізанай колькасьці палітычных вязьняў, мы ведаем прозьвішчы вельмі многіх асобаў, якія прымалі ўдзел у катаваньнях вязьняў сумленьня. Які лёс іх чакае?

– Павал Севярынец: Маё стаўленьне, пазыцыя БХД досыць простая: ўсё павінна быць паводле закону. Калі пэўныя людзі парушылі заканадаўства – то яны павінны і адказваць паводле закону, ў тым ліку і міжнародных канвенцыяў. Але ніякай агульнай такой помсты не павінна быць. Няма патрэбы праводзіць масавую люстрацыю асобаў, якія займалі нейкія дзяржаўныя пасады. Бо большасьць чыноўнікаў адказваюць за эканамічныя рашэньні. Але ў рэальнасьці тыя, хто парушаў законы перадусім супраць асобы , супраць грамадства, супраць незалежнасьці адкажуць. Або мусяць ўцякаць і хавацца да канца жыцьця ў нейкіхіншых  краінах. Таму перадусім калі быў парушаны закон – мусіць быць адказнасьць за гэта.

 

Зьвязаныя навіны:

Іншыя палітычныя вязьні

  • Валер Сядоў
  • Алесь Круткін
  • Кацярына Садоўская
  • Андрэй Кім
  • Мікола Маркевіч